Авторизация
 

Чароўная прыстань Заходняй Дзвіны ля Дзісны ці па шляху "з вараг у грэкі"

+
Очаровательная пристань Западной Двины около  Дисны или по пути "из варяг в греки"Яшчэ ў сярэднявечча Дзісну ведалі як цэнтр транзітнага гандлю на Заходняй Дзвіне, гэта рака да другой паловы ХІХ стагоддзя асноўны транспартны шлях з паўночных беларускіх зямель у Рыгу, да Балтыйскага мора, шлях "з вараг у грэкі". 
 
Дзісна жыла на даходы ад гандлю. Ужо ў 1813 годзе тут пагружана 31 судна, у 1814-м—90. У 1820 г. на 33 судны паклалі тавараў на 228 466 рублёў, у 1821 г. на 37—на 750 170 руб.У 1826 г. было 9 суднаў і 1764 плыты з агульным коштам грузаў на 367 680 руб. У 70-я гады штогод на водных транспартых сродках адпраўлялі прыкладна на 70 000 рублёў сыравіны, матэрыялаў, тавараў, прадукцыі. У 1897-м на дзвюх прыстанях атаварана 451 судна, 923 плыты, 14 параходаў. У 1903 г.—493 судны і параходы, 715 плытоў на 222 507 руб. Значна павялічыўся аб'ём у 1912-м—1104 плыты, 665 суднаў і параходаў на 1 280 755 руб. Грузы самыя разнастайныя, але вылучалася высокаякаснае льновалакно, ішло за мяжу. У 1891 г. з Дзісны адпраўлена 10 000 беркаўцаў ільну (беркавец—164 кг).
Увядзенне Арлоўска-Рыжскай чыгункі праз Боркавічы падарвала перавозкі па Дзвіне, што кепска паўплывала на даходы ў гарадскую казну. Усё роўна Дзісна развівалася.

Пасля 1905 года павет становіцца цэнтрам маслабойнай прамысловасці губерні. Праз год у ваколіцах горада 11 зборных і 5 арцельных малаказаводаў, якія прадалі за мяжу 5 000 пудоў масла на 10 000 руб., у 1908 г.—на 175 000 руб., а ў 1910—на 260 000. 
Старая частка Дзісны забудоўвалася да вуліцы Парканнай (цяпер там былая школа-інтэрнат), за якой ішлі ўмацаванні Ніжняга замка. Пакрысе за імі ўтварылася прадмесце, заселенае беднатой, бліжэй да Дарожкавічаў размясціўся мікрараён галечы—Пяскі. Калі горад увайшоў у склад Ра-сійскай імперыі, распрацаваны і зацверджаны 1 студзеня 1798 года план яго развіцця. 
Дзісна расла паступова. З 307 дамоў у 1790 г. іх у 1837 г. стала ўжо 414. Тут 2 драўляныя масты, 2 брукаванкі, 22 вуліцы без бруку, 2 плошчы, 6 могільнікаў. 

Архітэктурны выгляд горада ў многім вызначалі культавыя будынкі. Найбольш вылучаўся Уваскрасенскі манастыр, які існаваў у ХV ст. і ўтварыўся пры аднайменнай царкве, лёс якой пачынаецца з ХІІІ ст. Аднак пісьменнае ўпамінанне пра гэтыя дзве святыні датуецца 1633 г. З-за стратнасці і старасці збудаванняў манастыр зачынілі ў 1810 г. У 1773 г. узведзены цагляны касцёл у імя Бязгрэшнага зачацця Багародзіцы. 1858 г.—каталікі яго капітальна адрамантавалі і зрабілі прыходскім. 1870 г.— новая цагляная праваслаўная Уваскрасенская царква. На яе затрачана 25 653 рублі дзяржаўных сродкаў. 1861 г.—праваслаўная капліца. У 1861 г. у горадзе больш за 500 жылых дамоў, 8 з іх цагляных, 73 лаўкі, 2 аптэкі, гарадская бальніца, турма, 2 вучылішчы, 4 сінагогі. Усё гэта займала 40 га з 599-ці. Дзісну фарміравалі дзве асноўныя вуліцы—Замкавая і Уваскрасенская.
 
