Миорчанин Виктор Гайлевич — ветеран Вооруженных Сил

 Гаспадар вялікага светлага двухпавярховіка па завулку Будаўнічым у райцэнтры з гордасцю тлумачыць: узвёў дом уласнымі рукамі. Фундамент (з улікам таго, што ў зямлі) пад 2,2 метра бетону таўшчынёй 50 сантыметраў, паверх — сілікатныя блокі "бокам", каб менш прамярзалі, потым — драўляны зруб з новай драўніны. Для пад'ёму бярвенняў на вышыню спецыяльна прыстасаваў стралу і лябёдку да ўласнага трактара, купленага ў калгасе "з-пад плоту", а затым адноўленага ўласнымі рукамі…

Усё дакладна і грунтоўна, гэта ў характары Віктара Іванавіча Гайлевіча, ветэрана Узброеных Сіл. Відаць, рыса закладзена бацькамі і вясковым ладам жыцця. Нарадзіўся Віктар 5 кастрычніка 1948 года ў Застарынцах, населеным пункце тады Мальцаўскага сельсавета. Як і ўсе сельскія дзеці, спачатку быў пастушком, потым аратым і касцом, памочнікам у сям'і. Вучыўся ў Чарняўскай пачатковай школе, што размяшчалася ў палавіне прыватнай хаты. Пасля Мальцаўскай васьмігодкі выбіраў спецыяльнасць. Большасць хлопцаў станавілася калгаснымі механізатарамі. Тады праводзілася электрыфікацыя на вёсцы, а Віктара вабіла праца электраманцёра. Паступіў у Полацкае ГПТВ-2. Сцвярджае, што медыцынская камісія была як для адпраўлення ў космас, нават на крэсле круцілі. А як жа, электраманцёр павінен упэўнена адчуваць сябе на вышыні слупа з правадамі!


Вучыўся год, практыку праходзіў у сваім калгасе "Гігант" пад кіраўніцтвам майстра ад СУ-2 Асетніка. Запомнілася, што рабіў праводку на зернетаку. У гэтую арганізацыю і вярнуўся працаваць. Вялі электралініі, рабілі праводку ў дамах, устанаўлівалі электраабсталяванне на прадпрыемствах і ў гаспадарках: гэта быў час, калі на Міёршчыне актыўна ішло жыллёвае і прамысловае будаўніцтва. Праявіў сябе адказным і дасведчаным спецыялістам, таму не прайшло і паўгода, як даверылі пасаду брыгадзіра. Не толькі арганізоўваў працу падначаленых, але і рабіў справаздачы для налічэння заробку.


14 верасня 1967 года прызвалі на службу. Выдатнае здароўе і іншыя дадзеныя, якія ўлічвае ваенкамат, вызначылі род войск. Ён спатрэбіўся флоту, дзе на той час служылі чатыры гады. Бацькі арганізавалі праводзіны, тады Віктар пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай. Перапісваліся, сустракаліся ў час водпускаў. Іра і стала потым жонкай. А тады прызыўніка адправілі ў Севастопаль. У вучэбным атрадзе затрымаўся на паўгода, засвойваў навыкі ваенна-хімічнага разведчыка. Асабліва важным было навучыцца карыстацца шматлікімі складанымі прыборамі.


 Матросам трапіў служыць на вартавы карабель Чарнаморскага флоту на базе ў Поці. І там яго адказнасць, старанне хутка заўважылі. Праз год прызначылі першым памочнікам старшыны, атрымаў званне старшыны другой стацці. Адказваў за тэхнічны стан і парадак на караблі і ў экіпажы. Патрабаванняў статутаў і загадаў камандзіраў прытрымліваўся строга, давераную тэхніку і абсталяванне ведаў цудоўна. Неўзабаве стаў старшыной першай стацці, спецыялістам першага класа, выдатнікам Савецкай Арміі. Усяго сябе аддаваў службе. Выконваў заданні не толькі "на борце", таму двойчы прыязджаў у водпуск, што нячаста здараецца пры тэрміновай службе. Першую пабыўку атрымаў за аднаўленне на балоце знішчанай вялікім штормам электралініі, па якой ішло электразабеспячэнне ваенна-марской базы. Пры звальненні атрымаў Пахвальную грамату, у тэкст якой са здзіўленнем учытаўся не так даўно: "За выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, прыкладную дысцыпліну і бездакорную службу ў радах Савецкай Арміі Саюза ССР Вы занесены ў Кнігу Гонару часці…" Гэта ж як трэба старацца на тэрміновай службе, каб быць у Кнізе Гонару часці і вярнуцца дадому з ленінскім (тады ішоў 1970 год) юбілейным медалём "За воінскую доблесць"!!!


