Галоўная > Гісторыя краю > Баявыя сябры меншыя ў гады вайны

Баявыя сябры меншыя ў гады вайны


27-09-2017, 09:00. размясціў: gazeta

 Разам з салдатамі і партызанамі Перамогу набліжалі сабакі, каты, мядзведзі і іншыя жывёлы. 

Сабакі-дыверсанты, сувязісты, санітары 

Сабачыя насы аказаліся незаменнымі ў пошуку мін і выбуховых рэчываў. У гады вайны падрыхтавалі шэсць тысяч сабак, якія абясшкодзілі чатыры мільёны мін. Сабакі дапамаглі размініраваць 303 буйныя гарады. У тым ліку Смаленск, Мінск, Кіеў, Варшаву, Вену, Прагу, Берлін.

Першы сабака-дыверсант — аўчарка Дзіна. Восенню 1943-га яна ўдзельнічала ў "рэйкавай вайне" ў Беларусі. 19 жніўня падарвала эшалон з немцамі на перагоне Полацк-Дрыса. Выскачыла на рэйкі перад блізкім поездам, скінула ношу з зарадам, зубамі выдрала чаку, скацілася з насыпу і ўцякла ў лес. Калі пачуўся выбух, Дзіна ўжо была побач з мінёрамі.


Служылі сабакі сувязістамі. Даставілі 120 баявых данясенняў, разматалі восем тысяч кіламетраў ліній сувязі.
Сабакі-санітары шукалі параненых, пераносілі на спіне медыкаменты і перавязачны матэрыял. Падпаўзалі падчас шчыльнага абстрэлу, падстаўлялі медыцынскую сумку. Чакалі, пакуль воін перавяжа рану, і паўзлі далей. Беспамылкова адрознівалі загінулага ад параненага. Беспрытомным лізалі твар, пакуль яны не прыходзілі ў сябе. У марозы сабакі сагравалі салдат сваім дыханнем. І плакалі над за-гінулымі.


Мяў-дывізія
У блакадным Ленінградзе не засталося катоў. І без таго сціплыя харчовыя запасы атакавалі пацукі. У красавіку 1943-га з Яраслаўля прывезлі чатыры вагоны дымчатых кошак. Напрыканцы вайны ў горад прыйшоў другі эшалон з катамі з Сібіры. Многія гаспадары прыносілі сваіх гадаванцаў на зборны пункт, каб дапамагчы ленінградцам. З Омска, Цюмені і Іркуцка прыбылі пяць тысяч катоў. Пацукоў поўнасцю знішчылі.


Буры талісман артылерыі
Салдаты польскай Арміі Андэрса за некалькі банак кансерваў, ножык і пару шакаладак выкупілі ў Іране мядзведзяня. Яно яшчэ не ўмела есці. Кармілі з соскі. Назвалі гадаванца Войтэк. Разам з салдатамі ён пабываў у Іране, Паўночнай Афрыцы, Італіі.
Аднойчы ў Палесціне каравул не заўважыў двух дыверсантаў. Войтэк хутка з імі расправіўся. Пасля гэтага выпадку нават свае сталі баяцца мядзведзя, але да іх ён агрэсіі не праяўляў.


Талісманам артылерыйскай роты Войтэк стаў пасля выпадку ў Італіі. Некалькі дзён ішоў цяжкі бой. Не хапала рук для разгрузкі боепрыпасаў. Войтэк падышоў да абозу і падняў лапы. Салдат жартам даў яму скрыню са снарадамі. Мядзведзь панёс іх байцам. Вярнуўся за новым грузам. У той дзень польскія салдаты ўзялі патрэбную вышыню.
Пасля вайны Войтэк пасяліўся ў заапарку. Пражыў 22 гады. Яму ўстаноўлены помнікі ў Польшчы, Шатландыі.


У кавалерыі — караблі пустыні
У склад савецкіх войск уваходзіла рэзервовая 28-я армія. Цяглавай сілай для гармат у ёй былі вярблюды. Коней і тэхнікі не хапала, таму прыручылі амаль 350 дзікіх вярблюдаў. Яны паспяхова спраўляліся са сваімі задачамі. А вярблюд Яшка нават удзельнічаў у баях за Берлін.


На службе коні
Па бездаражы, дзе захрасалі машыны, маглі прайсці толькі коні. Па афіцыйных дадзеных, у радах Савецкай Арміі неслі службу 1,9 мільёна гэтых жывёл.
І больш за мільён засталося на палях баёў.
Параненых коней не кідалі. Пасля бою іх накіроўвалі ў спецыяльныя ветэрынарныя лазарэты. Там аперыравалі і даглядалі да поўнага выздараўлення.

Фота для ілюстрацыі.
Падрыхтаваў Аляксандр
РЫНКЕВІЧ, навуковы
супрацоўнік музея.


Вярнуцца назад