"Диалог поколений" встретился на Миорщине

  Жывых сведкаў далёкіх рэвалюцыйных падзей непасрэдна на Міёршчыне даўно няма ў жывых. Запрасілі тых, хто з імі сустракаўся і памятае іх успаміны. Ганаровымі гасцямі сталі ветэраны, якія мелі адносіны да стварэння, падпісання і закладкі Завяшчання нашчадкам — нашым сучаснікам, якое было змешчана ў Кургане Вечнай славы амаль паўстагоддзя таму. У своеасаблівым дыялогу пакаленняў удзельнічалі і цяперашнія маладзёжныя актывісты, прадстаўнікі БРСМ.

Напярэдадні святкавання юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі, трэцяга лістапада, у раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства "Погляд праз стагоддзе". Супрацоўнікі падрыхтавалі адпаведныя выставы кніг, дакументаў, здымкаў і атрыбутыкі савецкага перыяду нашай гісторыі. 

Удзельнікам урачыстасці ўручылі імянныя паштоўкі-віншаванні ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігара Кузняцова. Бібліятэчныя работніцы прышпілілі ім чырвоныя "рэвалюцыйныя" банты. Удзельнікаў сустрэчы крыху пазней віталі юныя піянеры. Вядучая Вольга Федуковіч нагадала словы вядомага гісторыка: той, хто не памятае мінулага, не мае будучыні.


Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак назвала Кастрычніцкую рэвалюцыю адным з ключавых момантаў мінулага стагоддзя. Стваралі гісторыю людзі розных пакаленняў. Іх заслуга, што захаваны лепшыя традыцыі мінулага. Пэўны ўклад у гэта ўнесла хаця невялікая, але баявая раённая арганізацыя кампартыі. Яе кіраўніку Аксане Падзява Таццяна Алегаўна ўручыла грамату абкама КПБ.
Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур нагадаў пра сустрэчы з Іванам Давыдавічам Лясовічам. Гэта ўдзельнік рэвалюцыйных падзей у Петраградзе і адзін з арганізатараў Савецкай улады ў нашых мясцінах. Сам Часлаў Станіслававіч з пасляваеннага пакалення камсамольскіх актывістаў. Лічыць, што дзякуючы савецкай уладзе ён, сын калгасніка, атрымаў адукацыю, прэстыжную працу і бясплатнае жыллё. У свой час з асаблівым уздымам святкаваў Дзень працы 1 мая і гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нагадаў і пра цяперашніх ветэранаў — былых франтавікоў і партызан, актывістаў і працаўнікоў народнай гаспадаркі пасляваеннага перыяду.


Адзін з іх — Уладзімір Лапкоўскі, падзяліўся ўспамінамі. У 90 гадоў ён працягвае кіраваць ветэранскай арганізацыяй будаўнікоў ПМК-55. Яшчэ ў арміі ўступіў у камсамол, пазней стаў членам партыі. За важкі працоўны ўдзел у развіццi будаўнічай галіны на Міёршчыне адзначаны юбілейным ленінскім медалём.


Удзельнікі сустрэчы ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны, усклалі кветкі да помніка воінам і партызанам на Плошчы памяці загінуўшых барацьбітоў.


 Заклікаў удзельнікаў сустрэчы збіраць і захоўваць дакументальныя звесткі пра мінулае карэспандэнт раённай газеты і адзін са стваральнікаў кнігі "Памяць" Леанід Матэленак. Дарэчы, менавіта такім дакументам стала Завяшчанне нашчадкам, у 1969 годзе разам з іншымі матэрыяламі, што характарызавалі эпоху будаўніцтва развітога сацыялізму, і зямлёй з воінскіх пахаванняў на Міёршчыне, закладзенае ў Курган Вечнай славы. Пра падзеі, звязаныя са стварэннем гэтага помніка, гаварыў тагачасны старшыня гарадскога Савета Міхаіл Карніцкі. Пра сам дакумент, выдадзены ў раённай друкарні, нагадала былая старшая наборшчыца Ядвіга Ляўчонак. Хто і як яго падпісваў, засведчыў непасрэдны ўдзельнік па-дзей, тады старшыня калгаса імя Гастэлы Васіль Верын. Тэкст Завяшчання зачытала музейны работнік Вольга Пупіна. Сваім бачаннем тагачасных станоўчых і адмоўных момантаў падзялілася Алена Кавалёнак…


Сустрэча працягвалася доўга, выказаліся многія ўдзельнікі мерапрыемства. Галоўны вывад: нельга ацэньваць вялікія падзеі аднабакова. Яны з цяжкасцю, але рухаюць гісторыю наперад, ствараюць дадатковыя ўмовы для развіцця краін і народаў. Нашчадкам трэба рэальна ацэньваць былое і захоўваць лепшыя традыцыі продкаў, папярэднікаў. Што мінулае жыве ў кожным з нас, сведчыць гатоўнасць абараняць Айчыну, паважаць шчырых працаўнікоў і працу, адзначаць знакавыя для краіны падзеі, спяваць песні, што калісь натхнялі дзядоў і бацькоў. Мы іх не забылі. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.