Сіцькоўскай СШ-саду—25

Сіцькоўскай СШ-саду—25
Здаецца, нядаўна была ўзведзена тыпавая Сіцькоўская сярэдняя школа, а ўжо 19 лістапада адзначылі 25-годдзе. Хацелася б крыху нагадаць пра яе папярэдніцу—Акунёўскую СШ.

Яшчэ за польскім часам у Акунёве працавала пачатковая школа. У 1944 годзе пасля выгнання фашысцкіх захопнікаў адкрылася сямігодка. Востра стаяла праблема размяшчэння вучняў. Да школы дабудоўвалі новыя класныя пакоі, для чаго выкарыстоўвалі пакінутыя дамы. Так рабілі дырэктары Зязюлін, Чарняўскі. З цяжкасцю ўдалося вырашыць пытанне.

У 1952-ім на базе Акунёўскай сямігодкі адкрываецца сярэдняя школа. Праз чатыры гады новы дырэктар Б. Е. Сяляўка працягвае справу сваіх папярэднікаў, перавозіць будынак былога памешчыка Якавіцкага, працягвае будаўніцтва. Атрымаліся яшчэ тры класныя пакоі. Тым не менш у адну змену ўсіх дзяцей нельга было размясціць. Трэба ўлічыць, што хадзілі яны па бездарожжы за 7-8 кіламетраў.

У 1961 годзе дырэктар Павел Мікітавіч Юхно пашырае школу яшчэ на тры пакоі. На нейкі перыяд сітуацыя нармалізавалася.
Настаў час, які запатрабаваў стварэння кабінетнай сістэмы, а гэта напрамую было звязана з наяўнасцю класных пакояў. Іх па-ранейшаму не хапала. Абходным шляхам удаецца ўзяць зруб у лясгасе і зрабіць з яго кабінет фізікі. У той час на пасаду дырэктара быў прызначаны я. За ажыццяўленне свайго плана будаўніцтва атрымаў вымову, школа—новы кабінет. Дарэчы, у той час навучальная ўстанова ўяўляла сабой цэлы гарадок з шасці будынкаў.

Паралельна фарміраваўся педагагічны калектыў. У розныя перыяды працавалі цудоўныя педагогі Іван Пятровіч Чарняўскі, Алена Трафімаўна Талапіла, Вольга Феліксаўна Бахман, Павел Мікітавіч Юхно, Барыс Емяльянавіч Сяляўка, Вольга Піліпаўна Яленская, Юнія Канстанцінаўна Васілёнак, Іосіф Мікалаевіч Мялешка, Галіна Канстанцінаўна Людская, Галіна Клеафасаўна Макарская, Галіна Пракопаўна Панкрат, Лідзія Сямёнаўна Пузанава. Гэта былі аднадумцы, якія вырашалі складаныя задачы навучання і выхавання.

Вядома, школа славіцца не колькасцю, а дасягненнямі сваіх вучняў. Многія выпускнікі сталі вядомымі людзьмі. Мікалай Георгіевіч Яленскі—доктар педагагічных навук, прафесар, працуе ў Мінску. Мікалай Міхайлавіч Шайтар—доктар тэхнічных навук, прафесар, капітан 1-га рангу, начальнік кафедры Севастопальскага ваенна-марскога вучылішча падводнага плавання. Яшчэ адзін прафесар Браніслаў Іосіфавіч Кодзіс жыве і працуе ў Польшчы. Тамара Аляксандраўна Маняк—настаўніца нямецкай мовы Міёрскай СШ №2. Дырэктарам Полацкага медвучылішча з’яўлялася Зінаіда Мікалаеўна Сініца. Спіс можна працягваць.

Розныя працэсы адбываліся ў сельскай мясцовасці: змяншалася колькасць насельніцтва, пераносілі цэнтры гаспадарак. Настаў час, калі далейшае ўтрыманне школы ў Акунёве стала нямэтазгодным.

Урачыстасць
19 лістапада ў актавай зале Сіцькоўскай школы адбыўся ўрачысты сход. Педагогі прадумалі праграму, якая была цікавай і нестамляючай. Нумары мастацкай самадзейнасці падрыхтавалі навучэнцы.

