Тое, што турысты пра міёрскіх журавоў і журавіны ведаюць, сцвярджае дырэктар турагенцтва "Халберг" Наталля Іванаўна Будзько. У нядзелю яна прымала двухпавярховы аўтобус ад сталічных туркампаній "Трэвл" і "Дортур", які прывёз на фестываль і святочныя мерапрыемствы 60 падарожнікаў розных узростаў, нават з дзецьмі. Сярод іх былі і трое расіян з Паволжжа. Іх сустрэлі гасцінна, з хлебам-соллю, задаволілі асноўнае жаданне—паназіраць за журавамі. Дарэчы, дзеля гэтага некаторыя турысты наведваюць нашу Міёршчыну ў другі раз. І сёлета іх цікаўнасць была задаволена ў поўнай меры: яны змаглі паназіраць за пералётнымі птушкамі, якія карміліся на недалёкіх палетках, з шашы ў Дубах і іншых мясцінах. Тлумачэнні ім даваў дырэктар рэспубліканскага гідралагічнага заказніка "Ельня" І. І. Барок.
У райцэнтры ўдзельнікі паездкі пабывалі на паўвостраве падчас конкурсу падвор'яў і ўрачыстага адкрыцця свята, конкурсу "Міёрская Журавінка". А як не набыць пры гэтым журавін!
Потым турысты падзяліліся па інтарэсах: адны скіраваліся на экскурсію па горадзе, іншыя наведалі музеі СШ №3, дзе іх зачараваў дасведчанасцю ў мясцовай гісторыі і не толькі настаўнік В. А. Ермалёнак.
Турыстычныя паездкі на нашы мерапрыемствы становяцца раскручаным брэндам і задавальняюць падарожнікаў.