Принимать детей и взрослых разными умеют в Миорах

 Увядзіце ў пошукавіку мультфільм "Каструлька Анатоля". Ён доўжыцца некалькі хвілін і прымушае задумацца. Пра тое, як важна прымаць дзяцей і дарослых такімі, якія яны ёсць, быць цярплівымі і міласэрнымі, па магчымасці, дапамагаць. Пра праблемы і падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі гаварылі падчас сустрэчы ў ТЦСАН. Мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў, адбылося 4 снежня ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

 ЗА КРУГЛЫМ СТАЛОМ сабраліся намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Рымша, дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Лысенка, дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Святлана Бакевіч, настаўніца нядзельнай школы прыходу міёрскай праваслаўнай царквы Таццяна Пацеенак, кіраўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб'яднанняў, падапечныя тэрытарыяльнага цэнтра.


 Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Таццяна Шульга пазнаёміла з лічбамі статыстыкі. Па стане на 1 лістапада, у краіне пражывала 562 876 інвалідаў. Большасць з іх маюць другую групу — 265 570. Дзяцей з інваліднасцю — 30 653. Сярод жыхароў Міёрскага раёна, па дадзеных на 1 снежня, 606 — інваліды першай і другой груп, 301 — трэцяй. Маладых інвалідаў — 73, дзяцей да 18 год — 74.


 ШТОГОД абследуюць умовы пражывання інвалідаў І і ІІ груп. 65 чалавек абслугоўваюць сацыяльныя работнікі. Пастаянны догляд за 228 інвалідамі І групы. Аказваецца адрасная дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Працуюць раённыя арганізацыі ГА "Беларускае таварыства інвалідаў", "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку", "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам". Для іх удзельнікаў пакідаюць бясплатныя білеты на канцэрты ў раённым Доме культуры, ладзяць экскурсіі па цікавых мясцінах раёна. Дапамога інвалідам — адзін з напрамкаў дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.


Удзячнасць усім, хто знаходзіцца побач з інвалідамі па доўгу службы і па патрэбе душы выказала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Заўважыла, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі асабліва патрэбны матэрыяльная і маральная падтрымка, пазітыўныя эмоцыі. '


 З ПУНКТУ ГЛЕДЖАННЯ праваслаўнай царквы, хвароба пасылаецца для чагосьці. Гэта знак увагі Бога, і чалавек павінен правільна яго асэнсаваць. Можа быць, немач адолела як пакаранне за грахі ці для таго, каб выхаваць у сабе цярплівасць, правесці пераацэнку каштоўнасцей. Ці нават засцерагчыся ад бяды, у якую трапіў бы, калі б быў здаровы. Трэба глыбей разумець сэнс хваробы, годна прымаць пасланыя іспыты, гаварыла настаўніца нядзельнай школы Таццяна Пацеенак.


Для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі важна прыняць сябе такім, які ёсць. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць адносіны да інвалідаў у грамадстве. Па меркаванні дырэктара карэкцыйнага цэнтра Святланы Бакевіч, патрэбна шырока расказваць пра людзей з інваліднасцю і фарміраваць талерантнасць у соцыуме. Маюцца на ўвазе не толькі сродкі масавай інфармацыі. Не кожны чытае газеты і глядзіць тэлевізар, а сацыяльная рэклама на білбордах ва ўсіх на віду.


 ПАКУЛЬ госці вялі дыялог, падапечныя ТЦСАН Юрый Савуць і Сафія Гуз займаліся творчай справай. Юрый наносіў абрысы касцёла на гліняную дошчачку. Сафія пляла з газетных трубачак вазу. Напрыканцы мерапрыемства вырабы заставалася толькі пафарбаваць.
Трэба ўмець цаніць тое, што ў нас ёсць, не кідацца ў паніку і не падаць духам. Такім правілам кіруецца інвалід па зроку Сафія Гуз. Яна не бачыць чатырнаццаць год. Піша вершы, займаецца рукадзеллем, пасадзіла сад, вырошчвае кветкі, катаецца на веласіпе-дзе па сваім двары, выхоўвае двух сыноў.


БЫЦЬ не такім, як усе — не значыць жыць асобна ад іншых, зачыніўшыся на сем замкоў. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі не па-вінна быць граніц у зносінах, у захапленнях, у самавыяўленні. 

ДАРЭЧЫ. У раёне правялі шэраг мерапрыемстваў да Дня інвалідаў. Маладыя інваліды з Міёр удзельнічалі ў міжрэгіянальным фестывалі творчасці "Зорка надзеі" ў Лепелі. На дзень адчыненых дзвярэй запрасіў Цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Падчас акцыі "Дабро на парозе" з падарункамі наведалі інвалідаў на даму. Па традыцыі, адслужылі малебен у міёрскім праваслаўным храме. Да 17 снежня прадоўжыцца конкурс творчых работ сярод інвалідаў.

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.