Из Верхнедвинска миорчане вернулись с кубком

 У Верхнядзвінску адбылася міжраённая спартакіяда паміж ветэранскімі арганізацыямі суседніх раёнаў — Верхнядзвінскага, Міёрскага і Расонскага.

Прапаноўвалася кожнаму выставіць дружыну з сямі-васьмі аматараў спорту, якім больш за 55 гадоў для жанчын і каму за 60 — для мужчын. Аднак памерацца сіламі не толькі па шашках і шахматах, а яшчэ ў мнагабор'і "Здароўе", на веласіпеднай дарожцы, за тэнісным сталом, у ціры, у дартсе аказалася так шмат, што Верхнядзвінск выставіў замест адной аж чатыры каманды. Тым больш прыемна, што ў такім натоўпе міярчане не згубіліся і не разгубіліся. Саступілі толькі Расонам, занялі агульнае другое месца і прывезлі Грамату і кубак ад арганізатараў.
Найперш трэба адзначыць спартсменаў, якія "выкавалі" дасягненне. Залатым медалём за першае месца ў мнагабор'і "Здароўе" ўзнагароджаны Анатоль Шкетаў. Яму давялося скакаць з месца ў даўжыню, бегчы на 30 метраў, адціскацца ад лаўкі.


У настольным тэнісе другое месца забяспечыў сабе Тадэвуш Пухальскі. У яго па гэтым відзе праграмы таксама медаль — серабро.
Трэцімі сталі па фігурным ваджэнні веласіпеда Зоя Родзіна, па шахматах — Міхаіл Лонскі. Дарэчы, Міхаілу Міхайлавічу шанцавання хапіла, каб заняць другое месца, першае — у прадстаўніка Расон.


Свае ачкі ў агульны залік дадалі шашыст Пётр Хілько, стралок з пнеўматычнай вінтоўкі Антон Шадурскі, а таксама Святлана Яроменак і Уладзімір Красько ў астатніх відах.


Трэба адзначыць, што арганізатары паклапаціліся пра падрыхтоўку спаборніцтваў. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбылося на стадыёне: агульнае пастраенне, гімн, пад'ём сцяга, прывітальнае слова ад намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Севалкінай, ад кіраўніка раённага аб'яднання прафсаюзаў. Узнагароджанне пераможцаў — індывідуальных і каманд — праводзіў непасрэдна кіраўнік ветэранскай арганізацыі Верхнядзвінскага раёна Міхаіл Дабрыянаў. Для каманд-удзельніц Верхнядзвінскі хлебазавод спёк смачныя тарты. Яны і сталі асновай агульнай сяброўскай гутаркі за салодкім сталом.

На здымку: Перад ад’ездам.
Часлаў КАШКУР,
кіраўнік раённай
ветэранскай арганізацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.