Авторизация
 

Пра лёс Марыі Сямёнаўны Ерамеевай і яе мужа Сямёна Макаравіча

+
О судьбе Марии Семёновны Еремеевой и ее мужа Семёна МакаровичаБог дае на ўсіх долю. Адным яна лёгкая, другім выпадае такая, што нават уявіць цяжка, як можа чалавек здолець столькі перажыць. Але кожнаму доля свая, і напэўна, Бог дае сілы яе вытрымаць. Калі нашчадкі пра сваіх продкаў узгадваюць з любоўю і шчырасцю, значыць, вартыя яны памяці. 

Так, нядаўна звярнуліся сваякі Марыі Сямёнаўны Ерамеевай, каб у раёнцы прагадалі пра лёс жынчыны і яе мужа Сямёна Макаравіча. Іх даўно няма ў жывых, але памяць засталася … Аказалася, пра іх пісаў былы намеснік рэдактара Людвіг Касаты ў сваёй кнізе "На хвалях часу" яшчэ ў 1992 годзе. Для перадрукавання аўтар атыкула даў згоду. Безумоўна, з таго часу мінула больш за два дзясяткі гадоў. Марыі Сямёнаўны не стала ў 2001-ым годзе, адышла ў іншы свет праз дзесяць год пасля мужа. Як і ўсе людзі, Марыя Сямёнаўна мела свае звычкі і захапленні: любіла частаваць усіх цукеркамі, а сама была нераўнадушная да бананаў, як прыгадваюць родныя: "марыла пажыць у той краіне, дзе яны растуць". Вось такое простае шчасце людское… З часам не стала ўжо і некаторых іх дзяцей. Сын Міледзій і дачка Соня па-ранейшаму жывуць у Міёрах, Лёня—у Латвіі, там жа дочкі Анфія і Аляўціна, а вось Аляксандр і Віналій—памерлі. Як бачым, па-рознаму склаўся іх лёс, некаторыя ўжо пахавалі нават сваіх дзяцей, "адгалінаванні" іншых раз'ехаліся па свеце. Аднак усіх яднаюць карані, памяць, закладзеная з вякоў і сваякоў, любоў да працы. Напрыклад, сям'я дачкі Аляўціны шматдзетная, мае вялікую гаспадарку і жыве на хутары 
ў Латвіі, хоць гаспадары і ў паважаным узросце, але працы не цураюцца. Жывыя і святыя традыцыі збіраюць пакаленні Ерамеевых за адным сталом на Вялікдзень, калі і не ўсіх, то многіх. Асабліва тыя, хто жыве далёка, стараюцца прыехаць на малую радзіму хоць раз у год. Тады дакладна дружна сустракаюцца разам, наведваюць сваякоў у Мілейках, могілкі. 
 
Зараз звернемся да артыкула Людвіга Касатага пра лёс Ерамеевых.
Маглі памерці сто разоў
1 сакавіка 1992 года Марыі Сямёнаўне Ерамеевай споўнілася 80 гадоў. Цудоўны юбілей жыцця, якое прымушала жанчыну шмат чаго рабіць насуперак сваёй волі. З ласкі "вялікага правадыра" і яго памагатых сям'я гэтай жанчыны трапіла ў Сібір і правяла там больш за 6 гадоў. Без віны былі вывезены пад канвоем салдат. 
І ўсё ж гэта адзінае жыццё ў чалавека, якое ўвабрала ў сябе і жахлівыя, і светлыя моманты.
Старонка першая
З матчыным малаком убірала Марыйка ў сябе будзённасць сялянскай працы. Менавіта яна, сялянская праца і сялянскае жыццё,—тыя ўніверсітэты, якія праходзіла Марыя. Расла цікаўнай і руплівай. Іхні хутар размяшчаўся паблізу вёскі Мілейкі. Па назве вёскі яго так часта і называлі—Мілейкаўскі хутар. 

—Дзяцінства раней занадта не расцягвалася,—дзеліцца думкамі Марыя Сямёнаўна.—Да працы прывучалі змалку. Цяпер жа малых песцяць, шкадуюць, каб не дай Бог чорнай работы не рабілі. А мне здаецца, што няма такой непатрэбнай работы. Правільна, ад якой і моташна стане, і рукі парэпаюцца. Толькі гэта не дзеля пакут, а дзеля жыцця. Вось і мазгуйце самі. У людзей, па крайняй меры ў многіх, цяпер няма натуральнай цікавасці да жыцця. Можа, яно з-за гэтага і зрабілася такім няпростым.
Але вернемся ў дзяцінства Марыі Сямёнаўны. Дзявочыя гады. Яны, бы лісцік на ветры, прамільгнулі ў адначассе. Неўзабаве падаспела замужжа.

