Кавалеры ордена солдатской Славы

"Слава — тавар нявыгадны: каштуе дорага, зберагаецца дрэнна", — пісаў Анарэ дэ Бальзак. Наўрад ці знойдзецца сёння чалавек, які б не ведаў пра народнага героя Васіля Іванавіча Чапаева. Але не кожнаму вядома, што ён быў поўным георгіеўскім кавалерам: меў чатыры Георгіеўскія крыжы — самую ганаровую ў старой рускай арміі салдацкую ўзнагароду. Не многія ведаюць кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай, сярод якіх ёсць і нашы землякі.

 

Знак адзнакі ордэна Святога Георгія зацвердзіў 13 лютага 1807 года імператар Аляксандр І. Узнагарода ўяўляла сабой сярэбраны крыж, які насілі на ордэнскай стужцы каля 4 см шырынёй, падзеленай удаўжыню на пяць палос. Крайнія і сярэдняя палосы былі чорнымі, яшчэ дзве — жоўтымі. Чорны колер азначаў смерць Святога Георгія, жоўты — яго ўваскрэшанне. Такая стужка называлася георгіеўскай. 


Гэтую ўзнагароду атрымлівалі радавыя і ўнтэр-афіцэры за мужнасць і доблесць, праяўленыя ў баях. Спачатку яна мела адну ступень. Толькі ў 1856 годзе рэформай імператара Аляксандра ІІ быў зацверджаны ордэн 4-х ступеняў: І і ІІ — залатыя крыжы, ІІІ і ІV — сярэбраныя. Вышэйшай ступенню лічылася І, самай нізкай—ІV. Права ўзнагароджваць падначаленых мелі камандуючыя арміямі і камандзіры асобных карпусоў з наступным зацвярджэннем іх рашэння імператарам. З 1913 года знак стаў называцца Георгіеўскім крыжам.


Кавалерам знака належыла надбаўка да жалавання ў адну трэцюю. Пры ўзнагароджанні знакам ІІІ ступені дадавалася яшчэ адна трэцяя. За ІІ і І—па адным жалаванні. Такім чынам, поўны кавалер ордэна Геор-гіеўскага крыжа ў дадатак да асноўнай сумы атрымліваў яшчэ дзве цэлыя і дзве трэція жалавання. Гэтая надбаўка захоўвалася за кавалерам да яго смерці. Таксама без суда да яго нельга было выкарыстоўваць цялесныя пакаранні.


Георгіеўскім крыжам узнагароджваліся многія салдаты і ўнтэр-афіцэры. Толькі падчас вайны з напалеонаўскай Францыяй яго атрымала больш за 41 тысячу чалавек. У Крымскую вайну 1853-1856 гг.—больш за 24 тысячы, у руска-японскую 1904-1905 — 87 тысяч.


Ордэн Славы быў зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 8 лістапада 1943 года і меў тры ступені: І — вышэйшая, з золата, ІІ і ІІІ — са срэбра. За здзейснены асабісты подзвіг ордэн атрымлівалі радавыя і сяржанты, а ў авіяцыі і малодшыя лейтэнанты. Узнагароджанне ішло ў строгай паслядоўнасці — ад ІІІ да І ступені.
Першым кавалерам ордэна Славы ІІІ ступені стаў старшы сяржант Васіль Малышаў, узнагародны ліст на якога падпісаны 13 лістапада 1943 года. Падчас бою сяржант падабраўся да варожага кулямёта, які стрымліваў рух нашых войск, і знішчыў яго гранатай. Пазней В. Малышаў заслужыў ордэн Славы ІІ ступені.


У гісторыі гэтай узнагароды ёсць унікальны выпадак, калі яе атрымаў увесь асабовы састаў батальёна. У студзені 1945-га 1-ы батальён 215-га гвардзейскага стралковага палка хутка тараніў непрыступную абарону праціўніка на Пулкаўскім плацдарме за Віслай, забяспечыўшы рух наперад усёй дывізіі. Камандаваў батальёнам 23-гадовы маёр Барыс Емяльянаў. Гераізм праявіў увесь асабовы састаў, нават раненыя адмаўляліся ісці ў тыл. Калі шлях перагарадзіў нямецкі кулямёт, гвардыі старшы сяржант Іван Пяроў закрыў яго сваім целам.
Па рашэнні ваеннага савета 69-й арміі ўвесь радавы і сяржанцкі састаў быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Славы, камандзіры ўзводаў — ордэнам Аляксандра Неўскага, камандзіры рот — ордэнам Чырвонай Зоркі. Асобным рашэннем савет прысвоіў батальёну званне "Батальён Славы".
За гады Вялікай Айчыннай кавалерамі ордэна Славы ўсіх трох ступеней стала больш за 2500 воінаў. Сярод іх чатыры жанчыны — снайпер Ніна Пятрова, паветраны стралок-радзіст Надзея Журкіна, кулямётчыца Данутэ Станіэлене, санінструктар Матрона Нечапарчукова. Каля мільёна салдат і сяржантаў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. Сярод іх наш зямляк, ураджэнец вёскі Салаўі Васіль Чэрап, чый ордэн знайшоўся толькі некалькі год таму.


Фадзей ШЫМУКОВІЧ, краязнаўца.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.