Образование на Миорщине после войны

Образование на Миорщине после войны Пасля выгнання фашыстаў у нашай мясцовасці былі адноўлены ранейшыя Дзісенскі і Міёрскі раёны. У гэтым матэрыяле размова на падставе архіўных матэрыялаў пойдзе пераважна пра непасрэдна Міёрскі. Для развіцця адукацыі час быў цяжкі. Па-першае, за гады вайны разбурана і спалена 29 школьных будынкаў. Не стала іх у Новым Пагосце, Вялікай Глінаўцы, Мікалаёве, Язне і іншых населеных пунктах. Па-другое, з'явілася шмат так называемых пераросткаў, дзяцей, якія не атрымалі адпаведнай свайму ўзросту адукацыі. Ды і сірот розных узростаў было нямала. Па-трэцяе, не хапала настаўнікаў. Тыя, што працавалі ва ўмовах акупацыі, былі расстраляны партызанамі ці рэпрэсіраваны пазней, або з-за боязі пакаранняў аказаліся на Захадзе. У працуючых школах не хапала мэблі, абсталявання, падручнікаў, пісьмовых прылад. Вялікай праблемай з'яўлялася значная колькасць непісьменнага дарослага насельніцтва.

 

Дакументы Глыбоцкага дзяржаўнага занальнага архіва сведчаць, што неўзабаве пасля вызвалення з Друі ў Міёры была перанесена сярэдняя школа. Усяго пачало дзейнасць 57 школ, у якіх селі за парты амаль пяць тысяч дзяцей. Для сірот адкрыты дзіцячыя дамы ў вёсках Александрова, Гарані, Дзедзіна, Вянужжа.
Першым загадчыкам Міёрскага раённага аддела народнай асветы прызначаны Павел Андрэевіч Новікаў, былы партызан атрада імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага. Менавіта яму з 22.07.1944 года да 25.08.1945-га давялося вырашаць самыя складаныя пытанні пасляваеннага аднаўлення школьнай сістэмы. Але дапамагаў пэўны вопыт педагагічнай дзейнасці, бо меў адпаведную адукацыю і да вайны настаўнічаў, быў дырэктарам у школах Расоншчыны.


Пазней на працягу трох з паловай гадоў райАНА ўзначальваў Герасім Пракопавіч Шаўкун. Па яго прапанове рашэннем райвыканкама ад 21 чэрвеня 1946 года на базе пачатковых школ адкрыты сямігодкі ў Дварнасельскім і Узмёнскім сельсаветах. Прадугледжвалася іх аснашчэнне інвентаром, мэбляй і педагагічнымі кадрамі. Адначасова ствараліся тры пачатковыя школы ў аддаленых вёсках, што знаходзіліся за 6-7 кіламетраў ад дзеючых навучальных устаноў. Напрыклад, у Цілеўцах (Дварнасельскі сельсавет) і навакольных населеных пунктах каля 60 малалетак не вучылася. У Гір'ятах такіх было 30, у Мнюхах (Чэраскі сельсавет) — 71. Прытым ліквідавана школа ў Новым Двары (Павяцкі сельсавет), бо блізка дзейнічалі вучэльні ў Павяцці і Орцах.


Але Міёрскі раён (тады ён уваходзіў у склад Полацкай вобласці) падвергся крытыцы аблАНА, што не арганізавана школа рабочай моладзі. У загадзе ад 21 лістапада 1946 года выказана прэтэнзія да незабеспячэння ўсеагульнага навучання дзяцей — 514 малых адпаведнага ўзросту не села за парты. Непасрэдна Г.П. Шаўкуну выказаны папрок, што дрэнна арганізавана работа педкабінета, дзе нават няма загадчыка, слабы кантроль за павышэннем ідэйна-палітычнага ўзроўню настаўнікаў, павярхоўная праверка школ (сам наведаў толькі 10), слабая вучэбна-выхаваўчая работа ў Александроўскім дзіцячым доме, у дзіцячых дамах няма паліва напярэдадні зімы. Гэтага хапіла на вымову. У тым жа загадзе ўтрымліваюцца ўказанні, як выправіць недахопы.


3 снежня 1946 года Міёрскі райвыканкам зацвердзіў агульную колькасць пачатковых школ у раёне — 55 са 125 камплектамі класаў. Адначасова ў вобласць накіравана просьба дазволіць захаваць у сямігодках класы з колькасцю вучняў менш за 15 чалавек у сувязі з тым, што гэтыя школы размешчаны далёка адна ад другой— за 18-27 кіламетраў — і вучням іх немагчыма наведваць.
У загадзе аблАНА №43 ад 12 лютага 1947 года адзначана, што ў Міёрскім раёне (загадчык райАНА В. Каржанеўскі) з-за дрэннай работы педкадраў, масавага адсеву вучняў, малой іх колькасці ў класах школа рабочай моладзі перастала існаваць. А па выніках першага паўгоддзя раён падвергнуты крытыцы (загад Полацкага аблАНА №45 ад 24 лютага 1947 года) за нізкую якасць ведаў вучняў, бо кожны трэці меў нездавальняючыя адзнакі, за вялікае выбыццё школьнікаў — 190 за дзве чвэрці. Указана на неабходнасць паляпшэння кіраўніцтва раённымі аддзеламі асветы з боку раённых Саветаў, адвядзення кожнай школе зямельнага ўчастка.


