Міжнароднаму дню помнікаў і памятных месц, які адзначаецца 18 красавіка, у Беларусі прысвечана акцыя "Фэст экскурсаводаў". Прадугледжваецца, што работнікі музеяў, краязнаўцы прапануюць усім, хто хоча больш ведаць пра мінулае родных мясцін, экскурсіі, падарожжы, паездкі, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Не застаўся ў баку ад такой справы і настаўнік гісторыі Міёрскай СШ №3 Вітольд Ермалёнак.
Ён прапануе ў гэты дзень экскурсію "Святыня над возерам". Так, сама назва сведчыць пра яе змест — у першую чаргу гэта гісторыя будаўніцтва касцёла. Не выпадкова збор экскурсантаў аб'яўлены на 9.00 ля каталіцкага храма. Але Вітольд Антонавіч мае намер яшчэ расказаць пра славутых землякоў, тутэйшыя роды, сярод якіх найбольш вядомыя Мірскія і Клодты, мінулае райцэнтра. Так што далучайцеся, не пашкадуеце.
Дарэчы, своеасаблівым працягам гэтага мерапрыемства стане 18-га мая — Дзень музеяў. Напярэдадні яго — 15-га — адбудзецца адкрыццё этнаграфічнага музея ў двары СШ №3. Цяпер Вітольд Антонавіч займаецца расстаноўкай экспанатаў у памяшканнях свайго новага дзецішча, якое плануе назваць "Вясковай (магчыма — сялянскай) хатай". Ужо цяпер у ёй людзі старэйшага веку могуць узгадаць, як калісьці жылі іх дзядулі і бабулі, пабачыць элементы старога інтэр'ера, прылады працы і ўжытку, мэблю, вырабы ганчароў і бондараў, іншых майстроў. Больш таго, экспазіцыю можна папоўніць рэчамі, якія даўно не выкарыстоўваюцца, вынесены ў хлявы, кладоўкі ці на гарышчы. Надайце другое жыццё непатрэбным вам прыладам, скрыням і куфрам, дыванам, нават чапёлам.