—Жыла якраз памежна са сваім хлопцам,—тлумачыць жанчына.—А тады любоў падмацоўвалася пэўным разлікам. Была вялікая спакуса зліць дзве гаспадаркі ў адну. Я стала жонкай свайго Сямёна Макаравіча, а наш зямельны надзел раўняўся 14 гектарам. 
Новая сям'я абжывалася, трывала станавілася на ногі. Адбудаваліся. Былі ўсе неабходныя дваровыя пабудовы. Хапала і жыўнасці. Для сваіх патрэб гаспадар зрабіў нават невялікую кузню…
1939 год паклаў пачатак вялікай вайне. Мужа Марыі Сямёнаўны забралі ў польскую армію. Пасля разгрому Польшы ён трапляе ў савецкі палон. Аднаго разу прывезлі былых салдат польскай арміі ў Шапятоўку, што на Украіне. Там ім прапанавалі выбар. Хто захоча, можа ісці дамоў. Калі ў каго такога жадання няма, то можа запісацца ў армію Андэрса. У людзей было вялікае жаданне змагацца з фашыстамі. Ніякіх там палітычных інтрыг яны не разумелі. Ведалі, што армія Андэрса ствараецца для таго, каб ваяваць супраць гітлераўцаў. Таму Сямён Макаравіч Ерамееў прыняў рашэнне запісацца ў армію. 
Салдат прайшоў цяжкія вёрсты  ваенных дарог. Некалькі разоў паранены, кантужаны. Восем гадоў ён не бачыў сваёй сям'і. Лёс усё ж да яго быў літасцівы. Ён вярнуўся да жонкі і сваіх дзетак. 
Сям'я адчула палёгку, бо гаспадар у доме многае значыў. Нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Здавалася, што жыццё ішло на лад. Толькі…

Старонка другая
Ёсць адно славянсвае паданне аб Юдавым полі. Калі павешаўся Юда,—страшная ноч апусцілася на зямлю. Ніхто не хацеў закапаць мерцвяка. Нават звяры і птушкі гідзіліся яго брыдкага цела. І толькі чорныя груганы паквапіліся на дармовы корм. Яны ірвалі вантробы вісельніка, пілі чорную кроў, і, наеўшыся, ляцелі прэч. Толькі не стала цела здрадніка іхняй ежай. Летучы, груганы захліпаліся Юдавай крывёй, і страшныя ваніты падалі на зямлю. І там, дзе ўпала хоць адна кропля, нараджаўся здраднік-даносчык.
Пападалі кроплі Юдавай крыві і на наш край. Па даносе людзей хапалі ў "чорны воран", і тыя знікалі бясследна. Такая доля напаткала і сям'ю Ерамеевых. Марыя Сямёнаўна і сёння не можа сказаць, чаму іх вывезлі. "Мабыць, нехта лішняе сказаў. Даносіць на нас не было за што,—расказвае яна.—Аднаго неасцярожнага слова хапала, каб цябе арыштавалі. А, зрэшты, маглі нешта наплявузгаць, асабліва ў дачыненні да таго, што муж служыў у арміі Андэрса".
Той дзень Марыі Сямёнаўне ўрэзаўся назаўсёды. Успамін пра яго—пякучы боль для душы. Здарылася гэта 1 красавіка 1951 года. Нечакана ў іхні двор на санях уехала некалькі падвод з салдатамі.
—Мяне ўсю скаланула, як толькі ўбачыла салдат на двары,—гаворыць Марыя Сямёнаўна.—Зразумела, што нашы справы кепскія. Вайскоўцы зайшлі ў хату. Адзін з вінтоўкай адразу стаў ля дзвярэй, а нехта з іх скамандаваў: "Збірайцеся!" А што там збірацца? Апрануліся самі і дзяцей апранулі. Думалі ўзяць з сабой збожжа, але ў санях не знайшлося месца. Усё пакінулі. Удалося прыхапіць толькі невялікі мяшок бульбы. Гароху некалькі кілаграмаў і яшчэ тое-сёе з харчоў.
Арыштантаў прывезлі ў Міёры на чыгуначную станцыю. Там яшчэ прабылі двое сутак. А потым падагналі вагоны, і ўсіх пагрузілі. Вагоны не прыстасаваны для перавозкі людзей, халодныя. Праўда, тое-сёе перароблена: уздоўж сцен стаялі нары, а па канцах вагона—невялікія печкі. У такіх вось умовах правялі больш за паўмесяца. Куды вязуць—ніхто не ведаў. Пра сябе толькі адзначалі, што пайшлі сібірскія прасторы. Сібір. Гэта слова было на вуснах людзей. Яна па-рознаму ўяўлялася. Канкрэтна ніхто не мог нічога сказаць. 
У дарозе ў першую чаргу пакутавалі дзеці. На руках быў аднагадовы Віналій. У 20-ых чыслах прыехалі ў Іркуцкую вобласць. У гэтых месцах атрымалі загад выгружацца.

