У Зои Морозовой из Волковщины
gazeta 19-09-2017, 10:23 1 130 Грамадства
У Зоі Пятроўны Марозавай з Волкаўшчыны стымул да добраўпарадкавання такі: "'Хочацца, каб было прыгожа". Любімчыкі гаспадыні — ружы. Дванаццаць кустоў цвітуць рознымі колерамі. Яшчэ ў кветкавай палітры лілеі, петуніі, цыніі, вяргіні, хрызантэмы, аксаміткі. З адных квецень асыпаецца, другія раскрываюць бутоны. І так штолета на працягу многіх год.
Мікалай Фёдаравіч і Зоя Пятроўна Марозавы атрымалі дом у 1990 годзе ад калгаса як службовае жыллё. Маладыя заатэхнік і аграном прыехалі ў гаспадарку пасля вучобы ў Лужаснянскім вучылішчы.
— Там пазнаёміліся. Муж з Магілёва родам, я ў вёсцы Сабалеўшчына, што недалёка ад Волкаўшчыны, вырасла, — гаворыць гаспадыня. — Дом пасля прыватызавалі. Калі працавала ў калгасе, менш часу на кветкі заставалася, але вырошчвала.
Апошняе месца працы Зоі Пятроўны — бухгалтэрыя ААТ "Любінова". Затым даглядала сваю маці. Гэта ад яе перадаліся працавітасць і любоў да кветак.
— Мае бацькі шмат працавалі. Выгадавалі адзінаццаць дзяцей, на жаль, чацвярых ужо няма — расказвае субяседніца. — Жылі дружна, змалку дапамагалі па гаспадарцы.
Размаўляем на абкошаным падворку з кветкамі. Яны растуць на клумбах, у вазонах, кошычках і кацялках. Зоя Пятроўна шкадуе, што я не пабачыла ружовую квецень. Многія вяскоўцы любаваліся кустом ля сцяны дома, які цягнецца ўсё вышэй. Шэсць год прыгажуня-ружа плаціць пышным красаваннем за догляд і паколатыя рукі. На зіму гаспадыня кладзе галіны на зямлю, звязвае іх, накрывае старой коўдрай, зверху плёнкай. І халады расліне не страшныя.
Саджанцы руж купляе на рынку. Адтуль насенне іншых кветак. Астры і аксаміткі з уласных запасаў. Хоча пасадзіць жывую агароджу з туй. Марыць пра альтанку ў двары і збірае пластыкавыя бутэлькі для будучай пальмы.
— Люблю, калі на падворку парадак і прыгожа, — кажа гаспадыня. — Пахаджу па кветніку — і на сэрцы лёгка. Раніцай прагуляюся, увечары пацешуся. На наступны год яшчэ больш пасаджу.
Старанні гаспадароў заўважылі ў раёне. У мінулым годзе на экалагічным свяце "Жураўлі і журавіны" ўручылі ўзнагароду за добраўпарадкаванне.
Кветнік — толькі частка клопатаў. У Марозавых дзве каровы, свінні і птушка, сад і агарод. Зоя Пятроўна першы год на пенсіі, большасць спраў за ёй. Штодня ўстае ў 4.30 і пачынаецца: падаіць і выгнаць у поле кароў, паліць кветкі, калі гэтага не зрабіў дождж, прапалоць градкі, набраць бацвіння, сабраць ягады, закатаць кампоты… Мікалай Фёдаравіч у пяць раніцы едзе на працу. Ён вадзіцель на хлебазаводзе. На сваім падворку працуе па вечарах і ў выхадныя.
Дапамагаюць дзеці Наталля і Васіль. Абодва ў Міёрах, разам з сем'ямі часта прыязджаюць да бацькоў. Нарыхтоўваюць сена, капаюць бульбу, абменьваюцца са-джанцамі кветак. У іх таксама клумбы. Даспадобы на сельскім прыволлі чацвярым унукам. Са смакам п'юць свежае малако з бабулінай выпечкай, гуляюць у пяску і просяцца дапамагчы ў кветніку.
— Дзеці ў нас добрыя, працавітыя, не сорамна за іх. І ўнукі цудоўныя. Адзін з маіх братоў у Волкаўшчыне жыве, штодня бачымся. Пляменнік дапамагае, — радуецца Зоя Пятроўна. — Работы шмат. Бывае, за дзень адпачыць не прысядзеш. Але як жыць у вёсцы, калі не трымаць жывёлу, не садзіць агарод. Уласная гаспадарка — гэта натуральныя прадукты і дадатковы даход. Ды і чым займацца, калі гэтага няма.
На клумбах бліжэй да дарогі распусціліся астры. На адной — фіялетавыя, на другой — ружовыя. Побач з імі да самых маразоў будуць чырванець сальвіі. У мінулым годзе гаспадар раіў пасадзіць тут клубніцы. Зоя Пятроўна не згадзілася. Гэта тэрыторыя — для кветак. Яны цешаць, супакойваюць, надаюць сіл на новы, поўны клопатаў дзень.
Фотаматэрыял аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.