Рыхтуючыся да Новага года, памятайце пра меры пажарнай бяспекі пры ўстаноўцы елкі. Менавіта яна можа стаць крыніцай загарання. Замацуйце дрэва на ўстойлівай падстаўцы. Дываны і дывановыя пакрыцці з-пад яе лепш прыбраць.
Устанаўлівайце елку далей ад ацяпляльных прыбораў, тэлевізара і батарэй. Штучныя лёгка загараюцца, а пры гарэнні выдзяляюць таксічныя рэчывы. Гэта ў большай ступені адносіцца да старых вырабаў. Сучасныя (як правіла, імпартныя і даволі дарагія) вырабляюць з негаручых матэрыялаў і насычаюць спецыяльнымі рэчывамі.
Гірлянды набывайце ў крамах, а не ў гандляроў у пераходах і на рынках. Свечкі павінны быць добра замацаваны на незгаральных падстаўках, размешчаных удалечыні ад навагодняга дрэва, мэблі і штор, а таксама ад месца для танцаў.
Асабліва асцярожна карыстайцеся бенгальскімі агнямі. Калі вы яго запалілі, адыдзіце далей ад елкі, трымайце дубчык за металічную частку. Пасля таго, як агонь згас, апусціце палачку ў ёмістасць з вадой.
Дзмітрый ПЛОТНІКАЎ,
інспектар групы прапаганды
і ўзаемадзеяння з грамадскасцю
Міёрскага райаддзела па
надзвычайных сітуацыях.
Пры падрыхтоўцы да Новага года шырока выкарыстоўваюцца электрафікаваныя ўпрыгожванні, розныя гірлянды. Ля жылля і на вокнах памяшканняў дадаткова ўстанаўліваюць свяцільнікі, "мігалкі". Усё гэта нярэдка падключаецца да электрасеткі напружаннем 220 вольт з дапамогай падаўжальнікаў. Пры тым правілы электрабяспекі патрабуюць:
- Ні ў якім выпадку не выкарыстоўвайце самаробныя электрафікаваныя ўпрыгожванні і падаўжальнікі, толькі завадскія і з сертыфікатамі якасці.
- Перад прымяненнем пераноснай электраправодкі праверце супраціўленне ізаляцыі і наяўнасць адкрытых токавядучых частак. Шнуры і праводку з дрэннай (пашкоджанай) ізаляцыяй, з аголенымі дротам і металічнымі ўчасткамі (дэталямі) пад напругай прымяняць забаронена.
- Для групавых ліній да светлавой рэкламы, падсветкі будынкаў і электраабсталявання, што выкарыстоўваюцца па-за памяшканнямі, абавязкова патрабуецца ўстаноўка ўстройства абароннага адключэння (УЗО).
- У памяшканнях электраўпрыгожванні неабходна размяшчаць не бліжэй за 0,5 метра ад металічных вырабаў і абсталявання, што маюць кантакт з зямлёй.
Паклапаціцеся, каб свята пакінула толькі прыемныя ўспаміны.
В. СЯЛІЦКІ,
інспектар раённай
энергаінспекцыі.
Фота для ілюстрацыі.