Два здымкі зроблены з аднаго месца на вуліцы Камуністычнай у райцэнтры, толькі іх падзяляе не менш за 40 гадоў. Бачыце, тонкія бярозкі сталі вялікімі дрэвамі, зніклі незабудаваныя ўчасткі. 16-кватэрныя двухпавярховыя дамы тут пачалі ўзводзіць у пачатку 60-х. Цяпер іх зняважліва называюць "хрушчоўкамі", але ў свой час яны ў значнай ступені дапамаглі вырашыць вострае жыллёвае пытанне многім сем'ям. Аказваюцца запатрабаванымі двухпакаёвыя кватэры ў іх і цяпер: індывідуальныя прадпрымальнікі масава адкрываюць на першых паверхах прыватныя магазіны.
Так Камуністычная становіцца камерцыйнай вуліцай, абнаўляецца. У яе пачатку мінулай восенню пачалася рэканструкцыя. Намеснік старшыні райвыканкама Л.І. Лясовіч запэўнівае, што на гэтым справа не закончыцца. Цяпер распрацоўваецца праект далейшага добраўпарадкавання цэнтральнай магістралі Міёр. Прадугледжваецца, што яна стане больш шырокай. Па абодвух баках пешаходныя дарожкі намячаецца пакрыць тратуарнай пліткай, засеяць травой газоны. Абнавіцца ліўневая каналізацыя. Магчыма, такія работы запатрабуюць выкарчоўкі бяроз. Але тады на іх месцы з'явяцца туі, ядлэнец ці іншыя дэкаратыўныя кустовыя расліны. Іншы выгляд набудзе вулічнае асвятленне. Але перамены — справа будучыні. А цяпер параўнайце здымкі, каб даць сваю ацэнку зробленаму за мінулыя дзесяцігоддзі. І пры выпадку няспешна прайдзіцеся з сям'ёй па цяперашняй Камуністычнай, адна назва якой навявае самыя розныя пачуцці — ад настальгіі да здзіўлення. Хутка яна зноў будзе не такой.
Усё мяняецца, мы з вамі — таксама.
Здымкі Казіміра БЛАЖЭВІЧА
каменціраваў Леанід МАТЭЛЕНАК.