Сіцькоўскай СШ-саду—25
Выступілі першы дырэктар школы Галіна Пракопаўна Панкрат, былы старшыня калгаса “Шлях да камунізму” і галоўны ініцыятар будаўніцтва навучальнай установы ў Сіцькове Юрый Міхайлавіч Скавародка, былы дырэктар, а цяпер намеснік начальніка аддзела адукацыі Полацкага гарвыканкама Пётр Адамавіч Апановіч. Затым на сцэну запрасілі былую выпускніцу Акунёўскай СШ, якая цяпер узначальвае педагагічны калектыў Сіцькоўскай, Валянціну Іванаўну Супрун. Яна падрабязна расказала пра тое, што ўдалося зрабіць за апошнія пяць гадоў. Педагогі імкнуліся павысіць якасць выкладання і выхавання. Падкрэсліла, што кожны стараецца працаваць з аддачай. У першую чаргу гэта намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Іванаўна Яроменак, педагогі Любоў Уладзіміраўна Белазорчык, Алена Паўлаўна Матылёнак. 25 гадоў выкладае нямецкую мову Вера Мікалаеўна Яленская. Значны ўклад у фарміраванне асобы ўносяць выхавальнікі дашкольных груп Ірына Пятроўна Шымуковіч і Лідзія Мікалаеўна Талапіла, якія з настаўнікамі пачатковых класаў Вольгай Сяргееўнай Ратовай, Аленай Мікалаеўнай Шамшур і Таццянай Георгіеўнай Крыўко працуюць у цесным кантакце. Маладыя настаўнікі Вольга Георгіеўна Супрун і Кацярына Сяргееўна Лабацэвіч старанна пераймаюць вопыт старэйшых.

Шэсць гадоў у школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры працуе Алена Аляксандраўна Стома. Яе вучні выходзяць пераможцамі раённых алімпіяд, удзельнічаюць у абласных.
Больш 20 гадоў вядзе ўрокі тэхнічнай працы Уладзімір Дзмітрыевіч Расанец, які актыўна дапамагаў ствараць матэрыяльна-тэхнічную базу, афармляць будынак і тэрыторыю.

Настаўніца абслугоўваючай працы Вера Мяфодзьеўна Пачопка шмат увагі надае пытанням добраўпарадкавання. Ля школы з’явілася шмат кветнікаў.
Заслугоўвае цёплых слоў настаўнік фізічнага выхавання Аляксей Іосіфавіч Шульга.

Каму давялося працаваць дырэктарам, той добра разумее, якое значэнне мае намеснік па гаспадарчай частцы, калі ён на сваім месцы. У такім выпадку для кіраўніка школы больш часу застаецца на арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу. Георгій Іванавіч Ціхановіч з’яўляецца менавіта такім памочнікам.
Нядрэнна аформлены кабінеты-класы. У школе стала традыцыяй праводзіць творчыя заняткі. Значная колькасць выпускнікоў паспяхова вучыцца ў вышэйшых навучальных установах.

Начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Валерый Анатольевіч Драба падкрэсліў, што школа пад кіраўніцтвам Валянціны Іванаўны Супрун упэўнена крочыць наперад.

Давялося выступіць і аўтару гэтых радкоў. Калі раней клапаціліся пра размяшчэнне хлопчыкаў і дзяўчынак, то цяпер карціна змянілася. У прасторных і светлых класах-кабінетах мала навучэнцаў.

Уражанні
На юбілей ехаў з задавальненнем. Нецярпелася пазнаёміцца са школай, якая стала пераемніцай Акунёўскай, у якой прайшлі мае лепшыя гады. Хацелася зрабіць параўнанні. Адразу заўважаецца, калі пераступаеш школьны парог, што тут жывуць і працуюць добрыя гаспадары. Прышкольная тэрыторыя дагледжана, агароджана, прыгожыя лаўкі. І хаця была глыбокая восень, бачылася, што летам тут шмат кветак. Усё зроблена з густам, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню школьнікаў.

Гасцінна сустрэла Валянціна Іванаўна. І хаця мы з ёй не бачыліся амаль 40 гадоў, пазналі адзін аднаго. Агледзеў школу, суправаджаў мяне муж дырэктара Георгій Мікалаевіч. Пабыў у школьным музеі, ад якога засталіся самыя добрыя ўражанні. Настаўніцы гісторыі Раісе Аляксандраўне Шымуковіч разам з іншымі настаўнікамі і навучэнцамі ўдалося стварыць сапраўдны музей, а не склад старажытных экспанатаў.

Школьныя кабінеты прасторныя і ўтульныя. Так і хочацца сесці за парту і пабыць вучнем. Дарэчы, Георгій Мікалаевіч на другім паверсе ўласнаручна замяніў аконныя рамы, ды яшчэ дапамог у гэтым Цвецінскай СШ.
Спадабаўся канцэрт. Гэта былі не проста забаўляльныя нумары, а гімн школе і настаўнікам. Юныя артысты ўмела падкрэслівалі лепшыя чалавечыя якасці сваіх педагогаў. Мяркую, што дарослыя вялікую ўвагу надаюць выхаваўчай рабоце, вучаць сваіх падапечных паважліва ацэньваць чужую працу. Юныя артысты дзякавалі за старанне тэхнічным работнікам Раісе Мікалаеўне Мішута і Зоі Уладзіміраўне Маслоўскай.

Для настаўніка няма большага шчасця, калі вучні не толькі дасягнулі твайго ўзроўню, але і перавысілі яго. Якраз у гэтым сутнасць прагрэсу. Дамоў вяртаўся з думкамі, што зярняты дабрыні, пасеяныя раней, далі добрыя ўсходы. Так трымаць і далей!

Ф. ШЫМУКОВІЧ,
былы дырэктар Акунёўскай СШ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.