Двор Устжежа
gazeta 23-05-2024, 13:28 5 375 Мая малая Радзіма / Вясковае жыццё
Из окрестностей нынешнего Междуреченского водопада (согласно списку прихожан Идолтовского костела 1930 г. Название этого места – Фабрика Междуречья (в оригинале – Fabrykа Międzyrzecz), где в 1921 году было 5 зданий и 50 жителей, а в 1938 году, согласно перечню местностей Речи Посполитой, – 4 здания и уже только 7 жителей), заслуживает внимания поместье (двор) Устжежа.
Жыхары вёскі Вята пры абразе Маці Божай Анельскай у капліцы Святога Яна Хрысціцеля. 2002 г.
З ваколіц цяперашняга Міжрэчанскага вадаспада (паводле спіса парафіян Ідолтаўскага касцёла 1930 г. назва гэтага месца – Фабрыка Міжрэчча (у арыгінале – Fabrykа Międzyrzecz), дзе ў 1921 годзе было 5 будынкаў і 50 жыхароў, а ў 1938 годзе, згодна з пералікам мясцовасцей Рэчы Паспалітай, – 4 будынкі і ўжо толькі 7 жыхароў), заслугоўвае ўвагі маёнтак (двор) Устжэжа.
Маёнтак Устжэжа (у некаторых крыніцах па-беларуску – Устраж) месціўся крыху больш за паўкіламетра ад фабрыкі на правым беразе ракі Вяты ніжэй па цячэнні, у накірунку Дзвіны. У 1921 годзе тут меліся 3 будынкі з 21 жыхаром, а ў 1938 годзе, калі даваць веры таму ж пераліку мясцовасцей, – 6 будынкаў з 37 жыхарамі. Сёння гэта зніклы населены пункт.
Гісторыя маёнткаў (двароў) Міжрэчча і Устжэжа канца XIX – першай паловы XX стагоддзяў цесна пераплеценая. Бо ў маёнтку Міжрэчча (за кіламетр ад фабрыкі супраць цячэння ракі Вята) пасля сплаты сёстрам іх доляў у спадчыне гаспадарыла ўдава доктара Вацлава Аскеркі Ядвіга з роду Святаполк-Мірскіх, ва Устжэжы – яе брат Віктар II (так называе яго дзеля зручнасці ў сваіх успамінах вядомы земляроб-гаспадарнік Дзісненшчыны 1920-1930 гадоў Міраслаў Задора-Цішэўскі).
Атрымаўшы ад бацькі Віктара I, уладальніка міжрэчанскага маёнтка, у спадчыну зямлю прыкладна за паўтара кіламетра ад Міжрэчча, Віктар II пабудаваў на ёй двор і назваў яго Устжэжам. Назва відавочна ўтвораная ад польскага слова ustrzec (засцерагчы, абараніць, увартаваць) і звязаная з наяўнасцю паблізу памежнай заставы (на карце польскага Вайсковага геаграфічнага інстытута 1932 года са скаротам – strazn.). Існуе меркаванне, што кардонную фабрыку ў асадзе Міжрэчча пабудаваў ужо Віктар III, сын Віктара II, але хутчэй за ўсё пачынаў справу ён сам.
Па смерці Віктара II 50 гектараў устжэжаўскай зямлі засталіся ва ўласнасці яго жонкі Тэрэсы Марыі з роду Козел-Паклеўскіх і яе дачкі Ядвігі (Ягудкі). Апантаная агародніца, Тэрэса ўласнаручна пасадзіла некалькі гектараў саду і дбайна яго даглядала. Так дбайна, што калі падчас моцных мара-
зоў зімы 1939-1940 гадоў многія сады ў наваколлі павымярзалі, ва Устжэжы былі ўратаваныя.
У спісе крэсавых маёнткаў 1939 года ў якасці гаспадыні Устжэжа фігуруе Ядвіга (Ягудка), у шлюбе Ліхтаровіч. Такая ж працавітая, як і Тэрэса, яна пакінула пра Устжэжа памяць у выглядзе верша ў форме апастрофы – звароту да нябожчыцы маці як да жывой. Гэта ўдала складзены твор, які сведчыць пра несумненны паэтычны дар аўтаркі. Пазнаёміцца з ім у перакладзе на беларускую мову можна ў трэцім выданні кнігі «Што раньш было» аўтара гэтага допісу.
Улетку 1940 года, падчас падрыхтоўкі саветаў да наступу на Латвію, ва Устжэжа, дзе быў арганізаваны калгас, былі пераселеныя некалькі сем’яў з памежнай Вяты, якія жылі там у пакінутых гаспадарамі пакоях да прыходу і потым і па прыходзе немцаў. Паводле ўспаміну адной з тых перасяленак, Альбіны Анашкі, пры маёнтку меліся на той час, апроч аднапавярховага драўлянага сядзібнага дома, дзве хаты для работнікаў.
У перыяд да пачатку 1970-х гадоў ад сядзібы ва Устжэжы заставаліся невялікі фрагмент падмурку і крыж на пачатку бярозавай алеі ў накірунку фальварка Чамяры, які належаў да сядзібы і ўтвараў з ёю адно цэлае. А на сённяшні дзень нават каменьчык з таго падмурку сярод зарослага хмызам пляца ўжо наўрад удасца расшукаць.
Але адзін устжэжаўскі артэфакт ад даўніх часоў усё-такі паблізу застаўся. У капліцы Святога Яна Хрысціцеля ў Вяце маецца абраз Маці Божай Анельскай, падораны святыні гаспадыняй маёнтка 24 чэрвеня 1937 года, у дзень пасвячэння звона імя Ю. Пілсудскага. А вось наколькі густа былі населеныя на той момант мясцовыя землі, сведчыць факт, што толькі з Ідолтаўскай парафіі ва ўрачыстасці ў гонар пасвячэння 87 гадоў таму бралі ўдзел больш за тысячу чалавек.
Франц СІЎКО.
Фота аўтара.