Книга на музейном стенде в Миорах

Книга на музейном стенде в МиорахСёлета наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадруку, пачатак якога на ўсходнеславянскіх землях паклаў знакаміты палачанін Францыск Скарына. Па сучасных меркаваннях да Полацка—рукой падаць, аднак невядома, ці траплялі выданні першадрукара на Міёршчыну.

 

Іх рух у сельскую далячынь калі і стрымлівалі, то не адлегласць, а малапісьменнасць насельніцтва і вялікі кошт друкаваных вырабаў на паперы, не кажучы пра рукапісы на пергаменце. Тым не менш, творы на зразумелай народу мове паўсюль пракладвалі сабе дарогу. Пра гэта сведчаць экспазіцыі музея кнігі і друку ў СШ №3. Яго стваральнік Вітольд ЕРМАЛЁНАК.

 

Вітольд Антонавіч апавядае: —На тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы Полацкага княства з'явіліся рукапісныя кнігі. З тых, якія выяўлены ў нашай мясцовасці, самае знакамітае і вядомае—"Евангелле" 16 стагоддзя з вёскі Мікалаёва. Яно цяпер з'яўляецца каштоўным рарытэтам Вільнюскага ўніверсітэта. Застаўкі, арнаменты, афармленне пачатковых літар тэкстаў гэтай кнігі больш нідзе не паўтараюцца і ператвараюць выданне ў сапраўдны твор мастацтва.


Большасць рукапісных кніг на нашых музейных экспазіцыях—гэта копіі, створаныя ў 18-19 стагоддзях стараверамі, якія жылі ў вёсках ад Старога Пагоста да Друі. Здзіўляе афармленнем "Месяцаслоў", напісаны на стараславянскай мове ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Драўляная вокладка абгорнута тонкай скурай, загалоўныя літары тэкста выдзелены чырвоным чарнілам. Розныя аўтары рабілі свае дапаўненні, апошні з якіх датуецца 1846 годам.
Да крыху пазнейшага часу адносіцца "Цветнік", створаны па арыгінале з Пачаеўскай лаўры. Гэта збор павучальных рэлігійных твораў, у тым ліку Іаана Багаслова, якія выхоўвалі ў веруючых высокія маральныя якасці, асуджалі распусту, хлуслівасць, сквапнасць. Тут жа змешчаны прароцтвы Кірылы Філосафа і Сібілы, жыціі святых. Пячатка сведчыць, што кніга калісь належыла Коласаву з маёнтка Марозькі, а прадстаўнікі гэтага роду былі святарамі стараверскай царквы ў Кублішчыне.


"Номаканон"—зборнік царкоўных правіл. Кніга не самая старая, яна цікавая пазнейшымі дапаўненнямі на вокладках польскіх кніг, лістах вучнёўскіх сшыткаў, дакументах, нават пісьмах. У адным з такіх пісьмаў Яўлампій Аксенцьеў з вёскі Пазнякова слёзна просіць вярнуць яму пазычаную кнігу "Аб агідзе і запусценні", за якую калісь заплаціў 20 рублёў (на той час кошт дзвюх кароў).
"Кніга любові знак в честь брак"—факсі-мільнае выданне рукапісу 1679 года рускага асветніка К. Істоміна, створанага да шлюбу Пятра І і Елізаветы Лапухіной.
На названых і іншых кнігах нямала плям ад воскавых свечак, якія красамоўна сведчаць пра ўмовы, у якіх перапісваліся і выкарыстоўваліся старыя выданні.


У які час ў нашы мясціны трапілі друкаваныя кнігі?
—У 17 стагоддзі, калі меркаваць па гадах выдання тых, што захаваліся. Перадрук "Часоўніка" маскоўскай сінадальнай друкарні адносіцца да 1640 года. Яго выкарыстоўвалі пры богаслужэннях да рэформы Нікана (у 1654-ым), а стараверы—і пазней. Гэтая кніга яшчэ вельмі падобна на рукапісныя папярэднікі—з драўлянай вокладкай пад скурай, мае прыгожыя застаўкі з раслінным арнаментам, выдзеленыя чырвоным загалоўныя літары.
Самае старое выданне на ліцінскай мове —"Рымскі імшал" 1751 года. Гэта адна з самых на той час запатрабаваных кніг каталіцкіх святароў, ёй карысталіся ва ўсіх касцёлах. Яна па афармленні таксама захоўвае падабенства з рукапіснымі выданнямі.
Фаліянтам вялікіх памераў на паўтары тысячы старонак з'яўляецца шыкоўны "Каляндар бенедыкцінскі" ў дзвюх частках на польскай мове 1768 года. Ён выпушчаны ў свет ў Вільні ў друкарні каталіцкага манаскага ордэна піяраў і ўтрымлівае апісанні жыція святых на кожны дзень з прыкладамі ахвярнасці і высокай маральнасці.


