Галоўная > Гісторыя краю > Былы старшыня Міёрскага райвыканкама Віктар Тарасевіч - пра час гаспадарчага будаўніцтва і пераўладкавання грамадскіх адносін

Былы старшыня Міёрскага райвыканкама Віктар Тарасевіч - пра час гаспадарчага будаўніцтва і пераўладкавання грамадскіх адносін


29-01-2020, 14:46. размясціў: gazeta

 З чэрвеня 1987 года па кастрычнік 1990-га першым сакратаром Міёрскага райкама партыі быў Віктар ТАРАСЕВІЧ. Затым ён старшынёй райвыканкама вярнуўся на Міёршчыну падчас умацавання эканомікі беларускай дзяржавы з канца 2004-га і да сярэдзіны 2009-га. Гэтыя перыяды гаспадарчага будаўніцтва і пераўладкавання грамадскіх адносін параўноўваць цяжка, яны нібы ў дзвюх розных дзяржавах. Толькі ў абодвух выпадках працаваць даводзілася практычна з аднымі і тымі ж людзьмі. Што захавала памяць пра справы і атмасферу тых дзён?

– Знаёмства з Міёршчынай летам 1987 года ў мяне пакінула самае прыемнае ўражанне: тут вельмі працавітае, памяркоўнае, неканфліктнае насельніцтва, – прыгадвае Віктар Іосіфавіч. – А спраў было шмат. Узводзілася дзіцячая школа мастацтваў у райцэнтры, будавалі школы ў Язне, Даўгінаве, Папшулях, Волкаўшчыне, закладвалі ў Чапуках, Дрыгучах, Завуцці, пашыралі і прыстасоўвалі для новых патрэб будынкі ў Слабадзе. Стаялі сцены пад дахам для будучага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Трэба было вырашаць лёс замарожанага аб’екта – піянерскага лагера ў Мурашках.
Шырокім фронтам ішло будаўніцтва ў калгасах. Толькі за 1988-ы ў 2,5 раза перакрыты план па ўзвядзенні жылля, пабудавана жывёлагадоўчых памяшканняў на 1 270 жывёла-месц, з’явілася 35 кіламетраў унутрыгаспадарчых дарог з цвёрдым пакрыццём. Да канца 1990 года падрадным спосабам і ўласнымі сіламі гаспадаркі ўзвялі 16 клюшачнікаў на 200 кароў кожны. Запомнілася, што на мантаж такога збудавання патрабавалася 59 тысяч тагачасных рублёў, яшчэ 110 тысяч – на аддзелку і абсталяванне. Тады ж пабудавалі новы свінагадоўчы комплекс у калгасе імя Цітова і рэканструявалі ў «Гіганце».


Што немалаважна, для такіх аб’ектаў гаспадаркі мелі свабодныя сродкі, да 28 мільёнаў рублёў на рахунках банку. І насельніцтва на заробкі не крыўдзілася: у ашчаднай касе на кніжках мелі па 6,5 тысячы рублёў у разліку на аднаго жыхара раёна. Грошай на халадзільнікі, тэлевізары і дываны, што карысталіся попытам, хапала, на машыны – таксама, толькі саміх легкавікоў было мала. Іх і жыллё размяркоўвалі па чарзе.


Прыгадваю адзін са справаздачных сходаў у калгасе «Запаветы Леніна», які праводзіў старшыня Васіль Шастакоў. На ім вяскоўцы ўносілі прапановы па паляпшэнні механізацыі і ўмоў працы. І пры гэтым масава не пакідалі гаспадарку, бо атрымлівалі жыллё, нядрэнна зараблялі і мелі вялікія даплаты па выніках года. Быў стымул старацца.


Цяпер даводзіцца чуць пра недахоп людзей на вёсцы. Між тым рэцэпт выпраўлення сітуацыі вядомы: трэба развіваць вытворчасць, забяспечваць належны заробак – і работнікі знойдуцца.
Тады імкнуліся наводзіць парадак на зямлі, дзве меліярацыйныя арганізацыі штогод асушалі да дзвюх тысяч гектараў угоддзяў. Калгасы і саўгасы апрацоўвалі да 56 тысяч гектараў зямлі. Таму раслі намалоты, збор збожжа даходзіў да 76 тысяч тон і да 80 тысяч тон – кармавых буракоў. Дзяржаве прадавалі да 15 300 т зерня, яшчэ больш адгружалі на камбікармы. На фермах мелі буйной рагатай жывёлы каля 60 тысяч галоў, 24 тысячы свіней, за год усе катэгорыі гаспадарак рэалізоўвалі па 12 тысяч тон і больш мяса, за 57 тысяч тон малака, як у 1990-м.


Значны ўклад у аб’ёмы рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі забяспечвала насельніцтва, ад асабістых гуртоў летам за дзень закуплялі да 70 тон сырадою.
Я не ідэалізую той час. Дасягненні даваліся напружанай працай, потам і мазалямі, было нямала недахопаў, не ўсё з намечанага ажыццёўлена. Аднак быў агульны рух наперад. Задавальняе, што праведзеная тады рэканструкцыя камбікормавага завода і цяпер дазваляе выпускаць высакаякасныя канцэнтраты. Калісь вельмі парадаваў хуткі мантаж кантэйнернай аўтазапраўкі ля Станулева, добры асфальт да Дрыгуч, Дэмскіх, Дворнага Сяла, вёсак вакол Туркова, да комплексу ў «Цітове», аддаленых Папшулёў і Крупенішча. Істотную падтрымку аказвалі сельскай гаспадарцы дзяржава і шэфы. Маю на ўвазе малочнатаварны комплекс «Супорніца» ў калгасе імя Дзяржынскага, за які гаспадарка не заплаціла ні капейкі, жывёлагадоўчыя аб’екты ў Мілашове для саўгаса «Міёрскі», ва ўзвядзенне якіх «Белнафтахім» уклаў 10 мільярдаў рублёў.


Толькі і самі стараліся. Адказна ставіліся да вырашэння вытворчых і выхаваўчых пытанняў кіраўнікі Іосіф Майдзін, Васіль Табола, Васіль Верын, Карл Гурын, Васіль Дзегіль, Віктар Сташкевіч, Уладзімір Максіменка, Марыя Сцяпанава, Антон Радзіка, Збігнеў Ермаковіч, у будаўніцтве – Валерый Брыль, Мікалай Бабіч і Пётр Радзюк у меліярацыі. Назваць трэба было б і многіх іншых.
Дружна працаваў з многімі кіраўнікамі раённага звяна, маімі папярэднікамі і паслядоўнікамі. Цесныя сяброўскія адносіны захаваліся да гэтага часу найперш з Уладзімірам Скавародкам і Іванам Паплаўскім.


Ва ўсіх добрых і вялікіх справах заўсёды ўдзельнічала раённая газета. З удзячнасцю прыгадваю той перыяд і людзей, што працавалі ў рэдакцыі. Заўсёды з павагай ставіўся да калектыву журналістаў.

Фота з архіва рэдакцыі.

Запісаў Леанід МАТЭЛЕНАК.


Вярнуцца назад