Ужо ў пяты, юбілейны, раз на базе "Мацейкавай сялібы", што ў вёсцы Пераброддзе, праходзіць летнік рамёстваў "Жывое цяпло". Сёлета сюды прыехалі 16 удзельнікаў з Міёрскага, Браслаўскага, Расонскага, Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Уздзенскага раёна Міншчыны. Сабраліся, каб заняцца цудоўным рамяством—валяннем з воўны. Кіравала гэтым працэсам майстрыха з Мінска Вольга Уладзіміраўна Камінская.
Усе вучні адзінадушна гавораць, што яна прафесіянал найвышэйшага класа ў справе валяння, навучыла вельмі многаму, ёй—бязмерная ўдзячнасць. Госці сядзібы настолькі захапіліся цікавым працэсам, што працавалі пад чуйным кіраўніцтвам настаўніка тры дні практычна з сямі раніцы да гадзіны ночы. Арганізатар летніка—гаспадыня "Мацейкавай сялібы" Галіна Уладзіміраўна Паўлоўская ў партнёрстве з Браслаўскім раённым грамадскім аб'яднаннем трансгранічнага супрацоўніцтва "Еўрарэгіён "Азёрны край" пад старшынствам Юліі Герцавай. Выпадковых людзей тут практычна няма, усе яны таленавітыя: малюць, вышываюць, вырабляюць кветкі… Аднак іх аб'ядноўвае адно: любоў да творчасці.