Чем удивляли и угощали на подворьях Миорщины

 На невялікай плошчы шырокі прастор для творчасці. Пройдземся па падворках сельсаветаў, што размясціліся на паўвостраве, павітаемся з гасціннымі гаспадарамі, палюбуемся яркімі дэкарацыямі. 

ЗАЙСЦІ на падворак Язненскага сельсавета прапаноўвалі па слядах. Якія выбраць — мужчынскія, жаночыя ці дзіцячыя — вырашай сам. Гэта першае заданне гульні-квэсту. Наступныя — адказаць на пытанні пра гісторыю Язна, зрабіць бранзалет з журавін, трапіць папяровым шарам у баскетбольнае кольца, перабраць гародніну, праспяваць прыпеўку разам з калектывам “Іставіца”. За кожны паспяхова пройдзены этап — жураўлік-арыгамі. Іх колькасць падлічвала старшыня сельсавета Валянціна Фядзьковіч і частавала ўдзельнікаў ласункамі.


Упрыгожвалі падворак фотаздымкі з язненскімі краявідамі, выстава сельгаспрадукцыі, у цэнтры — фігуры жураўлёў. Лагатып фестывалю на мяшочках з травяным чаем размясціла гаспадыня аграсядзібы “Клённая” Тамара Касатая. Духмяны і карысны напой з лістом парэчак, маліны і мятай — уласнай вытворчасці.


НА падворку Узмёнскага сельсавета карыстаўся попытам іван-чай. Яго прывезла з Верхнядзвінска Наталля Яфрэмава.
 — На фестывалі ўпершыню. Прапанавалі паўдзельнічаць, пагадзілася. Займаюся кветкамі, гародніну вырошчваю, — гаворыць субяседніца. — Свята цікавае, своеасаблівая атмасфера, шмат новага для сябе адкрыла.


Юшкай з петуха частавала гасцей Ганна Барэйша з ААТ “Узмёнскі край”. Расказала, што апетытная страва, якую гатуюць у сталовай гаспадаркі, трэці год запар разыходзіцца хутка. Побач з палявой кухняй — вялікая драўляная скрыня з надпісам “Бюро знаходак”.
— У мінулым годзе з фестывалю апошнія ад’язджалі, шмат забытых рэчаў знайшлі. Прывезлі вярнуць. Можа, штосьці Ваша ў скрыні ёсць? — усміхаецца субяседніца.


Дэкорам падворка паслужыла кампазіцыя з гародніны выхаванцаў Слабадской яслі-сад — пачатковай школы, плеценыя з газетных трубачак вазы і кошыкі загадчыцы Даўгінаўскай бібліятэкі Таццяны Лакотка, вязаныя рэчы жыхаркі Даўгінава Тамары Шчарбаковай.


 ПА КОЛЬКАСЦІ вырабаў ручной работы не было канкурэнтаў у Дзісенскага падворка. Свае шкатулкі з газетных трубачак і вышыванкі прадстаўляла намеснік загадчыцы Дзісенскага яслі-сада Алена Тамашэвіч. Прывабна выглядалі работы гурткоўцаў філіяла Міёрскага цэнтра дзяцей і моладзі. Затрымліваліся наведвальнікі ля выставы Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў. Музычны тон задаваў ансамбль “Каліна”. Ля стэнда Дзісенскага лясгаса вывучалі экалагічны маршрут аматары актыўнага адпачынку. Як і паўсюль — шчодры стол з пачастункамі.


АДКАЗНАЯ за кулінарную разнастайнасць на падворку Павяцкага сельсавета — Марыя Юрашэк. Штогод з дапамогай аднасяльчанак гатуе на фестываль. Стол упрыгожваў певень у пацерках з перцу. Наводдаль смажылі на ражне парася. Салодкія пірожныя, у тым ліку і з журавінамі, прыгатавалі загадчыца Ідолтаўскага СК Эдзіта Філіпава і дырэктар Павяцкага СДК Алена Няміра.


Збоку ад уваходу — зялёны куточак з малінай, хрызантэмамі, хвойнымі раслінамі. Іх вырошчваюць Уладзімір і Аліна Жэндаравы з Павяцця. Педагогі на заслужаным адпачынку знайшлі для сябе захапляльны занятак. На фестываль саджанцы прывезлі ўпершыню.


 ПРАДУКЦЫЮ з уласнай гаспадаркі — сала, яйкі, тварог, масла, сыр — прывезлі гаспадыні з Пераброддзя Тамара Мароз і Раіса Высоцкая. На падворку навічкі.


— Штогод далучаем да фестывалю новых удзельнікаў, — заўважае дэпутат Перабродскага сельсавета Наталля Самсановіч. — Сёлетнія праграма і афармленне прысвечаны Году малой радзімы. У рэтра-куточку рэчы з музея народнага побыту Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба. Насупраць — выстава сучасных дэкаратыўных вырабаў, якую падрыхтавалі вучні Міёрскай СШ №2. Прасочваем сувязь пакаленняў.


Работы школьнікаў прадстаўлялі дзевяцікласнікі Аляксандр Дзеравянчык і Аляксандра Мітрафанава.


