Враг предупредил

Ёсць у раёне вёскі і хутары, пра чыё існаванне нагадваюць толькі назвы. Калісьці там будаваліся і запаўняліся дзіцячым гоманам дамы, у руплівай працы на зямлі праходзілі дні іх жыхароў. Цяпер у некаторых з тых населеных пунктаў засталіся толькі слабыя сляды мінулага. І памяць, якую захоўваюць нашчадкі.

 

Пра трагедыю, што адбылася восенню 1943-га года ў вёсцы Папкоў Луг расказалі міярчане Іван Аляксеевіч і Алег Аляксеевіч Сінкевічы. Самі яны нарадзіліся пасля вайны, пра часы ліхалецця ведаюць ад маці Веры Іванаўны. Яна прыгадвала такую гісторыю.

 

Раніцай 26 верасня 1943 года праз вёску Папкоў Луг ішлі немцы. Адзін з іх забег да іх у хату. Плакаў, паказваў фотаздымак сваёй сям'і і на сумесі нямецкай і ламанай польскай моў імкнуўся растлумачыць, што не хоча вайны. Але камандаванне загадала. Сказаў, каб жанчына забірала дзяцей, рэчы і ўцякала: заўтра будуць паліць вёску. На наступны дзень, прыкладна ў 3-4 гадзіны дня, так і сталася.

 

Гаспадар Аляксей Пятровіч з сынам Аляксеем ужо былі ў лесе. Вера Іванаўна, разгубленая і спалоханая, выбегла з палаючага дома, забыўшыся, што там застаўся сын Анатоль, якому не было яшчэ года. Адзін з немцаў закрычаў: "Kinder! Kinder!" Так ён дапамог выратаваць хлопчыка.

 

У той жа день уся сям'я з аднавяскоўцамі на конях выехалі ў Міёры, бо ў Папковым Лузе ўсё згарэла. Двое сутак чакалі ў райцэнтры, што будзе далей. Потым адвезлі ў Шаркаўшчыну, а адтуль накіравалі ў працоўны лагер у Дзюсельдорф. Аляксей Пятровіч працаваў на заводзе, Вера Іванаўна — у сталовай. Вельмі страшна было падчас бамбёжак. Людзі хаваліся ў бункеры. Некаторыя пасля такіх авіяўдараў заставаліся без рук ці ног, гінулі. 15 красавіка 1945 года палонных  вызвалілі амерыканцы. На радзіму вярнуліся ў канцы 1945-га.

 

Паколькі дамы ў Папковым Лузе былі спалены, давялося жыць у зямлянцы. Там было сыра і холадна. Ад гэтага захварэў і хутка памёр сын Аляксей. Пазней збудавалі дом, нарадзілі яшчэ пяць дзяцей.

 

Расказалі браты Іван Аляксеевіч і Алег Аляксеевіч пра магілку, якая знаходзіцца на полі ля Папковага Луга. Там пахаваны іх дзядзька Віктар Якаўлевіч Сінкевіч. Адна жанчына з вёскі сказала немцам, што Віктар Якаўлевіч — яўрэй. Гэта была хлусня, але немцы паверылі. Адзін з ворагаў загнаў мужчыну ў дом і расстраляў, а хату потым спалілі.

Такія гісторыя могуць быць і ў "біяграфіях" іншых населеных пунктаў раёна. Важна, каб было каму іх захоўваць

 

Аляксандр РЫНКЕВІЧ,

супрацоўнік музея.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.