Авторизация
 

Дывізійны камісар

Фёдар Паўлавіч Шульга — ваенны медык, палкоўнік у адстаўцы, воін-інтэрнацыяналіст, бо дапамагаў у арганізацыі шпіталяў В'етнаму ў час вайны з ЗША. Цяпер жыве ў Наваполацку, але цікавіцца справамі ў родных мясцінах і гісторыяй сваёй сям'і. А нарадзіўся ён у Дворным Сяле, дзе як легенду з вуснаў у вусны перадавалі вестку пра тое, што яго дзядзя Васіль Апанасавіч нібыта займаў у Савецкай Расіі высокую пасаду, але потым бясследна знік. Больш таго, у сям'і доўга захоўваўся здымак, на якім фатограф адлюстраваў В.А. Шульгу сярод вядомых усёй краіне ваеначальнікаў. Аднаму з іх — К. Я. Варашылаву — у пасляваенны час і было накіравана тое фота з просьбай расказаць пра лёс блізкага чалавека. Тады адказу не дачакаліся. І цяпер можна патлумачыць чаму.

 

Але зараз інтэрнэт паведамляе нават пра тое, што ў свой час баяўся публічна сказаць маршал Савецкага Саюза. Пашукавік Яндэкс са спасылкай на біяграфічны слоўнік "Расстраляная эліта РСЧА (камандармы 1-га і 2-га рангаў, камкоры, камдывы і ім роўныя)" (Чэрушаў Н. С., Чэрушаў Ю. Н., М.; 2012, стар. 381-382) прынёс звесткі і пра нашага земляка. Васіль Апанасавіч Шульга нарадзіўся ў снежні 1890 года ў Дворным Сяле ў сялянскай сям'і. Закончыў двухкласнае пачатковае вучылішча. Перанаселеная вёска ў пачатку мінулага стагоддзя актыўна адпраўляла "лішнія рты" на пошук лепшай долі, заробку. Вось і Васіль Апанасавіч папрацаваў на высечцы лесу, быў грузчыкам у порце, пуцявым рабочым на чыгунцы, качагарам, памочнікам слесара ў рамонтных майстэрнях.

Потым служыў у царскім войску, вельмі верагодна, што атрымаў франтавую загартоўку і падрыхтоўку, бо ў 1917 годзе ўваходзіў у склад атрада Чырвонай гвардыі Абухаўскага раёна Петраграда. Тады ж у сакавіку стаў членам бальшавіцкай партыі. Відаць, гэта і вызначыла далейшы жыццёвы шлях.

У лютым 1918-га В. А. Шульга добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію. У Грамадзянскую ваяваў на Заходнім, Паўночным, Паўднёвым франтах (1918-1920). Спачатку з'яўляўся намеснікам ваенкама Неўска-Абухаўскага раёна Петраграда, потым — упаўнаважаным Саюза камун Паўночнай вобласці на Паўночным фронце. У сакавіку-кастрычніку 1919 — член выканкама Петраградскага Савета. З гэтай пасады па партыйнай мабілізацыі накіраваны на Паўднёва-Заходні фронт ваенным камісарам упраўлення фарміравання фронта. У пачатку 1920-га прызначаны памочнікам начальніка палітаддзела 1-ай Коннай арміі. У час вайны з Польшчай і Врангелем узначальваў палявы палітаддзел гэтай арміі, пазней займаў пасаду ваенкама штаба 1-ай Коннай.

 

Пасля Грамадзянскай вайны знаходзіўся на адказных пасадах палітсаставу. У 1921-22-ім гадах — ваенкам 19-й і 6-й Чангарскай кавалерыйскіх дывізій. Потым да лютага 1923-га — Чарапавецкі губернскі ваенны камісар, адкуль адкамандзіраваны ў распараджэнне Петраградскай ваеннай акругі, дзе прызначаны спачатку памочнікам камандзіра 16-й Сімбірскай стралковай дывізіі па палітычнай частцы, а ў ліпені — Паўночна-Дзвінскі губернскі ваенны камісар. З сакавіка 1925-га — ваенкам 27-й Омскай стралковай дывізіі, затым — ваенкам 64-й стралковай дывізіі. З сакавіка 1926-га—начальнік палітаддзела 9-й Данской стралковай дывізіі, адкуль у верасні накіраваны на курсы ўдасканалення вышэйшага палітсаставу пры Ваенна-палітычнай акадэміі імя Н. Г. Талмачова.

 

Пасля вучобы ў 1927 годзе прызначаны начальнікам палітаддзела 55-й Курскай стралковай дывізіі, а ў студзені 1929-га — адказным сакратаром партыйнай камісіі Маскоўскай ваеннай акругі. У верасні 1930 г. залічаны слухачом курсаў марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі, якія не закончыў, бо ў лютым 1932-га прызначаны памочнікам каменданта Уладзівастоцкага ўмацаванага раёна па палітычнай частцы. З мая 1933-га — начальнік палітаддзела Упраўлення абароннага будаўніцтва Марскіх сіл Далёкага Усходу. А ў чэрвені 1934 года ўзначальвае палітаддзел Благавешчанскага ўмацаванага раёна. Затым працуе адказным сакратаром партыйнай камісіі Далёка-Усходняй акругі. У маі 1938-га залічаны ў распараджэнне Упраўлення па камандна-начальствуючым складзе РСЧА.

 

Узнагароджаны ардэнамі Чырвонага Сцяга (1930), Чырвонай Зоркі (1936) і "Знак Пашаны" (1938).

Арыштаваны 21 ліпеня 1938 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР, 15 красавіка 1939-га па абвінавачванні ва ўдзеле ў ваеннай змове прыгавораны да расстрэлу. Прыгавор прыведзены ў выкананне 16 красавіка 1939 года. Вызначэннем Ваеннай калегіі ад 15 снежня 1956 года рэабілітаваны.

 

Вось так складваўся лёс: у маі 1938-га адазваны з Далёкага Усходу ў Маскву, дзе яму ўручылі ордэн, а ў ліпені ўжо арыштаваны. Жыццёвы шлях закончыўся ў сумна вядомай Камунарцы. І ўсё ж па баявой біяграфіі нашага земляка Васіля Апанасавіча Шульгі можна вывучаць гісторыю Грамадзянскай вайны і першых дзесяцігоддзяў будаўніцтва Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.

 

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта