Викентия Васильева с Миорами сроднила служба в армии

 Так даўно сустракаю на вуліцах райцэнтра Вікенція Васільева, што склалася трывалае перакананне — ён тутэйшы, беларус. Нават здзівіўся, калі Вікенцій Андрэевіч удакладніў — украінец, родам з Хмяльніцкай вобласці. З нашымі Міёрамі яго парадніла служба ў арміі.

У 1964 годзе Вікенція Васільева прызвалі на тэрміновую ваенную службу, трапіў радавым матросам на запасны аэрадром у Міёрах. Марская форма на лётным полі далёка ад марскога берага выклікала ў яго здзіўленне. Толькі напачатку, да высвятлення той акалічнасці, што аэрадром належаў Балтыйскаму флоту. Апавядае, што адразу ваеннаслужачыя размяшчаліся ў вялікіх палатках. Ніякай інфраструктуры ваеннага гарадка не існавала. Старшына Андрэй Грыбач нават вазіў сваіх матросікаў у гарадскую лазню. Драўляныя зборна-шчытавыя казармы, іншыя часовыя драўляныя ці стацыянарныя збудаванні з больш трывалых матэрыялаў узводзіліся паступова. Але грунтовая ўзлётна-пасадачная паласа, пакрытая металічнымі профілямі, дзейнічала. Садзіліся розныя самалёты, нават стратэгічныя ТУ-16. Перад іх прылётам матросы старанна збіралі на лётным полі самыя маленькія каменьчыкі, каб не трапілі ў рэактыўныя рухавікі — здарыцца аварыя.


Вікенцій Васільеў быў пры-значаны вадзіцелем аднаго з палівазапраўшчыкаў ТЗ-16. Гэта вялізная машына з цыстэрнай, у якую ўмяшчалася 16 тон авіяцыйнай газы. Паліва паступала па чыгунцы, яго перапампоўвалі ў 30 вялізных бочак на станцыі, а потым перавозілі ў ёмістасці паблізу ўзлётнай паласы. Дзесяць было закапана ў зямлі, больш за шэсць дзясяткаў знаходзілася на паверхні. Запомнілася, што калі такія вялікагрузы рухаліся па вуліцах райцэнтра — у вокнах дамоў звінелі шыбы. Значна пазней праклалі паліваправод. Вядома, у абавязкі Вікенція Андрэевіча ўваходзіла запраўляць непасрэдна самалёты.


Ваенная служба маладому хлопцу спадабалася дысцыплінай, парадкам, арганізаванасцю. Да таго ж на пагонах болела "лычак". Як наблізілася заканчэнне трохгадовай тэрміновай службы, прыняў рашэнне застацца на звыштэрміновую. у 1967-м стаў старшыной — начальнікам базы гаруча-змазачных матэрыялаў. У яго падпарадкаванні знаходзіліся тры сяржанты звыштэрміновай службы і больш за дзясятак матросаў. Нагадвае, што ў гэтым падраздзяленні і іншых, якімі давялося камандаваць, налічвалася да 12 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей з Прыбалтыкі, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Але гэта не перашкаджала ім жыць дружна, своечасова і адказна выконваць баявыя задачы.


Ва ўмовах паўночнай Беларусі цяжка было пачынаць службу хлопцам з Грузіі, Арменіі, Таджыкістана і іншых паўднёвых рэспублік. Здаралася, зімой некаторыя атрымлівалі абмаражэнні, замарожвалі тэхніку. Каб папярэдзіць такія выпадкі, расказваў пра небяспеку пераахалоджвання, нагадваў пра неабходнасць зліваць ваду (антыфрызу яшчэ не было) з рухавікоў на ноч, на ўласным прыкладзе дэманстраваў, як лепш і хутчэй разагрэць матор у самы вялікі мароз. Дапамагаў вырашаць бытавыя і асабістыя пытанні падначаленым. Такая ўвага яднала ваеннаслужачых тэрміновай службы, з некаторымі і пасля звальнення перапісваўся гадамі.


У 1979-1980 гадах міёрскі запасны аэрадром рэканструявалі — на лётным полі ўклалі бетонныя пліты на ўзлётна-пасадачныя і рулёжныя дарожкі для самалётаў. Зрабілі капаніры для размяшчэння цэлага авіяцыйнага палка. Цяпер тут садзіліся не толькі АН-12, АН-24, ІЛ-18, МІГ-21, МІГ-24, нават ТУ-22. Клопатаў у запраўшчыкаў хапала.


Пасля таго як не пагадзіўся перайсці на камсамольскую работу, Вікенцію Андрэевічу давялося памяняць профіль дзейнасці — узначаліў электратэхнічную службу. У яе абавязкі ўваходзіла не толькі абслугоўванне і забеспячэнне работы стацыянарных і перасоўных генератараў, але і асвятленне, пражэктарная гаспадарка, нават бяспека палётаў. І зноў удзячны камандзір сваім падначаленым-матросам за старанне і падтрымку. Вялікі аб'ём работы старанна выконвалі прапаршчыкі Тадэвуш Альбінавіч Пухальскі і Міхаіл Васільевіч Лаўрыновіч.


28 гадоў аддаў службе на аэрадроме Вікенцій Андрэевіч Васільеў. З удзячнасцю успамінае старэйшых камандзіраў, найперш начальніка камендатуры Уладзіміра Сяргеевіча Бяспальчанку, які быў выдатным арганізатарам і цудоўным чалавекам. І для самога Міёры сталі другой радзімай, тут прыжыўся, стварыў сям'ю. А служба ў арміі — жыццё, якое успамінае з гордасцю. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.  

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.