16 чэрвеня 1882 г. страшны пажар знішчыў амаль усе драўляныя збудаванні. Не пацярпелі толькі Мікалаеўская і новая Уваскрасенская цэрквы, турма і яшчэ некалькі асобных будынкаў. Адразу пачалі аднаўляць. Пераважала цэгла. У старой частцы прымянілі ранейшы план. Яшчэ да пажару вядомы рускі падарожнік Сямёнаў Цянь-Шанскі назваў Дзісну лепшым горадам Віленскай губерні. 
Турма хоць і захавалася, але праз старасць зусім развалілася. У 1991 г. урад прыняў рашэнне будаваць яе ў кожным павятовым горадзе. Буйнейшая—на 50 месцаў—меркавалася ў Дзісне каштарысам 37 165 руб. Час прыспешваў, таму адкупілі двухпавярховы цагляны будынак расійскага віннага таварыства і перарабілі яго ў месца для зняволення. Гэта абышлося ў 12 000 рублёў. 
У 1897 г. спраектавалі новую лячэбніцу, на якую планавалася выдаткаваць 13 281 руб. Узводзіць пачалі праз шэсць гадоў па новым праекце (1903 г.), затрацілі на бальніцу ў 100 ложкамесцаў 41 523 руб. Пастарайся, шаноўны чытач, параўнаць гэтыя выдаткі з названай у пачатку тэксту выручкай за масла. 

У 1901 г. вырашана будаваць Дом народнай цвярозасці, на які меркавалася выдзеліць 9 786 руб.  Гаворка пра былы ГДК, цяперашні Дом рамёстваў. У тым жа годзе складзены каштарыс казначэйства на 24 140 руб. Яно ўзведзена, але ў 1912 г. капітальна рамантавалася, на што пайшло яшчэ 3 300 руб. Гэта двухпавярховы будынак праз дарогу з пажарнай часткай. 
Драўляная Мікалаеўская царква на могілках настолькі згніла, што не падлягала капітальнаму рамонту. У 1908 г. на яе месцы вырашылі ўзвесці новую цагляную за 6 374 руб. 46 капеек. Храм названы ў гонар іконы Святой Адзігітрыі. 

У горадзе было 6 сінагог, малельня старавераў, але яны не вызначаліся ў архітэктурным плане. 
У 1909 г. пабудаваны мост праз раку Дзісну даўжынёй 70,12 сажня. Прычым берагавыя апоры і дзве, што ў вадзе, абліцаваны чэсаным каменем. Аналагаў у Беларусі няма. Гэта вельмі ёмкая і дарагая праца. Значыць, гарадская казна мела фінансы.
Актыўна будаваліся купцы. На былых Александроўскай і Парканнай вуліцах дзе-нідзе захаваліся купецкія будынкі ў два паверхі з вялікімі падваламі. Вельмі многія з іх разбураны ў 1944-м, калі цяжкая артылерыя ўдарыла па пустым дзісенскім цэнтры. 
У 1843 г. у горадзе 582 драўляныя і 86 цагельных дамоў без адміністрацыйных будынкаў, 163 лаўкі, з іх 130 цагляных. У 1904 г. жылых дамоў ужо 841, крытых бляхай—7, дахоўкай—36, дрэвам—775, толем—36 і ніводнага—саломай. 
Вуліцы асвятляліся 110 газавымі ліхтарамі, адзін на 101,8 сажня. Горад квітнеў. 

Фадзей ШЫМУКОВІЧ. 


рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 618
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 617
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 611
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 607
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 714
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 754
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 921
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 декабря 2020
Николай, Платон, Роман

Именины 30 ноября 2020
Геннадий, Григорий, Захар, Иван, Михаил

Госці краін

free counters
Партнеры сайта