Старонка трэцяя
Так беларускія людзі сталі сібіракамі. Сям'я Ерамеевых апынулася ў вёсцы Маргуды непадалёку ад невялічкага гарадка Усоля паблізу Ангары. Ён быў накшталт райцэнтра. Тут былі створаны буйныя леспрамгасы.
—Нас прывялі да нейкага жытла,—успамінае жанчына.—Пазней мы даведаліся, што гэта так называемыя баракі. Агледзеліся. Ад самотнага позірку мужа стала тужліва. Думалася: цяжка разлічваць на дапамогу. Усе былі наэлектрызаваныя. Расколваліся галовы. Але ж што зробіш, трэба неяк прызвычаіцца. Барак складаўся з шасці невялікіх пакояў. У адзін з такіх пасялілі нашу сям'ю.
Сямён Макаравіч адразу пачаў працаваць у леспрамгасе. Рабочыя нарыхтоўвалі драўніну, падвозілі яе да ракі. Вясной пачыналі сплаўляцца. Працаваць даводзілася шмат і цяжка.
З удзячнасцю ўспамінае Марыя Сямёнаўна тых, хто раней трапіў на пасяленне. Людзі дзяліліся, чым маглі. Перасяленцы таксама імкнуліся дапамагчы адзін аднаму, хаця, здавалася, што душы людзей павінны былі асатанець. Нават у такіх умовах зло не атрымала поўную перамогу.
На новым месцы сям'ю напаткала яшчэ адна нечаканасць: нарадзілася двойня. Сынкоў назвалі Міледзій і Леанід. Марыя Сямёнаўна ўспамінае:
—Разумею: ішло паляванне на чалавека, на яго душу. Але ж чалавечнае ў людзей сталіністам вынішчыць не ўдалося. Хаця знешне асатанеласць праяўлялася, бо жылі ў такім асяроддзі, унутры іх усё ж душа… Пасля смерці Сталіна ўсё часцей чуліся размовы, што дазволяць вярнуцца ў родныя мясціны. Не зусім зразумелае слова рэабілітацыя ўспрымалася як вызваленне. І яно наступіла. Ужо ў 1957 годзе некаторыя пачалі выязджаць з Сібіры. Неўзабаве гэты край пакінула і сям'я Ерамеевых.

Старонка чацвёртая
Не хлебам-соллю сустрэла родная старонка Ерамеевых. Ранейшая гаспадарка была канфіскавана. Прыехалі да брата. Дзеці спалі нейкі час у саломе пад хлявом. Потым сям'і выдзелілі ў поўным сэнсе гэтага слова хлеў. Будыніну крыху падладзілі, зрабілі ў ёй печ, пачалі жыць. Адразу ж сталі працаваць у калгасе. Дзесяць гадоў сям'я тулілася ў хляве.
—Каб забраць нас, спатрэбілася адна хвіліна,—гаворыць Марыя Сямёнаўна.—Калі ж вярнуліся, нікому не было справы. Біліся, як рыба аб лёд, каб неяк выжыць. Сама Марыя Сямёнаўна шмат гадоў працавала даяркай. І ўсё ж, дзякуючы руплівасці і працавітасці мужа і жонкі Ерамеевых, удалося пабудаваць свой дом, абзавесціся гаспадаркай. Ужо пасля вяртання нарадзілася яшчэ адно дзіця. А ўсяго ў сям'і сямёра дачок і сыноў: Анфія, Аляўціна, Віналій і Лёня, Соня, Міледзій і Саша… 
Муж і жонка пражылі суладным жыццё больш за 50 гадоў. Марыя Сямёнаўна не "штурмавала" льготы. Атрымала калгасную пенсію, і жыве. Напэўна, не наважылася б нешта патрабаваць, пісаць. Дзеці гэта зрабілі за яе.
—Гады тры нічога не было чуваць,—гаворыць жанчына.—А тут кажуць: у раёне вырашылі тваю справу…
Марыя Сямёнаўна Ерамеева мае даволі багата ўзнагарод. Маці-гераіня. Гэты яе подзвіг адзначаны ордэнам "Мацярынская слава". Ёсць медаль "За працоўную адзнаку", а таксама ордэн "Знак Пашаны".
…—Я не разумею,—дзеліцца жанчына,—як у наш час могуць быць беспрацоўныя. Паглядзіш: працы хапае, толькі жаданне. Жыць можна цяпер, абы не было вайны.
…Мне здаецца, час бяздзеяння прайшоў. Пераадолець бы нам час бездухоўнасці. Успомніць усіх нашых землякоў, якім лёсам было наканавана жыць у іншых месцах не па сваёй волі. Напісаць пра гэта. Хоць такім чынам пазбегнуць бяспамяцтва.
Людвіг КАСАТЫ.  


рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 370
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 983
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 726
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 541
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 375
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 592
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 724
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 августа 2020
Герман, Иван, Кирилл, Климент, Константин, Наум, Николай, Платон, Анфиса

Именины 8 августа 2020
Игнатий, Моисей, Сергей, Федор, Прасковья

Госці краін

free counters
Партнеры сайта