Опытом в воспитании молодежи поделились на методическом объединении «Гражданское и патриотическое воспитание учащихся в Год мира и созидания»
gazeta 1-12-2023, 14:05 161 Год мира и созидания / Грамадства
Грамадзянін – гэта не той, хто мае нейкую вызначаную пазіцыю. Гэта ў першую чаргу выхаваны чалавек. Выхаваны праз традыцыі сям’і, свайго народа, праз яго памяць і культуру. Так лічаць у Чапукоўскай сярэдняй школе. Вопытам у выхаванні моладзі падзяліліся з намеснікамі дырэктараў школ раёна па выхаваўчай рабоце на метадычным аб’яднанні «Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у Год міру і стварэння».
У аснове – узаемадзеянне
Другі год Чапукоўская СШ удзельнічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце «Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа». Для калектыва ўстановы гэта не першы вопыт. У інавацыйных праектах удзельнічаюць на працягу 18 гадоў.
– У фінале прадставім мадэль грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў нашай школе. Яна ўключае ў сябе тэматычныя ўрокі, прэзентацыі, валанцёрскі рух і іншыя напрамкі, – заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Грыгаро- віч. – Добрае зерне на ніве выхавання моладзі пасеяла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ірына Качан. Яе вопыт хочацца зберагаць, дзяліцца ім і памнажаць. Усе разам мы робім крок за крокам для таго, каб нашы вучні выхоўваліся духоўна і маральна. Адзін прапаноўвае ідэю, другі яе рэалізуе, трэці дапамагае тэхнічна, чацвёрты зараджае сваім энтузіязмам.
У аснове мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання Чапукоўскай СШ – узаема- дзеянне. Школа на сувязі з мясцовымі бібліятэкай, клубам, сельгаспрадпрыемствам. Экскурсіі на малочнатаварную ферму асабліва ўражваюць вучняў-пачаткоўцаў. Любяць пагладзіць маленькіх цялятак. Разам з тым упэўніваюцца, што хлеб і малако на стале – вынік штодзённых клопатаў многіх людзей. «Тут жа працаваць трэба!», – усклікнуў аднойчы адзін з маленькіх наведвальнікаў. Старшакласнікі пашыраюць свае веды пра сельскагаспадарчыя прафесіі падчас абласных аграфорумаў.
У ТЭМУ
Майстар-клас па вырабе сувеніра-магніціка прапанавала гасцям кіраўнік аб’яднання па інтарэсах Таццяна Дубніцкая са сваімі вучаніцамі. Ва ўсіх атрымаліся простыя і арыгінальныя работы.
Важныя накірункі
Прафарыентацыйная работа – адзін са складнікаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Практыкуюць экскурсіі на прадпрыемствы. Наведвалі мясакамбінат, металапракатны завод, хлебазавод.
Экскурсійнай дзейнасці ў школе надаюць шмат увагі. У тым ліку і праз яе рэалізуецца героіка-патрыятычны накірунак выхавання. Запомнілася дзецям паездка ў Полацк, падчас якой наведалі Сафійскі сабор, музей баявой славы. Пабывалі на мемарыяльным комплексе «Прарыў» ва Ушачах. Бліжэй знаёмяцца з ваенным мінулым Міёршчыны. Як заўважыў настаўнік гісторыі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргей Хамянок, дзеці па-іншаму пачынаюць успрымаць Плошчу памяці загінулых барацьбітоў у райцэнтры, калі даведваюцца, што тут брацкая магіла. Сур’ёзнымі і задумлівымі становяцца іх твары, калі прыходзяць на месца расстрэлу яўрэяў за горадам. Іншымі вачыма паглядзелі на карціны беларускага мастака Міхаіла Савіцкага пасля ўрока, прысвечанага знаёмству з яго біяграфіяй і творчасцю. Амаль тры гады творца правёў у фашысцкіх лагерах смерці.
З выставамі рэчаў Вялікай Айчыннай вайны наведваліся ў школу ўдзельнікі праваслаўнага моладзевага руху Міёршчыны «Ладанка». Таксама распавядалі пра гісторыю міёрскага храма і жыццёвы шлях яго першага настаяцеля Мікалая Рунды. Чапукоўскія школьнікі наведалі гэтую святыню. Так напаўняецца зместам духоўны накірунак выхаваўчага працэсу.
Яшчэ адзін важны складнік – стваральная праца. Праз клопаты на школьным агародзе сучасныя вучні, нацэленыя на хуткі вынік, які патрэбны ім тут і цяпер, пераконваюцца ў тым, што ўсё патрабуе часу і клопату.
Інавацыі ў дапамогу
На ўроках у сучаснай школе вітаюцца інавацыйныя тэхналогіі. З цікавасцю асвойвае іх педагог Ганна Фіялка. Яе аўтарская распрацоўка – электронная кніжка «Сусветная спадчына ЮНЭСКА ў Беларусі» – стане змястоўным дапаможнікам на ўроках, дзе закранаюцца тэмы народнай культуры ці ідзе гаворка пра адметнасці нашай краіны. У кнігу складальнік уключыла інфармацыю як пра аб’екты матэрыяльнай культуры – Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежскую пушчу, Дугу Струвэ, так і нематэрыяльнай – абрады «Калядныя цары», «Юраўскі карагод», Будслаўскі фэст і іншыя. На старонках электроннай кнігі – фотаздымкі, невялікая тэкставая інфармацыя і спасылкі, у тым ліку на YouTube, перайшоўшы па якіх карыстальнік атрымае больш падрабязную інфармацыю. Замацаваць матэрыял дапамогуць тэставыя заданні.
ДАРЭЧЫ
Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі пішуць даследчыя работы. Так, на працягу чатырох гадоў ішла праца над даследаваннем «Дапаможніцы з куфэрка». Разам з настаўніцай абслугоўваючай працы Жаннай Пушкель дзеці вывучалі народныя лялькі-матанкі. У мінулым годзе работу прадставілі на метадычнай выставе ў Мінску ў рамках інавацыйнага праекта, у якім удзельнічаюць цяпер. Там жа высока ацанілі працу «Сёстры Хатыні» – даследаванне вучняў школы пад кіраўніцтвам Сяргея Хамянка пра трагедыю ў вёсцы Сухавержжа на аснове ўспамінаў мясцовых жыхароў.
Праект намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланы Грыгаровіч «Тры велікапомныя вайны» вяртае ў мінулае Міёрскага краю, па землях якога пранеслася полымя вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай.
Таксама сярод прадуктаў у рамках інавацыйнага праекта – маршрут «Міёры-экспрэс», па станцыях якога – Духоўнай, Бяспечнай і іншых – скіроўваліся мінулым летам адпачывальнікі прышкольнага аздараўленчага лагера. Круглы год актуальны каляндар «7 цудаў Міёршчыны», аздоблены фотаздымкамі адметнасцяў нашага краю.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.





