Независимость

Патомны селянін Юльян Мацвеевіч Разумчык сваю асабістую незалежнасць бачыў ва ўласнасці на ўчастак зямлі. А таму пры панскай Польшчы працаваў на паноў, збіраў кожны злоты, каб набыць некалькі гектараў няўдобіцы ў пана Якавіцкага на хутары ў Ясіна. А колькі было затрачана сіл і працы, каб давесці гэтыя землі да ладу!

 

Прыход Савецкай улады ў 1939 годзе селяніна парадаваў тым, што цяпер не трэба будзе працаваць на пана, ты становішся незалежным грамадзянінам. Ды грымнула вайна, настаў час жудаснай акупацыі. Таму выгнанне захопнікаў з нашай мясцовасці стала радаснай з'явай, ды прыйшлося ўзяць у рукі зброю. У складзе 2-га Беларускага фронта     Ю. М. Разумчык вызваляў родную Беларусь, а потым Польшчу і саму Германію. Салдату шанцавала, ён не хаваўся за спіны іншых, воінскі абавязак выконваў спраўна, як некалі працаваў на сваёй зямлі. У кожным баі былі забітыя і параненыя, але смерць і раненні мінулі Юльяна Мацвеевіча. І ўсё ж, ён не быў ахвочы ўспамінаць пра франтавыя будні. Я сябраваў з яго сынам Сяргеем, маім аднакласнікам, і ў часіны "асаблівага настрою" нам удавалася ўгаварыць былога салдата падзяліцца найбольш яркімі ўспамінамі. А яму запомніліся падзеі пасля перамогі. Аказалася, што ў Даніі на адным з астравоў Балтыйскага мора дзесяцітысячны нямецкі гарнізон не прызнаў капітуляцыю і не хацеў здавацца Чырвонай Арміі. Вось і паступіў загад палку, у якім служыў Ю. М. Разумчык, пры поўным баявым рыштунку зрабіць шматкіламетровы марш праз тэрыторыю Даніі, каб уняць апошніх фашыстаў.

 

Перад тым, як ступіць на дацкую зямлю, палітработнікі правялі растлумачальную работу, строга папярэдзілі аб недатыкальнасці грамадзянскага насельніцтва, любое парушэнне будзе разглядаць ваенна-палявы суд, бо Данія — незалежная, суверэнная дзяржава.

 

Не паспела рота Юльяна Мацвеевіча ўступіць у першую дацкую вёску, як савецкіх воінаў сустрэлі па-святочнаму апранутыя людзі. Гучалі музыка і песні. Людзі неслі кошыкі з прысмакамі і віном. Куды толькі падзелася стомленасць ад шматкіламетровага пераходу з поўнай выкладкай. Пайшлі ў танцы, не адмаўляліся ад пачастункаў і віна. А як цяжка было камандзірам пасля гэтага арганізаваць роту, каб працягваць рух наперад. Але полк не паспеў дабрацца да месца прызначэння, як варожы гарнізон капітуляваў.

 

Цяпер ужо праўнук Юльяна Мацвеевіча, мінулагодні выпускнік Дзісенскай СШ Юльян Валянцінавіч Чэрап асвойвае навуку абароны незалежнасці нашай Беларусі ў якасці курсанта Ваеннай акадэміі на факультэце супрацьпаветранай абароны. Наша неба будзе недасягальным для ворага.

 

Ф. ШЫМУКОВІЧ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.