Где в Миорах пройти курсы тракториста-машиниста?

 Жыхарам раёна, якія не могуць адшукаць працу па  прафесіі, дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых "Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых" упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прапануе перакваліфікавацца. Спецыяльнасць трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай прафесіі запатрабаваная ў нашай мясцовасці.

Як адзначае дырэктар Цэнтра Генадзь Кандратовіч, вучоба на падрыхтоўчых курсах па асваенні прафесіі кіроўцаў колавых трактараў катэгорыі "А" платная. Між тым, беспрацоўныя могуць асвоіць новую рабочую спецыяльнасць за бюджэтныя сродкі. Неабходна накіраванне ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Міёрскага райвыканкама. Пасля курсаў і паспяховай здачы экзаменаў механізатарам дапамогуць працаўладкавацца ў мясцовых гаспадарках. У мінулым годзе такім чынам сталі спецыялістамі сельгасвытворчасці шэсць чалавек ва ўзросце ад 19 да 48 гадоў.


— Атрымаў пасведчанне на права кіравання колавымі трактарамі з магутнасцю рухавіка да 80 кілават Юрый Клімянкоў з Канахоў. Працуе трактарыстам на льнозаводзе. За бюджэтныя сродкі вучыўся і Ігар Рэдзько з аграгарадка Туркова. Яго накіравалі ва УП "Цітова". Абодва селі за руль "Беларусаў" у пачатку мінулага года. На асваенне новай прафесіі кожнаму з дзяржбюджэту выдаткавалі па 250 рублёў, — тлумачыць Генадзь Яўгенавіч. — Агульная сума платы за навучанне яшчэ чатырох трактарыстаў за бюджэтныя сродкі — Валерыя Абдулаева, Дзмітрыя Васіленкі, Сяргея Мацюка і самага юнага, 19-гадовага Сяргея Пазняка — склала 1200 рублёў. Яны сталі кіроўцамі колавай сельгастэхнікі летась у жніўні, усе працуюць.


Кіраўнік навучальнага Цэнтра спадзяецца, што сёлета беспрацоўныя жыхары раёна таксама скарыстаюцца магчымасцю за бюджэтныя сродкі прайсці курсы трактарыста-машыніста. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (г. Міёры, вул. Камуністычная, д. 8; тэлефон 4 93 62 ці 4 12 75; начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін Ігар Міхайлавіч Швец). Даведкі па атрыманні прафесіі трактарыста-машыніста можна атрымаць і ў дырэктара ДУДАД Генадзя Кандратовіча па тэлефоне 4 93 16.

Фота для ілюстрацыі.

Эліза БЛАЖЭВІЧ. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.