З 25 студзеня 1948 года да 1 сакавіка 1949-га выконваў абавязкі загадчыка райАНА Мікалай Раманавіч Ламінскі. Па яго прапанове райвыканкам 11 лютага прыняў рашэнне ўзвесці метадам народнай будоўлі па адной школе ў Чэраскім, Мальцаўскім (Лазовікі), Урбанаўскім і Перабродскім сельсаветах, у Навакрукаўскім—дзве. Старшыні сельскіх Саветаў павінны былі справіцца з гэтай задачай да 1 верасня.
Пытанне аб выкананні закона аб усеагульным навучанні дзяцей разгледжана 8 сакавіка 1948-га на пасяджэнні райвыканкама. Пры гэтым адзначана, што за студзень-люты ў школы вярнуліся 52 вучні, але па-ранейшаму іх не наведваюць 69. Так, у Вінагродскай пачатковай не ахоплена навучаннем 8 дзяцей, у Блажкаўскай — 6, Мальцаўскай — 8, Валькаўскай — 4. Шматлікі адсеў назіраўся ў Новапагосцкай і Дварнасельскай сямігодках. Вось таму пастаўлена задача на працягу трэцяй чвэрці вярнуць усіх дзяцей у класы. Тым школьнікам, якія не вучыліся з-за адсутнасці адзення і абутку, неабходна было аказаць дапамогу. Выкананне гэтых патрабаванняў ускладвалася непасрэдна на выконваючага абавязкі загадчыка райАНА М. Р. Ламінскага і дырэктароў.


Ацэнку становішча ў сістэме асветы дае сумесная пастанова РК КП(б)Б і райвыканкама напярэдадні новага навучальнага года 30 жніўня 1948-га. Тады не хапала 6 настаўнікаў пачатковых класаў і аднаго для сямігодкі. У Павяцці, Волкаўшчыне, Красноўцах неадкладна праведзены ўлік дзяцей, што належаць навучанню. З 66 школ гатовы прыняць вучняў 64. Не закончаны рамонт Дзедзінскай і Павяцкай сямігодак. У школах не хапала 80 парт, 13 табурэтаў, столькі ж крэслаў, 18 класных дошак. Недастаткова назапашана паліва як для школ, так і для кватэр настаўнікаў. Для навучальных устаноў патрабаваліся 1873 кубаметры дроў — вывезена 412, для педагогаў неабходна 1417 — дастаўлены 61.


Райспажыўсаюз не поўнасцю завёз падручнікі, асабліва для 3, 5, 6, 7-х класаў. Не было ў большасці школ геаграфічных і гістарычных карт, 47 не забяспечана бочкамі і вёдрамі для вады. Патрэбны былі 53 газавыя лямпы, крэйда.
Тэрміны для выпраўлення недахопаў вызначаны неверагодна кароткія: тав. Ламінскі павінен быў забяспечыць завяршэнне рамонту школ да 1 верасня, а дырэктар лесамэблевага завода тав. Гляк мусіў арганізаваць да 5 верасня выраб нехапаючых парт, класных дошак, мэблі. Задача старшыні райвыканкама тав. Авоцкага — да 1 кастрычніка забяспечыць школы палівам, кіраўніка райспажыўсаюза тав. Малкава — завезці ўсе падручнікі і наглядныя дапаможнікі да 20 верасня, а тав. Лясовіча, які ўзначальваў райкамунгас, абавязалі ў трохдзённы тэрмін падрыхтаваць і абсталяваць інтэрнат на 25 чалавек пры Міёрскай СШ.


Нягледзячы на экстраныя меры, нават у 1949 годзе далёка не ўсе дзеці былі ахоплены ўсеагульным навучаннем. У пастанове райвыканкама ад 11 студзеня адзначана, што ў Волкаўшчынскім сельсавеце ў Дзянісах 19 малалетак, у Калесніках — 20, Радзівонаўшчыне — 15, з іх не ходзяць у школу 49, бо далёка. У Перабродскім сельсавеце ў вёсках Вязаўшчына, Яўцерашкі, Грышава 50 дзяцей, з іх не вучацца 43. Такая ж сітуацыя ў Новапагосцкім мікрараёне, дзе 5-ы клас не наведвае 30 вучняў. Не лепш у мікрараёнах Дварышчанскай, Мілашоўскай, Кавалёўскай школ. Таму райвыканкам намеціў адкрыць пачатковыя школы ў Дзянісах і Вязаўшчыне, паралельныя класы — у Новапагосцкай, Дварышчанскай, Мілашоўскай школах. У Орцах дзейнічала няпоўная школа з 57 вучнямі, яе дапоўніла пачатковая пры Александроўскім дзетдоме на 110 месц. Задачай загадчыка райАНА Мікалая Ламінскага стала забяспечыць гэтыя новыя ўстановы мэбляй, падручнікамі, педкадрамі.

 

Вітольд ЕРМАЛЁНАК.


У рэдакцыйным архіве не знайшлося здымкаў той пасляваеннай пары, каб праілюстраваць гэты матэрыял. Прапануем больш позняе фота 4-га выпуску Міёрскай СШ рабочай моладзі (1957-1958 навучальны год).


 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.