Миоры были предначертаны судьбой
gazeta 18-09-2024, 10:12 338 Мая малая Радзіма / Гісторыя краю
Дзень, які прынёс аб’яднанне
17 верасня 1939 года ў нашых мясцінах быў звычайным восеньскім нядзельным днём. Толькі трывожным: заканчваўся трэці тыдзень баявых дзеянняў, а Польшча ўжо прайгравала Германіі вайну, да якой з вялікім патрыятычным уздымам загадзя рыхтавалася. У павятовай Дзісне хіба стала цішэй, бо аўтобусы з рэзервістамі з’ехалі 31 жніўня, а ў стражніцы паболела запаснікаў. Толькі ноччу горад разбудзілі непрацяглая страляніна і некалькі выбухаў гранат. Пра загінулых сярод польскіх вайскоўцаў звестак няма, а з ліку цывільных здарыліся тры ахвяры, з большага – выпадковыя. Раніцай вуліцы горада ўжо запаўнялі чырвонаармейцы: пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Мясцовая бедната вітала яе шматлікай дэманстрацыяй пад чырвонымі сцягамі.
Па іншым маршруце скіроўваўся на захад у армейскіх радах расіянін Пётр Ісакавіч Гушчын, якому было наканавана стаць карэнным міярчанінам.
Пачатак шляху
Пётр Гушчын нарадзіўся ў вёсцы Трыпуціна на Смаленшчыне ў 1916 годзе ў вялікай сялянскай сям’і. У хаце дванаццаць дзяцей, не павярнуцца, парадак сярод малечы падтрымліваў прызнаны ўсімі аўтарытэт – дзядуля Дзяніс. У яго свавольнічаць ці капрызнічаць было немагчыма: калі што здаралася за сталом, парадак неадкладна наводзіла цяжкая дзядулева лыжка.
Гаспадарылі Гушчыны на дванаццаці дзесяцінах зямлі, для такой колькасці едакоў – мала. Працавалі ўсе і шмат, а хлеба не хапала. Выручалі сялянская трываласць і дапамога шматлікіх сваякоў.
Пётр атрымаў пачатковую адукацыю ў сваёй вёсцы. Любоў да чытання і ведаў паклікала вучыцца далей у райцэнтр. Самастойнае жыццё пачалося пасля дзевяці класаў на будаўніцтве аўтамабільнага завода. Пры выпадку апавядаў, як яшчэ падлеткам з дня ў дзень выкідваў зямлю рыдлёўкай з самага нізу гіганцкага катлавана на спецыяльныя падмосткі. З іх грунт іншы рабочы перакідваў яшчэ вышэй, і так тройчы.
Тая будоўля засталася ў памяці асваеннем рабочых спецыяльнасцей, камсамольскімі справамі, вучобай у рабфаку. З такім багажом служба ў
войску аказалася не ў цяжар, па кар’ернай лесвіцы дайшоў да старшыны стралковай роты. Гэта значыць, адказваў, каб сотня салдат была па сезоне апранута, своечасова накормлена, памыта ў лазні, забяспечана бялізнай і іншым.
У Заходнюю Беларусь
Дарэчы, служыў Пётр Ісакавіч у родных мясцінах. Ад Смаленска да пагранічных Радашковічаў ля Мінска ў 1939 годзе яго часці спатрэбіўся толькі адзін дзень на дарогу. Ваяваць у час паходу ў Заходнюю Беларусь не давялося. Усюды чырвонаармейцаў радасна сустракала мясцовае насельніцтва, адбываліся мітынгі. Сапраўднае свята прайшло ў Маладзечне, першым вялікім горадзе на шляху савецкіх вайскоўцаў.
– Сустракалі нас па-брацку. Людзі частавалі яблыкамі, памідорамі, прыносілі мёд, – і праз шмат гадоў узгадваў ветэран.
Перавод жыцця на новыя рэйкі ў Заходняй Беларусі патрабаваў вялікай колькасці кадраў з вопытам гаспадарчай, партыйнай, савецкай і ідэалагічнай работы. Вось з гэтай хваляй спецыялістаў Пётр Ісакавіч быў накіраваны ў распараджэнне Браслаўскага павятовага камітэта партыі, а адтуль – у Міёры, якія павінны былі стаць новым раённым цэнтрам. Спачатку ў якасці ўпаўнаважанага на выбары ў мясцовыя Саветы, а потым замацаваўся намеснікам загадчыка фінаддзела Уладзіміра Паўлавіча Мацвеева.
