Авторизация
 

У Дзісне гасцявалі грамадзяне Ізраіля

 У жыхара Іерусаліма Льва Хідэкеля (у прозвішчы націск на першым складзе) вялікая сям'я, усе любяць падарожнічаць па свеце. Калі дзеці прапаноўвалі Льву Яфімавічу прыняць удзел у чарговай паездцы, ён адмаўляўся са словамі — паеду толькі ў Дзісну. І старэйшая дачка прыпаднесла яму сюрпрыз — дзень нараджэння ў бацькоўскай хаце.  Два дні, 14 і 15 верасня, у Дзісне гасцявалі грамадзяне Ізраіля. Там і  сустрэўся з імі наш карэспандэнт.

Леў Хідэкель — невысокі, з пасярэбранай галавой, рухавы чалавек, якому да твару яго ўзрост. Добра размаўляе на рускай мове.
— У Дзісне адчуваю сябе маладым, — з энтузіязмам адзначае ён. — Тут паветра халаднаватае, свежае, дыхаецца лёгка. Куды ні гляну, набягаюць успаміны. Нагадваю, як у парку калісь танцавалі, на востраве палілі вогнішча. На жаль, з аднакласнікаў нікога не сустрэў, хто выехаў адсюль, а каго ўжо і няма… Цяпер бы кожнага абняў.


Дзісна прыемна ўразіла госця, бо пашырылася, з'явілася шмат будынкаў. Прайшоў па добра знаёмых вуліцах, наведаў музей, парк…
Напаткаў Льва Хідэкеля і яго дачку Эдну, якая і ў шлюбе захавала бацькава прозвішча, у кафе "Дзвіна" за кубачкам кавы, гутарым. Як было не спытаць, дзе ж у горадзе той бацькоўскі дом, які як магнітам прыцягваў да сябе з далёкай краіны, ці захаваўся праз столькі гадоў?
— Захаваўся, — сцвяржае госць, — ён вось на гэтай вуліцы Доўгай, — і паказвае за акно.
Удакладняю, што цяпер гэта вуліца Юбілейная, цэнтральная ў горадзе.


Нарадзіўся Леў Яфімавіч 15 верасня 1936 года апошнім, пятым дзіцём у сям'і маляра і бляхара. Апекавалі яго тры старэйшыя сястры, брат памёр малалетнім. Бурнае на гістарычныя падзеі дзяцінства памятае толькі па расказах родных. Апавядае, што яўрэі Дзісны, а гэта пераважна дробныя рамеснікі і гандляры, прыход Савецкай Арміі восенню 1939-га сустрэлі радасна, бо спадзяваліся на вялікія перамены. Найперш разлічвалі на роўнасць з іншым мясцовым насельніцтвам. Так, усе абмежаванні, звязаныя з нацыянальнай прыналежнасцю, зняліся. Аднак карыстацца новымі ўмовамі давялося нядоўга, грымнула вайна. Яна нічога добрага яўрэям не абяцала, калі меркаваць па падзеях, якія адбываліся ў Германіі і ва ўсёй акупіраванай фашыстамі Еўропе. Аднак эвакуіравацца ў далёкі тыл мелі магчымасць і змаглі далёка не ўсе. Бацька Яфім Хідэкель належыў прызыву ў армію (ён 1897 года нараджэння), таму паімкнуўся вывезці сям'ю далей ад месц магчымай акупацыі. Куды, Леў Яфі-мавіч дакладна назваць не можа. У памяці засталася назва горада Пугачоў.


Бацька ўсю вайну прайшоў франтавымі дарогамі, як яна закончылася, вярнуўся да сям'і. Тады рушылі назад, у родныя мясціны. Дзісна сустрэла бежанцаў вялікімі разбурэннямі, мост разбіты, навокал пагарэлыя танкі. Бацькоўская хата захавалася, але ў ёй жылі чужыя людзі. Пачынаць уладкоўвацца было цяжка. Палягчэла, як на наступны год пасадзілі агарод і бульбу, завялі карову, свіней і гусей.
Леў закончыў сямігадовую школу, потым—сярэднюю, яны тады размяшчаліся ў Дзісне ў розных будынках. Атрымаў звычайную савецкую адукацыю і сталінскае патрыятычнае выхаванне. Служыў у Савецкай Арміі старшым сяржантам пасля школы малодшых армейскіх спецыялістаў у радыёлакацыйным падраздзяленні, якое вяло назіранне за самалётамі. Служба складвалася добра, была магчымасць застацца на звыштэрміноўку старшыной з нядрэнным заробкам. Камандзіры настойліва прапаноўвалі. Толькі сям'я прыняла іншае рашэнне. У гэты час адбывалася рэпатрыяцыя, была магчымасць выехаць у Польшчу ўсім, хто па дакументах вызначаў сябе палякам ці яўрэем. Такой магчымасцю скарысталася старэйшая сястра, якая з сям'ёй жыла ў Рызе. Бацька пісаў з Дзісны, што чакае сына з арміі, каб таксама паехаць праз Польшчу ў Ізраіль.