Так, многія старадрукі—гэта рэлігійная літаратура. Тым больш цікавай становіцца знаходка ў Камянполлі тома твораў Жана-Жака Русо, выдадзенага ў швейцарскім Базеле ў 1795 го-дзе. Відаць, патрэбнымі былі камусь з мясцовай шляхты "Пачаткі архітэктуры" на польскай мове прафесара Віленскага ўніверсітэта К. Падзанскага, надрукаваныя ў Вільні ў 1828-м. Ці вынікі астранамічных даследаванняў на нямецкай мове з Кенігсбергу (1841). Для моладзі прызначалася кніга французскага даследчыка прыроды Бюфона (Масква, 1814), для карыснага чытання—аповесць французскага аўтара Пауля дэ'Коцка "Малочніца і пустэча, дабрыня і нявіннасць" (Варшава, 1835).
Але гэта толькі маленькая кропелька з таго, што захавалася пасля шматлікіх ліхалеццяў, якія пракаціліся на нашых мясцінах. Вядома, што вялікія кнігазборы былі ў маёнтках Лявонпаля, Камянполля, Дзедзіна, Міжрэчча, Забалацця, у бібліятэках пры цэрквах і касцёлах.
Якое месца сярод гэтых выданняў займае непасрэдна беларуская кніга?


—Майце на ўвазе, што да 1905 года ў Ра-сійскай імперыі наогул забаранялася друкаваць кнігі на беларускай мове. Таму выдадзенае да гэтага часу—дастаўлена знакамітымі кніганошамі з-за мяжы: тонкія, сціплыя кніжачкі кірыліцай ці лацінкай на таннай паперы, разлічаныя на сялянства ці вясковую інтэлігенцыю. Для прыкладу—"Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча, Кракаў, 1891 год.
Пасля царскага маніфеста 1905 года галоўнымі выдавецкімі цэнтрамі кніг на беларускай мове сталі "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбурзе і друкарня Марціна Кухты ў Вільні. Вось што з іх выданняў выяўлена на Міёршчыне.


У Вільні ў 1914 годзе пабачыла свет кніга нашага земляка Пётры Беларуса (Яленскага) "Якім Бяздольны" пра трагедыю беларускага селяніна. У гэтай жа друкарні абнародаваны першы твор Максіма Гарэцкага "Рунь". Пра аўтара Сьцёпку Бірылу вядома толькі па яго кнізе "Стражнік" (1915 год). Пётра з Арлянят у брашуры "Што было і што павінна быць" у 1918 годзе палымяна заклікае любіць родную мову.
У 1912 годзе ў Вільні заснавана выдавецтва "Беларус", якое друкавала кнігі пераважна лацінкай. Там у 1914-м з’явілася брашура нашага земляка з Дзедзіна Пётры Простага "На што беларусам газэты?" Яна пра ролю менавіта беларускіх газет для росту самасвядомасці насельніцтва.
Знакаміты дзеяч беларускага Адраджэння Вацлаў Ластоўскі, дзіцячыя гады якога прайшлі ў Старым Пагосце, выдаў у 1910 годзе "Кароткую гісторыю Беларусі", што можна назваць сапраўдным грамадзянска-патрыятычным подзвігам. Не згубіў каштоўнасць да гэтага часу і яго "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" (Коўна. 1924).


Я наўмысна выдзеліў творы пераважна аўтараў, што нарадзіліся ці маюць нейкае дачыненне да тутэйшых мясцін. А сярод іншых экспанаў са стэндаў музея кніжкі для маленькіх беларусаў Якуба Коласа і Элаізы Пашкевіч, вершы Янкі Купалы, "Матчын дар" Алеся Гаруна, "Беларусь у песнях" Я. Фарботкі, "Дзіцячы спеўнік" Казіміра Сваяка, падручнікі геаграфіі Аркадзя Смоліча і беларускай граматыкі—Браніслава Тарашкевіча, грунтоўнае прафесійнае выданне Я. Пачопкі "Пчолы" (Вільня, 1924), шматлікія іншыя выданні.


Пералік далёка не поўны. Беларуская кніга ў першай палове мінулага стагоддзя карысталася на Дзісеншчыне і Міёршчыне павышанай увагай, адно гэта дае падставы больш падрабязна расказаць пра яе аўтараў. Што характэрна для апошняга часу, літаратараў з мясцовымі каранямі стала больш. Таму патрэбны наступныя публікацыі.


Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.