Разбіралі на перабродскім падворку сабраныя да свята журавіны.
ХУТКА апусцелі вёдры з чырвонымі ягадамі ў Жанны Пятроўскай на падворку Міёрскага сельсавета. Да балота гаспадыні з Сухавержа рукой падаць, не прапускае ніводны сезон.


Вызначаўся падворак вырабамі з дрэва і карцінамі ў тэхніцы выцінанкі. Эстэтычным афармленнем штогод радуюць СШ №3 імя Я.Томкі і Дворнасельская школа. Імправізаванае балота з турыстычнай палаткай—удалая фотазона. Яшчэ тут свае Журавель і Журавінка. У касцюмах галоўных герояў сямікласніца Насця Цвячкоўская і другакласнік Лёша Корсак з Дворнасельскай школы. З імі таксама жадалі сфатаграфавацца.


НА падворку Новапагосцкага сельсавета сустракала Журавінавая Каралева. Гэтую ролю іграла супрацоўніца Новапагосцкай амбулаторыі Наталля Рудзь. Вабілі позірк выстава творчых работ з гародніны, ручныя вырабы. Плеценыя кошыкі, вязаныя сурвэткі, лялькі-шкатулкі, журавінка з цукерак, лебедзі і кветкі ў тэхніцы халоднага фарфору. Іх аўтары — мастацкі кіраўнік Чапукоўскага СДК Тэрэза Корсак і бібліятэкар Чапукоўскай бібліятэкі Алена Дулінская — кожны год здзіўляюць творчымі знаходкамі.


Пачастункі прыгатавалі спецыялісты з ААТ “Любінова”.
ГАЛОЎНАЯ страва на стале ў падворку Мікалаёўскага сельсавета — жураўлін. Дзівосную птушку з неядомым тулавам і смачнымі пёрамі прыдумала Любоў Белазорчык з вёскі Капыльшчына. Сёлета Міхаіл і Любоў Белазорчыкі ў ліку пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні сядзіб. Як кажа гаспадыня, слова “сядзіба” ёй не падабаецца, называюць жыллё фальваркам ЛАМА (абрэвіятура з імёнаў членаў сям’і). Звонку яго ўпрыгожваюць кветкі і малыя архітэктурныя формы, унутры — тапіарыі гаспадыні, калекцыі манет і машынак гаспадара.


Фестывальны падворак аздобілі вышываныя рушнікі, драўляныя фігуры жураўлёў на мху, вырабы педагогаў і вучняў Сіцькоўскай школы.


ТВОРЧЫЯ набыткі гурткоўцаў Туркоўскага СДК упрыгожылі падворак сельсавета. Пано, вышываныя карціны, кветкі з бісеру, папяровыя букеты.


— У нас дзейнічае некалькі гурткоў па рукадзеллі. Працуем з бісерам, паперай, вышываем,—расказвае дырэктар установы Марыя Шчасная. — Да фестывалю рыхтаваліся ўсе разам: СДК, школа, сельсавет, ААТ “Туркова”. Прадумвалі афармленне, гатавалі стравы. На гэтым свяце я ў другі раз. Сама з Лёзна, на маёй радзіме праходзіць свята “Суніцы”. У нечым падобнае да Міёрскага фэсту. Таксама ладзяць падворкі. Толькі ўвага іншым ягадам.


Салодкія ноткі ў Туркове ад Аляксандра Маляўкі. Прапаноўваў кветкавы мёд. Расказвае, што пчалярству ў дзяцінстве вучыў дзядуля, цяпер даглядае пчол самастойна.


— ПАГЛЯДЗІЦЕ, якая ў нас шыкоўная страва, — сустракаюць на Завуццеўскім падворку гаспадары Віктар Філіповіч і Валянціна Каласёнак і праводзяць да стала. У цэнтры кулінарнай разнастайнасці — два запечаныя парасяці. Іх прадаставіла да свята СУП “Цітова”.


Конь з бярозавых паленаў вязе ў павозцы сёлетні ўраджай. Бульба, капуста, цыбуля, перац, вінаград. Запасаў хопіць.
Творчай справай занята настаўніца Завуццеўскай школы Алена Стаўская. Заканчвае чарговую карціну ў тэхніцы бацік. Роспісам па тканіне захапілася год восем таму. Вынікі побач. Разам з карцінамі яркія дошкі для кухні, аздобленыя ў тэхніцы дэкупаж.

***
У разнастайнасці фарбаў, гукаў і дэкарацый лёгка згубіцца. Адной прагулкі па падворках не хопіць. Хочацца заходзіць зноў і зноў. Распытваць пра сакрэты творчасці, фатаграфавацца на фоне балотных экспазіцый, заўважаць тое, што трапіла на вока не адразу, здзіўляцца фантазіі і працавітым рукам сваіх землякоў.

Па традыцыі, праходзіў конкурс на лепшы сельскі падворак. Вынікі падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Першае месца ў конкурсе сельскіх падворкаў прысудзілі Язненскаму сельсавету. На другім — Перабродскі. Трэцяе ў Павяцкага. Кожны падворак адзначылі ў намінацыях і ўзнагародзілі падарункамі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.