В Миорах состоялся концерт "Дети мира — детям войны"
gazeta 22-05-2017, 10:05 0 ГрамадстваФотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА
Канцэрт "Дзеці міру — дзецям вайны" — унёсак у мірную справу роднай Беларусі. Гэтая фраза не раз гучала на мерапрыемстве, якое другі год запар арганізуе СШ №3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. 12 мая ў раённым Доме культуры сабраліся дзеці вайны. Яны не змагаліся на фронце, некаторыя нават нарадзіліся ў 1944-м, аднак страцілі самае галоўнае — бестурботнае дзяцінства, перажылі горыч нястач, галечу і голад.
Сустракаем яшчэ адну мірную вясну",—казала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы, галоўны арганізатар свята Вольга ФЕДУКОВІЧ. Гаспадыня СШ №3 Валянціна АТРОШКА прапанавала другі варыянт назвы праграмы "Дзяцінства, апаленае вайной". Гэтыя словы знаёмыя і блізкія кожнаму беларусу. А задума праекта, па словах дырэктара, належыць школьнаму клубу "Адраджэнне" асацыяцыі ЮНЕСКА.
"Мы часам нават не задумваемся, што сталася б, каб кола гісторыі павярнулася ў іншы бок,—звярталася да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Таццяна СТАЛЬМАЧОНАК. — Дзень Перамогі — самае вялікае свята. Пашана ўсім, хто адра-джаў з попелу гарады і вёскі".
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя БАНІФАТАВА расказала, што яе тата—удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, сапёр. Узнагароджаны медалём за адвагу. Цяпер гэты медаль як памяць нашчадкам.
Старшыня раённай арганізацыі фонда міру Ала СМЕРЦЬЕВА нагадала, што аб'яўлены конкурс на лепшы эскіз скульптуры, прысвечанай дзецям вайны. Пазней гэты знак упрыгожыць наш райцэнтр. Ала Пятроўна падзякавала ўсім нераўнадушным добраахвотнікам, ветэранскім арганізацыям, якія ахвяруюць сродкі ў фонд міру на патрэбныя і карысныя для раёна справы. "Умацоўваць мір, хто як можа і як разумее",—заклікала прысутных выступоўца.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў КАШКУР прывёў сумную статыстыку. У раёне засталося ўсяго 15 удзельнікаў вайны і два працаўнікі тылу. Разам з вязнямі фашызму да Дня Перамогі наведалі тых, хто сутыкнуўся з жорсткім ліхалеццем. Іх 41 чалавек. Асобная катэгорыя—дзеці вайны. Для ўвядзення такога статусу міёрская ветэранская арганізацыя зрабіла афіцыйны запыт у вышэйшыя структуры.
Дзіця вайны Мікалай КАРАНКЕВІЧ падзякаваў СШ №3 за ўвагу і клопат да свайго пакалення. Ён памятае, як калісьці з аднагодкамі на плошчы сотнямі збіралі ветэранаў. Цяпер моладзь гэтак жа збірае дзяцей вайны. Мікалай Мікалаевіч памятае расстрэлы ля лагчыны, бамбёжкі, вымушанае жыццё ў лесе, сховішчы ў бульбянішчы. Сумна і страшна прыгадваць.
Выхаванцы і настаўнікі СШ №3 імя Ягора Томкі падарылі паўнюткай зале канцэрт. Традыцыйна школа выбірае некалькі пар вядучых. Сёлета імі сталі настаўнікі Антон ЕРМАЛЁНАК і Таццяна МАЦУР, а таксама вучні Дзмітрый МАКСІМЕНКА і Паліна ЖУК. Вершаваныя замалёўкі чыталі Ганна КУРАШ і Вікторыя КОНАХ, сапраўднай фаварыткай сцэны стала настаўніца Ларыса ГРЫГОР'ЕВА, з ёй у дуэце выступіла падапечная Аляксандра ФІЛІПАВА, чараваў песнямі і ўбраннямі жаночы вакальны гурт, педагогі Наталля БУДЗЬКО, Святлана ПАСЕДЗЬКА, Людміла ПРАКОФ'ЕВА. Акрамя таго, на сцэне гучалі прыпеўкі, папуры з ваенных песень, якія падхоплівалі гледачы. Кружлялі танцы, а таленавітая Людміла СКАВАРОДКА разам з іншымі артыстамі песняй і фарбамі намалявала мір. Левітанаўскім голасам і рухавасцю браў у палон адзін з лепшых вучняў Юрый СІПОВІЧ, а ў юнага танцора Максіма ШЧАБОЛА, здаецца, варушылася кожная клетачка…
У фае для шаноўных гасцей арганізатары наладзілі танцы. Не толькі "Макарэну", але і вальс, польку, падыспань падхоплівала моладзь і запрашала ў скокі людзей паважанага ўзросту, якія не збіраліся разыходзіцца, шпарка кружылі ў мелодыях і нечакана прыгадвалі прыпеўкі. Акампаніраваў харызматычны баяніст Ігар ЛАВЕЦ. Сувязь пакаленняў і ўдзячнасць за шчаслівае жыццё — лейтматыў канцэрта, прыдуманага і арганізаванага рупліўцамі СШ №3 імя Я. Томкі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.