Сітуацыю на Міёршчыне ў 1940 годзе цяпер нават цяжка ўявіць. Ішло фарміраванне раённых партыйных, савецкіх, камсамольскіх і гаспадарчых органаў і арганізацый, грамадскіх фарміраванняў, разгарнулася калектывізацыя, створана 20 агіткалектываў, будаваліся жыллё, магазіны і дарогі… Вылучана на кааператыўную і гаспадарчую работу больш за 240 чалавек, а кадраў усё роўна не хапае. Штомесяц прыбываюць дзясяткі спецыялістаў – «усходнікаў», якіх неабходна размясціць і працаўладкаваць… Пры тым не хапае самага неабходнага – солі, газы, шкла. На ўсе культустановы выдзелены толькі восем радыёпрыёмнікаў і тры патэфоны…
Вось у гэтым катле «варыўся» і Пётр Гушчын. У лістападзе ён уступіў кандыдатам у члены партыі. Пазней прызначаны кіраўніком аднаго з 20 гурткоў па палітграмаце з сельскім актывам – штомесяц абавязаны быў праводзіць заняткі ў Павяцці. Уладкаваў асабістае жыццё: яго жонкай стала зямлячка Анастасія Анісімаўна. У сакавіку наступнага 1941-га яна зацверджана загадчыцай уліку райкама камсамола.
Ужо ў сталым узросце з падзей таго часу Пётр Ісакавіч звычайна ўспамінаў удзел у калектывізацыі. Як з інструктарамі райкама партыі праводзіў сход сяльчан Янчыны і Дварчан у хаце Ульяны Канстанцінаўны Пугач. Тады ўтварыўся калгас «Чырвоны сцяг», старшынёй абраны Аляксандр Сіняўскі, брыгадзірам – Павел Пірог.
У Барсуках, Грудзінаве, Місніках у той жа час утвораны калгас імя Калініна, старшыня Іван Аніськовіч і брыгадзір Фёдар Рабічонак.
Дарэчы, на пачатак 1941 года ў раёне ўжо дзейнічалі 23 калектыўныя гаспадаркі. Сярод іх арганізатараў Пётр Ісакавіч асабліва вызначаў Сцяпана Вікенцьевіча Вайсковіча, першага старшыню «Парыжскай камуны» ў Свярдлах.
Баявая загартоўка
Вайна стала нечаканасцю для Пятра Гушчына на станцыі Варапаева, калі чыгункай вяртаўся разам з жонкай з водпуску. Толькі зайшоў у хату ў Міёрах, як пасыльны паведаміў пра тэрміновую мабілізацыю. На ўсё жыццё запомніліся франтавыя дні, першы бой.
Пасля ваеннага вучылішча камандзірам узвода кулямётчыкаў баявое хрышчэнне прыняў Пётр Ісакавіч непадалёку ад станцыі Вярхоўе на Арлоўшчыне. Жорсткімі і зацяжнымі атрымаліся баі ля Вялікіх Лук, дзе савецкія войскі разграмілі буйныя варожыя сілы. Пётр Гушчын з’яўляўся начальнікам штаба асобнага батальёна. Ваяваў на Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім, 3-м Беларускім франтах. Быў цяжка паранены і кантужаны, дайшоў да Кёнігсберга. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны – другой і першай ступеняў, медалямі, у тым ліку «За працоўную адзнаку». Дэмабілізаваўся ў званні капітана ў 1947 годзе. Нейкі час жыў у ваенным гарадку ў Жыткавічах, дзе яго жонкай стала Марыя Паўлаўна.
Міёры – не мінуць
Мірнае жыццё для Пятра Ісакавіча стала наладжвацца зноў жа ў Міёрах, куды па лініі Міністэрства фінансаў БССР быў накіраваны загадчыкам райфінаддзела. Але неспадзяваных выпадкаў яму хапіла. Узначальваў калгас «Парыжская камуна», Міёрскае сельпа, раённую нарыхтоўчую кантору, камунгас. Яго паважалі як кіраўніка, толькі асабістае шчасце побач доўга не затрымлівалася. Балюча перажыў страту сына, потым не стала жонкі… У пачатку 90-х хваравіта ўспрымаў праяўленне негатыўных момантаў у развіцці дзяржавы, грамадства і партыі, якой верна служыў 50 гадоў.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



