Вести из прошлого
gazeta 24-12-2015, 14:58 0 Гісторыя краю

Першая аўтааварыя
17 ліпеня 1931 года ў шасці кіламетрах ад мястэчка Мёры па дарозе на Браслаў ехаў аўтамабіль фабрыканта Дабравольскага з Плятарова ў Браслаўскім павеце, які быў жанаты на Яніне— дачцэ вядомага грамадскага дзеяча, натарыуса з Вільні Яна Клёта. Хутчэй за ўсё зяць паслаў машыну ў маёнтак Мёры (зараз Клётаў Двор). На крутым павароце дарогі з вялікім абрывам неспадзявана перад машынай выскачыла 18-гадовая дзяўчына Антаніна Ашмяга з блізкай вёскі Далгоўка (на тагачаснай карце яна злева каля сучаснага перакрыжавання дарог Полацк-Браслаў і майстэрня—Камянполле). Шафёр Ян Маховіч, спрабуючы пазбегнуць наезду, павярнуў руль рэзка ўправа, ды толькі дзяўчына кінулася таксама туды і апынулася пад коламі. Ад рэзкага тармажэння машыну развярнула, і яна скацілася, перавярнуўшыся некалькі разоў, пад абрыў. Толькі дзякуючы шчасліваму лёсу шафёр і Ян Клёт атрымалі ўсяго па некалькі сінякоў. Больш пацярпела жонка Яна—Гелена Клёт. Яе даставілі ў Мёры, дзе аказалі першую лекарскую дапамогу. Найбольш атрымала траўм дзяўчына, вінаватая ў здарэнні, яе ў цяжкім стане змясцілі ў павятовую бальніцу.
Хросны бацька—прэзідэнт
№50 за 1935 год, вёска Мазурына ля Дзісны. У селя-ніна Яна Арцімёнка 22 мая нарадзіліся двайняты—восьмае і дзявятае дзеці ў гэтай сям'і. Прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацы Масціцкі выказаў згоду стаць хросным бацькам немаўлят. Яго імя было ў такой якасці ўпісана ў метрычную кнігу. На кожнае дзіця заве-дзена ашчадная кніжка, на якую пакладзена ад імя прэзідэнта па 50 злотых, па тым часе даволі значная сума.
Культурнае жыццё
У №55 "Кур'ера…" за 1936 год змешчана заметка з в. Фролкава. Яна апавядае пра актыўную дзейнасць тэатральнага аб'яднання, якое было створана пры гуртку вясковай моладзі. Яго план прадугледжваў падрыхтоўку і правядзенне тэатральных пастановак з 13 красавіка да 29 чэрвеня. Грошы ад іх прадугледжвалася накіраваць на лігу супрацьпаветранай абароны, саюз рэзервістаў, пабудову народнага дома і ўзвядзенне плябаніі. За паўтара года тэатральнае аб'яднанне зрабіла 9 тэатральных пастановак, якія карысталіся вялікай увагай насельніцтва. Сабраных ад іх сродкаў хапіла на выезд у Вільню на ўрачыстасці перазахавання сэрца маршалка Пілсудскага на могілках Роса.
Вёскі Грыгаравічы даўно няма, а ў 30-х гадах мінулага стагоддзя там віравала жыццё. Цяжка працавалася мясцоваму настаў-ніку, бо ў класах колькасць вучняў даходзіла да сотні. Мала ўрокаў сказвалася на выхаваўчым працэсе. І настаўнік Антоній Салаўёў пераносіць заняткі ў святліцу. Там у цёплым памяшканні з чыстым паветрам арганізоўвае разнастайную работу з вучнямі. Асабліва яна актывізавалася, калі настаўнік набыў трохлямпавы радыёпрыёмнік "Рэха". Гэта спадабалася нават бацькам, і дарослыя былі гатовы ў вольную хвіліну наведваць школу.
Звон у імя маршалка
Два артыкулы ў нумарах "Кур'ера…" за 22 і 26 чэрвеня 1937 года прысвечаны асвячэнню звона ў імя Юзафа Пілсудскага ў касцёле вёскі Вята. Гэты храм пабудаваны ў 1932-1934 гадах за кошт ахвяраванняў мясцовых жыхароў і польскіх пагранічнікаў, арганізатарамі сталі ксяндзы Юзаф Бародзіч з Мёр і Ян Завістоўскі з Лявонпаля. Галоўнымі будаўнікамі з'явіліся цесляры браты Анашка і Галубы. Невялікі храм на сумежжы Расіі, Латвіі і Польшчы асвечаны ў імя Яна Хрысціцеля. Сродкі на звон для яго сабралі афіцэры ваенна-марскога флоту і корпуса малодшых афіцэраў. На ім пад выявай маршалка занаходзіўся надпіс "І каму дарога адчынена да неба, таму, хто служыць Айчыне", а яшчэ "Бог. Гонар.Айчына" і іншыя. Урачыстае асвячэнне адбылося 24 чэрвеня, калі на свята Яна Хрысціцеля сабралася некалькі тысяч чалавек розных парафій і канцэсій. Адначасова асвечаны абраз для галоўнага алтара Маці Божай Вострабрамскай, які ахвяравала пані Мірская з маёнтка Устжэжа.
Але не доўга звінеў звон у святыні ў Вяце. Пасля вайны касцёл зачынілі для зернесховішча, потым для склада. Абразы вернікі разабралі па хатах, а звон Лісоўскі схаваў у курніку. Толькі напачатку 90-х капліца вернута вернікам, яе асвяціў пробашч з Ідолта Антоній Лось. Але з часам вернікаў у Вяце амаль не засталося, вежы святыні ў аварыйным стане. Таму звон перавезлі ў Міёрскі касцёл.
Падрыхтаваў Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.