На заседании штаба по благоустройству обсудили чистоту и порядок в Миорах
gazeta 13-07-2020, 14:01 380 Мая малая РадзімаКаб Міёршчына ўмацоўвала свой імідж, прыгажэла і прываблівала гасцей і турыстаў, распрацаваны мерапрыемствы, вызначаны аб’ёмы работ і выканаўцы. У звароце да актыву раёна кіраўнік штаба, старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава падкрэсліла, што менавіта ад адносін кожнага да пытанняў добраўпарадкавання, ад узаемадзеяння з працоўнымі калектывамі, сем’ямі, акружэннем залежыць канчатковы вынік. Усе разам – сіла, якая накіроўвае, яднае, арганізуе людзей і вырашае канкрэтныя задачы.
Як патрабавала Дырэктыва № 7, сёлета райвыканкам правёў сярод арганізацый конкурс, каму даверыць выкананне работ па добраўпарадкаванні і рамонце жыллёвага фонду раёна. Выканаўцам стала УП ЖКГ. Па доўгу службы яно заклікана дапамагаць роднаму краю выглядаць прывабна. Яшчэ да завяршэння каляндарнай зімы камунальнікі наводзяць паўсюдны марафет. Як праінфармавала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка Вішнеўская, са студзеня па май служба займалася амаладжальнай абрэзкай дрэў на паўвостраве. Тут жа па заключэнні Дзісненскага лясгаса выдалялі аварыйныя і небяспечныя. Сфарміраваныя кроны дрэў далі доступ сонейку ў сквер кафэ «Маладзёжнае» і ў парк на плошчы Леніна. Па вуліцы Кірава з’явілася зялёная агароджа з 200 туй. Выязджалі камунальнікі і на сяло. Без сухастою і лішніх сукоў пачысцелі месцы вечнага спачыну ў Ільмовіках, Даўгінаве, Слабадзе і Лявонпалі.
Вялікая роля ў стварэнні непаўторнага аблічча райцэнтра яркіх кветнікаў. Многія прадпрыемствы і ўстановы актыўна даглядаюць падведамныя тэрыторыі, каб камфортна працаваць і ў мінакоў падымаўся настрой. Гэты ўклад асабліва каштоўны. Аднак без камунальнікаў усё роўна не абысціся. На гарадскіх кветніках яны галоўныя чараўнікі. На працягу ўсяго цёплага сезона сочаць за раслінамі, своечасова паліваюць, змагаюцца з пустазеллем, каб натуральнае ўпрыгожанне райцэнтра заставалася эстэтычным аж да замаразкаў. Тым часам балюча глядзець на прарэхі, дзе кветак раптоўна не стала. Іх вырвалі ці выкапалі тыя, каму рукі свярбяць ці вока муліць навакольная прыгажосць. Праблемная кропка навідавоку – плошча Памяці загінулых барацьбітоў. Каб не пуставалі месцы, кветкаводам даводзіцца камбінаваць і садзіць іншыя гатункі.
Не засталіся па-за ўвагай вандалаў лавачкі, якія камунальнікі ўстанавілі на вуліцах Камуністычнай і Кастрычніцкай: пакінулі свае каравыя аўтографы на падлакотніках. Зламалі і нядаўна ўстаноўленыя па праекце «Разам для грамады і прыроды» дзіцячыя арэлі на паўвостраве. З арт-аб’екта «Міёры 1514» невядома для чаго здымаюць заглушкі. Балюча, што створанае на ўсеагульны дабрабыт не цэніцца. Чаму так адбываецца? З-за нявыхаванасці і безпакаранасці. Безудзельна глядзець на антыграмадскія паводзіны нельга, вандалы далей будуць граміць усё на сваім шляху. Ёсць спадзяванне, што няправільныя намеры стрымае відэаназіранне.
Як скардзяцца многія, нахабства няўдзячных толькі астуджае жаданне ствараць штосьці на агульны дабрабыт. І ў той жа час на вуліцах горада з’яўляюцца малыя архітэктурныя формы, вабяць яркія кампазіцыі з кветак ля прадпрыемстваў, устаноў і домаўладанняў. Як нагадаў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, актуальнай застаецца прапанова зрабіць падарунак любімаму гораду ці іншаму населенаму пункту з нагоды сёлетняга 80-годдзя раёна. Гэта могуць быць малыя архітэктурныя формы з металу, дрэва, натуральнага ці штучнага камня, цэглы ці бетону. Усе ідэі вітаюцца.
