Мы — близкие соседи
gazeta 20-09-2013, 16:53 0 Гісторыя краю
Польскую матэрыяльную культуру на фестывалі традыцыйна прадстаўляе настаўнік гісторыі СШ №3 Вітольд Антонавіч Ермалёнак. Кожны раз ён імкнецца падрыхтаваць нешта асаблівае. Лічыць, што “цвіком” усёй сёлетняй экспазіцыі будзе кніга ксяндза Бародзіча “Пад возам і на возе”. Святар пакінуў пра сябе помнікам у Міёрах чырвоны будынак касцёла, узведзены за адзін год разам з унутранымі аддзелачнымі работамі, што адметна ўжо само па сабе і не толькі для таго часу. А яшчэ ён аўтар некалькіх кніжак рэлігійна-палітычнага зместу, у якіх нямала звестак пра мясцовую гісторыю. Дык вось, выданне 1911 года “Пад возам і на возе” Вітольд Антонавіч шукаў 37 гадоў. А яго былы вучань Мікола Дземідзенка натрапіў на кнігу выпадкова ў букіністычным магазіне ў Кракаве.
Нашы землякі служылі ў арміі Андэрса, у Войску Польскім у гады Вялікай Айчыннай, многія вярнуліся з узнагародамі. З імі прапануе пазнаёміцца Вітольд Антонавіч. Дастойным дапаўненнем да гэтага раздзела выставы стануць манеты. Іх калекцыя ў школьным музеі вялікая, яна пастаянна папаўняецца. Новая знаходка на агародзе ў раёне старой прыватнай забудовы райцэнтра—грош Сігізмунда Аўгуста 1632 года выпуску, шведскай чаканкі. Гэта сведчанне таго, што нашы Міёры сапраўды старое паселішча. А ўвогуле, можна пазнаёміцца з манетамі за апошнія пяць стагоддзяў.
Нібы нічога незвычайнага — геаграфічная карта Еўропы. Але яна выдадзена ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І тады зусім не так праходзілі граніцы, інакш называліся дзяржавы і іх сталіцы. Суседнічаць са школьнымі будуць карты ваенныя.
Антыкварыят заўсёды выклікае цікавасць. А відэльцамі, лыжкамі і лыжачкамі, чайнічкамі і кілішкамі, рознымі іншымі вырабамі з бронзы і срэбра ад вядомай варшаўскай фірмы “Фрагет” маглі карыстацца нечыя тутэйшыя бабулі і прабабулі. Агляду будуць прадстаўлены старыя дакументы, граматы, пасведчанні, напрыклад, аб шляхецтве за 1813 год.
Колішнія маёнткі ў нашай мясцовасці мелі нямала багатых бібліятэк. Выданні з іх зрэдку трапляюць у зборы школьнага музея. Вітольд Антонавіч прапануе апошнія знаходкі — польскія, французскія і на іншых мовах выданні 18-19 стагоддзяў з бібліятэкі Дмахоўскіх. Дарэчы, на іх маёнтку ў Забалацці неўзабаве можа з’явіцца мемарыяльная дошка, а пра вядомага скульптара і рэвалюцыянера Генрыка Дмахоўскага раскажа брашура. Сёлета спаўняецца 150 гадоў пачатку паўстання 1863-64 гадоў, у якім самы актыўны ўдзел прымаў Г. Дмахоўскі. Тым падзеям прысвечана спецыяльная экспазіцыя ў музеі СШ №3.
Польшча — наша блізкая суседка. Нас многае звязвае праз лёсы людзей, дакументы, кнігі, узнагароды, прадметы ўжытку. Яшчэ раз пераканайцеся ў тым на выставе, якую прапануе В. А. Ермалёнак.
На здымку: В. А. Ермалёнак дэманструе школьную геаграфічную карту пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Па ёй вучыў вясковых дзяцей настаўнік геаграфіі Флор Данатавіч Манцэвіч, дакладчык па адным з пытанняў на Нацыянальным сходзе ў Беластоку ў 1939 годзе.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.