У родныя мясціны трапіў позняй восенню. Лічыў, што да ваеннай службы не вернецца ніколі. Ды сябра-аднавясковец угаварыў уладкавацца на мясцовы аэрадром электрыкам. Па гэтай спецыяльнасці пачынаў, потым засвойваў прафесіі сувязіста і вадзіцеля, нават трактарыста. Быў начальнікам напрамку (камандаваў падраздзяленнем сувязістаў, якое забяспечвала пасадку самалётаў), начальнікам НЗ (недатыкальнага запасу тэхнікі) і старшыной роты, вучыў маладых вадзіцеляў, часта ездзіў у камандзіроўкі, у тым ліку на паўгода на цаліну, на далёкія палігоны, не кажучы пра Беларусь і суседнія рэспублікі. Даслужыўся да звання старшага прапаршчыка, атрымаў Падзяку камандуючага авіяцыяй ВМФ, узнагароджаны поўным камплектам медалёў "За бездакорную службу". Праз 23 гады звольнены ў запас з правам насіць ваенную форму з корцікам. Для ветэрана гэта асаблівая гордасць і гонар!


Якія якасці патрэбны, каб мець такія адзнакі за заслугі?
— Сумленнасць, адказнасць, руплівасць у выкананні абавязкаў. Усе пастаўленыя перада мной задачы выконваў, нікога не падвёў. Заўсёды стараўся і ад падначаленых гэтага патрабаваў. Ад'язджаў дадому толькі тады, калі ўсё зроблена, наведзены парадак.


Між тым, выпрабаванняў хапала. Вось адзін з наглядных прыкладаў. Калі прызначылі начальнікам НЗ (згоды ў ваеннага камандаванне не пыталася — абавязаны, больш некаму!), толькі на запасным аэрадроме ў суседнім раёне за ім былі замацаваны 33 спецмашыны. Віктар Іванавіч належным чынам арганізаваў іх пастаноўку на калодкі, кансервацыю, апламбіраванне, паклапаціўся пра захаванне акумулятараў. Сцвярждае, што веданне тэхнікі ў яго ў крыві! Калі правяраючыя запатрабавалі прадэманстраваць аўтамабілі, усе завялі за паўгадзіны. Па нарматывах на гэта адводзілася удвая больш часу.


Але такая ўніклівасць дорага абыходзілася, рана напаткаў інсульт. Моцны арганізм дапамог яго вытрымаць.
Аказалася, Віктару Іванавічу армейская ці адпавядаючая ёй служба наканавана лёсам. З выхадам у запас яго ўгаварылі перайсці ў ваенізаваную ахову. Падбіраў і вучыў кадры, арганізоўваў іх работу, правяраў выкананне абавязкаў. У чарговай Ганаровай грамаце (іх захавалася 19, а было значна больш) адзначана, што В. І. Гайлевіч "умее граматна кіраваць падначаленымі, унікае ў іх патрэбы". За першае парушэнне нікога не караў: кожны мае права на памылку. Другое аналагічнае — гэта ўжо наўмысна, яно не павінна застацца незаўважаным.
Паралельна ішло асабістае жыццё. Выхаваў і вывучыў сына і дачку. Цяпер у іх уласныя сем'і, радуюць поспехамі ўнучка і ўнук. Пабудаваў дом амаль што на балоце, яно цяпер пад тоўстым слоем урадлівай зямлі. Пасадзіў сад — яблыню, ігрушы, вішні і пладовыя кусты. Уласная сядзіба — гэта пастаянныя клопаты пра пабудовы, зямлю, тэхніку, якая дапамагае ў справах. Мае дрэваапрацоўчыя станкі і любіць на іх працаваць, многае для дома, лазні, гаража зрабіў сам.


З замілаваннем прыгадвае 32 гады сумеснага жыцця са сваёй Ірай. Ужо 14 гадоў, як яе забрала невылечная хвароба, але цвітуць у вазонах калісь пасаджаныя ёй пакаёвыя кветкі… 

Фота аўтара і з сямейнага архіва В. І. Гайлевіча.  

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.