У прыклад – індывідуальны прадпрымальнік Юрый Аляксееў, які пабудаваў у двары шматкватэрнага дома гульнёвую пляцоўку. Сімпатычная інсталяцыя атрымалася ў санітарнай службы: на атулены з усіх бакоў кветкамі прыдарожны валун насупраць цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нядаўна «прысеў» каваны матылёк. Ацанілі кветкавы дэкор кінатэатра «Колас». Гэта калектыўная работа арандатараў і гаспадароў будынка. Цяпер хочацца тут і на новую лавачку пад вярбой прысесці.
Ля мастка насупраць парка Воінскай дружбы нарасло грыбоў. Сімпатычныя архітэктурныя кампазіцыі выстругалі з дрэва майстры Міёрскага лясніцтва.
Узорам добраўпарадкавання названы тэрыторыі раёна газазабеспячэння, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, кінатэатра, прадстаўніцтва «Белдзяржстраху». А вось ля КБА дэкору не хапае, як і сметніц. Трэба акультурваць будынак з двара, дзе ўваход у пральню. Як заўважыла старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава, надышла пара вонкавага афармлення фарбамі лета новага офіса выратавальнай станцыі. Некаторыя гаспадары буцікоў у цэнтры горада абмежаваліся адным кашпо з кветкамі, астатнія заклік да эстэтыкі і прыгажосці наогул не пачулі.
Не ўпрыгожвае горад і лішняя расліннасць. На агароджу хлебазавода наносяць малюнак у стылі брэндбука Міёр. Аднак пяшчотна-зялёныя фарбы блякнуць на фоне пустазелля, што шчоткай прабіваецца праз шчыліны і адтуліны наўкол. І кветкавых фарбаў трэба больш. Ля гандлёвых аб’ектаў Верхнядзвінскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства часцей за ўсё буяе толькі трава. Не месца ёй і на дзіцячых пляцоўках. Вуліца Лермантава славутая зарослымі абочынамі, шмат дзе ўладарыць баршчэўнік. Прагнуць гаспадарчай рукі кааператывы «Заходні» і «Паўночны».
Абкошвання і належнага догляду патрабуюць абочыны дарог Р-18 і Р-14. Асноўныя патрабаванні да адказных асоб агучыў начальнік землеўпарадкавальнай службы Павел Сушко.
Парослыя пустазеллем участкі – найбольш распаўсюджаная заўвага ад санітарнай службы раёна. Хвалюе таксама ўтрыманне кантэйнерных пляцовак, назапашванне смецця ва неўстаноўленых месцах, несвоечасовы вываз цвёрдых адходаў. Прэтэнзій няма хіба толькі да раёна газазабеспячэння, РЭС, ЛДД № 342, філіяла ДРБУ № 203, устаноў адукацыі, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Міёрскім раёне, ЦРБ, да аб’ектаў, якія гандлююць нехарчовымі таварамі.
Патрабуюць увагі і прыдамавыя тэрыторыі. Як праінфармавала галоўны ўрач РЦГЭ Галіна Федуковіч, сёлета праверылі 2 130. Накіравалі 38 рэкамендацый, выправілі 70 % з іх. Праблемнымі застаюцца дамы, дзе ўласнікі жывуць па-за межамі раёна ці вядуць асацыяльны лад жыцця. У пацвярджэнне слоў выступоўцаў дэманстраваліся фотаслайды з непрывабнымі пейзажамі. Пабачылі і станоўчыя прыклады, як было «да» і «пасля».
На пасяджэнні штаба прагучала прапанова ўзнавіць рэйды-праверкі па вуліцах райцэнтра, каб прыняць дадатковыя меры па навядзенні парадку. Сістэмны і ў той жа час індывідуальны падыход у гэтай рабоце пасадзейнічае актывізацыі насельніцтва для больш хуткага вырашэння найважнейшых задач.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.