Авторизация
 

Зоя ТАМАШЭВІЧ з Узмён — былы паштавік

 Дваццаць год аддала паштовай сувязі Зоя Сяргееўна ТАМАШЭВІЧ з Узмён. Былы паштавік з цеплынёй успамінае калег і раённае кіраўніцтва. Расказвае, як разносіла газеты па цёмных вясковых вуліцах. І заўважае, што ёй пашанцавала на добразычлівых сяльчан.

Зоя Тамашэвіч абслугоўвала вёскі Узмёны, Труды і Палшчызна. У 90-я гады там было за трыста жыхароў. Паштальёнская ноша важыла нашмат больш, чым цяпер.


—Часам прыходзіла восемдзесят заказных пісем у розныя арганізацыі. Адразу ўсю пошту забраць не магла. Частку разнясу, за другой у аддзяленне вяртаюся,—успамінае Зоя Сяргееўна.—Ва Узмёны паштовая машына прыходзіла ў апошнюю чаргу. Зімой, пакуль рассартыруеш газеты і пісьмы, на дварэ сцямнее. Пасля графік змя-ніўся, стала раней спраўляцца.


Ва ўзмёнскае аддзяленне сувязі Зоя Тамашэвіч уладкавалася ў 1992 годзе. Па спецыяльнасці бухгалтар. У мясцовай гаспадарцы была дыспетчарам, працавала ў бухгалтэрыі. Прапанову пайсці ў паштальёны прыняла адразу. Лічыць умее, сяльчан ведае, любіць зносіны з людзьмі. Чаму б не паспрабаваць?


—З вяскоўцамі пашанцавала. За дваццаць год не было ні скарг, ні заўваг. Я чалавек кантактны, лёгка з людзьмі агульную мову знаходзіла,—гаворыць былы паштавік.—Шмат успамінаў засталося. Цяпер усё з усмешкай прыгадваецца. А калі познім вечарам 31 снежня разносіла пошту і паслізнулася на горцы, горкімі слязамі плакала.


Два дзясяткі паштовых год для Зоі Сяргееўны праляцелі неўпрыкмет. Па лёдзе слізгалася, праз снежныя гурбы прабіралася, пад дажджом мокла. Так сказаць, асаблівасці прафесіі. Падтрымлівалі і дапамагалі муж і дзеці. З удзячнасцю ўспамінае былых начальніка вузла сувязі Лідзію Міхайлаўну Пальчэх, інспектара па кадрах Людмілу Уладзіміраўну Варанцову, галоўнага бухгалтара Станіславу Іванаўну Якубоўскую. Сама ходзіць на пошту за пенсіяй. Гэта чарговая нагода пабачыцца з калегамі. Як і раней, разам адзначаюць дні нараджэння, віншуюць адзін аднаго са святамі.


На заслужаным адпачынку Зоя Сяргееўна чатыры гады. Засталася дома, калі не стала мужа. Гадуе жывёлу, садзіць агарод. На паўстаўкі ўладкавалася сацыяльным работнікам, даглядае сталую аднасяльчанку. Спраўляцца па гаспадарцы дапамагае сын Сяргей. Са сваёй сям'ёй прыязджае з Полацка на выхадныя. Праводзіць канікулы ў бабулі адзінаццацігадовы ўнук Мікіта. Дачка Дзіна жыве разам з маці. Выкладае гісторыю ў школе ў Верхнядзвінску, спявае ў гарадскім ансамблі "Ярыца", выступае за Узмёнскі СДК на раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці.


Дні ў Зоі Сяргееўны па-ранейшаму праходзяць хутка. З ранку да вечара занятая справамі. Гаворыць, што за дзень па доме і ў двары праходзіць кіламетраў дзесяць. Для былога паштальёна адлегласць невялікая. У вольны час гартае старонкі "Камсамольскай праўды", "Міёрскіх навін" і часопіса "Сваты". На рабоце чытаць перыёдыку часу не хапала, цяпер можа сабе дазволіць. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 274
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 68 204
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 34 495
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 33 240
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 267
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 30 323
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 284
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 ноября 2018
Александр, Богдан, Василий, Викентий, Владимир, Иван, Илья, Иосиф, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Сергей, Федор, Федот, Анна, Евдокия, Семен

Именины 15 ноября 2018
Константин

Госці краін
free counters
Партнеры сайта