Галоўная > Гісторыя краю > 450 гадоў, як Дзісна паўнапраўны горад

450 гадоў, як Дзісна паўнапраўны горад


28-06-2019, 16:04. размясціў: gazeta

 Сёлета споўнілася 450 гадоў, як Дзісна стала паўнапраўным горадам – граматай караля Жыгімонта Аўгуста ёй было нададзена магдэбургскае права і новы герб – “Ладдзя”. Хаця горадам упершыню гэты населены пункт названы крыху раней, калі атрымаў права бязмытнага гандлю ды герб “Тры вежы з муру”.

Магдэбургскае права – феадальнае гарадское права, якое склалася ў нямецкім Магдэбургу у 12-13 стагоддзях з розных крыніц. Яно мела ўніверсальны характар, трактавала дзейнасць гарадской ўлады, суда і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці і валодання нерухомасцю “ў межах горада”, устанаўлівала пакаранні за злачынствы, рэгулявала гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Прысваенне Магдэбургскага права – пачатак гарадскога самакіравання. Ім валодала каля 60 беларускіх гарадоў і мястэчак.


Дзісна зрабіла крок да самакіравання ў няпросты ваенны час, перыяд рэлігійнай нестабільнасці, аднак рухалася ў прагрэсіўным напрамку. Гараджане на агульным сходзе выбіралі войта і па чатыры кандыдаты на лент- войта (намесніка войта), бурмістраў і радцаў. З іх ліку войт зацвярджаў патрэбных яму людзей на адпаведных пасадах. Як правіла, “бацькамі” Дзісны станавіліся купцы і цэхмістры, у магістрацкіх кнігах іх называлі “панамі”, “учцівымі” ці “славетнымі”. Вырашэннем штодзённых праблем горада звычайна займаўся лентвойт. Ён праводзіў пасяджэнні гарадской рады, якая складалася з бурмістраў, радцаў і лаўнікаў.


Такім чынам дзісенскае самакіраванне дзейнічала да 1776 года, калі горад у першы раз пазбавілі Магдэбургскага права. Для мяшчан быў утвораны асобны суд з асэсарамі, якіх выбіралі гараджане і прызначаў стараста. Гэты орган вызначаў каму і колькі плаціць падаткаў. Дзісенцы яшчэ самі вырашалі пытанні размеркавання плацяжоў. Але эканамічныя цяжкасці павялічваліся, бо гарадскі гандаль прыйшоў у заняпад з-за вялікіх даўгоў уладальніка Горак і Галомысла шляхціца Вазгірда. У канцы 18-га стагоддзя Дзісна ўжо мала чым адрознівалася ад вялікай вёскі, калі толькі забрукаванай цэнтральнай вуліцай. Каб адрадзіць горад, яму вярнулі самакіраванне. Але ў 1793-м у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Дзісна ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Указам Кацярыны ІІ Магдэбургскае права ў заходняй Беларусі было скасавана праз два гады.

Фота з інтэрнэта.
Фадзей ШЫМУКОВІЧ.


Вярнуцца назад