Льву давялося крыху пераслужыць вызначаныя абавязковыя тры гады. А калі вярнуўся, сям'я занялася афармленнем дакументаў для рэпатрыяцыі, з гэтай мэтай нанялі адваката. На месцы адгаворвалі, нават называлі здраднікамі. Але, нарэшце, прадалі жыллё і маёмасць, выправіліся ў невядомую дарогу. Польшча прыняла гасцінна, прапанавала месца жыхарства на выбар. Трапілі ў Лігніцу, атрымалі вялікую кватэру. Маглі затрымацца, хаця абмежаванняў на выезд таксама не было. Таму рушылі далей. Чэхаславакію, Аўстрыю,Венгрыю, Італію адолелі поездам, з Неапаля ў Рым да самалёта даехалі аўтобусам.
Ізраіль у жніўні сустрэў непрывычнай спёкай. Сям'і ля Іерусаліма спачатку выдзелілі часовае жыллё пад шыферным дахам—црыў, так мне пачулася назва будынка.


—Нешта накшталт савецкага барака?—пытаюся.
—Не, крыху лепшае, больш зручнасцей (хаця вада з-пад крана заўсёды цёплая), аднак усё ж часовае. Першыя перасяленцы наогул у палатках жылі.


І тут пачынаць было не лёгка. Прыезджыя з Дзісны ведалі рускую мову, польскую, нядрэнна і ідзіш, а тут размаўлялі на іўрыце, усім, нават жанчынам да замужжа, патрабавалася адслужыць у арміі, Льву як сталаму вайскоўцу—35-40 дзён за год, чакаць пастаянную кватэру, шукаць работу, ладзіць адносіны з мясцовымі арабамі… Давялося ўсё пераадолець, шмат вучыліся. Леў трапіў працаваць у бальніцу, дзе спачатку вучыўся паўтара года, потым яшчэ паўгода і дадаткова два гады. Стаў галоўным па палаце, у якой чатыры дзясяткі хворых. Адпаведнай гэтай пасадзе ў нашай сферы аховы здароўя я не знайшоў, гэта медспецыяліст, які арганізуе работу медыцынскіх сясцёр пры выкананні працэдур і размеркаванні лекаў па ўказанні ўрача.


Жыццё брала сваё. Праз тры месяцы пасля прыезду ў Ізраіль Леў Яфімавіч ажаніўся. Яго абранніцай стала ўраджэнка Вілейкі, з якой пазнаёміўся ў цэнтры для рэпатрыянтаў у Польшчы, дзе збіралася і бавіла час прыезджая з Беларусі моладзь. Вяселле было ў Іерусаліме. Потым пайшлі дзеці, дзве дачкі і сын, якія потым уладкаваліся ў вялікіх гарадах. Леў мае дзевяць унукаў.


Бацьку ў Дзісне суправаджала старэйшая дачка Эдна. Яна адслужыла ў арміі і з'яўляецца афіцэрам-танкістам, вучылася ў Іерусаліме, затым у ЗША, там жа працавала. Замужам, мае дачку і сына. Доктар навук, магістр па двух напрамках—міжнародных адносінах і вядзенні бізнесу. З'яўляецца кансультантам мэра горада Хадэра па адукацыі. Наколькі зразумеў, пасада—адпаведная нашаму начальніку аддзела адукацыі.
Пацікавіўся, чаму вярнулася ў Ізраіль з ЗША, дзе, па яе словах, карысталася павагай і аўтарытэтам, мела добры заробак. У адказ пачуў: "Тут мой дом!" Хаця пацвердзіла, што вяртаюцца не ўсе. Зразумела, што для жыцця ў Амерыцы патрабавалася веданне англійскай мовы. Адкуль ведае рускую, калі ў сям'і размаўлялі на іўрыце?


—Вывучыла самастойна, недзе знайшла рускі буквар і адолела мову. Цяпер нават лекцыі на ёй чытаю.
Наша тэлебачанне і друк не мінаюць навін з Ізраіля. Нядаўна паведамлялі пра нападзенні арабаў з нажамі на ізраільцян.
—У нас спакойнае жыццё,—не пагадзіліся мае субяседнікі. —Вядома, усялякае можа здарацца, аднак міжэтнічныя ўзрушэнні з арабамі нас не закранулі. Мы розныя адгалінаванні аднаго народа. Нават ноччу хаджу па Іерусаліме адна,—сцвярджала Эдна.—Хаця бацька для ўпэўненасці носіць з сабой пісталет. Тэрарысты могуць з'явіцца паўсюль, і размовы з імі весці дарэмна.


—Ізраіль—маленькая дэмакратычная краіна, у нас усё адкрыта, пра ўсё паведамляюць СМІ. Парушальнікаў і злачынцаў непазбежна чакае турма, просты чалавек гэта ці вышэйшага рангу,—на гэтым і закончылася наша гутарка. Мае субяседнікі з нумарам нашай раённай газеты ў руках спешна рушылі па калісь Доўгай, а цяпер Юбілейнай вуліцы ў бок парку на ўзбярэжжы Дзвіны. Відаць, Леў Яфімавіч хацеў развітацца з памяццю пра юнацтва. Яго і дачку чакала дарога дадому, у Ізраіль, краіну, якой ганарацца. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 725
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 35 103
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 627
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 11 807
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 11 019
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 10 746
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 902
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 октября 2017
Андрей, Василий, Иннокентий

Именины 22 октября 2017
Авраам, Ефим, Константин, Максим, Петр, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта