Прошло 82 года со Дня рождения Героя-земляка

 Алена БАСІКІРСКАЯ.

Фота аўтара.

3 жніўня споўнілася 82 гады з Дня нараджэння Героя Савецкага Саюза віцэ-адмірала Ягора Томкі, які пад ільдамі Паўночнай Арктыкі ратаваў экіпаж і падводную лодку. У раённай бібліятэцы сабралася моладзь раёна, прадстаўнікі ўлады, ваенны камісар, сястра нашага земляка, каб ушанаваць памяць і прыгадаць слаўны подзвіг Ягора Андрэевіча. Сустрэчу арганізавала і правяла першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Пяткевіч.

Галоўны захавальнік фондаў раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Таццяна Барысава расказала пра маленства і сталенне Героя. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лявонаўцы, перажыў нямецкую акупацыю. З мамай туліўся ў лясной зямлянцы ў атрадзе, дзе ваяваў бацька. Затым працаваў піянерважатым і сакратаром камсамольскай арганізацыі ў сярэдняй школе, з адзнакай скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча і выбраў службу на Паўночным флоце. Раённы музей арганізаваў выставу ўзнагарод Ягора Андрэевіча, якія для нас — сапраўдная рэліквія.


 Праз відэазапіс падзяліўся ўспамінамі пра земляка яго калега Анатоль Кавалёў. Ён тры гады служыў у падначаленні Ягора Томкі на Паўночным флоце на падводнай лодцы К-27. 19 мая 1968 года субмарына выйшла на выпрабаванні ядзернай энергетычнай устаноўкі пасля мадэрнізацыі. Праграма іспытаў разлічвалася на пяць дзён. На апошнім этапе, калі падводная лодка давала самы поўны ход пад вадой, на борце прагучаў злосны сігнал радыяцыйнай небяспекі. Ягор Андрэевіч праявіў спакой, веды і ўменні ў ліквідацыі аварыі, за гэта ўзнагароджаны ордэнам Мужнасці. Судна вярнулася на базу. Затым крэйсер даставіў пацярпелых у Ленінградскі ваенна-марскі шпіталь.


Сястра Героя Нона Саркісян успомніла, як разам пасвілі кароў, гадавалі свіней, а потым Ягор паехаў вучыцца ў Ленінград. Фінансава няпроста выправіць студэнта ў далёкую дарогу. Па гэтай жа прычыне мала хлопцаў паступае на падводнікаў і цяпер. У Ягора Андрэевіча ёсць дачка, дзве ўнучкі. Разам з іншымі адміраламі ў цэнтры Ленінграда ён пабудаваў царкву для адпявання маракоў.
Ваенкам раёна Сяргей Жабёнак адзначыў, што зямляк на вучобу ў ваенна-марское вучылішча накіраваны праз мясцовы камісарыят.

У архівах захаваліся адпаведныя дакументы. Тады ў ваенныя ўстановы паступалі многія мясцовыя хлопцы, але падобны гераізм праявіў толькі Ягор Томка.


 Дырэктар СШ №3 імя Ягора Томкі Валянціна Атрошка назвала земляка героем-сучаснікам. Яго імя носіць самая вялікая школа нашага райцэнтра. Стала традыцыяй, што ў дзень выпускнога балю вучні ідуць з кветкамі да мемарыяльнага знака падводніку. Наведваюць памятнае месца акцябраты, піянеры.


Сястра Героя ўдзячна дырэктару СШ №3, вучням і ўсяму калектыву школы, раённай уладзе, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і асабіста начальніку ўчастка Святлане Баравік, што даглядаюць тэрыторыю вакол знака, шануюць памяць брата.


Затым удзельнікі сустрэчы накіраваліся на вуліцу, названую ў гонар земляка, усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі. Ганарымся сваім Героем і пастараемся яму адпавядаць! 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.