Я — беларус

У 80-я гады мінулага стагоддзя першым сакратаром райкама партыі працаваў у нас чалавек з досыць рэдкім прозвішчам Украінец. Ён запомніўся строгасцю, патрабавальнасцю, упэўненасцю ў тым, што калі жывеш у вёсцы, то абавязаны быць гаспадаром і будаўніком. Гэта значыць, павінен сачыць за парадкам, усё ўмець і своечасова рабіць. Вось таму меў першы сакратар звычку "шастаць" па раёне, на самых аддаленых фермах і палях правяраць як ідуць справы.

 

Дык вось, аднойчы пад абед прыязджае ён на ферму, дзе мой знаёмы даглядчыкам працаваў. Заходзіць у памяшканне, а там на адкорме каля двухсот ладных цялят стаяла, бярэ пасму сена і падносіць да пысы адному з бычкоў. Той, зразумела, хапаецца за корм, а іншыя, угледзеўшы гэта, уздымаюць такі роў, хоць ты з фермы ўцякай.

 

На гэты шум з'яўляецца даглядчык, а візіцёр да яго з прэтэнзіямі:

— Лайдак! Ты чаму жывёлу не корміш, раве галодная!

— Гэта я не кармлю! Ды хто табе сказаў, — абураецца жывёлавод, які да гэтага першага сакратара і ў вочы не бачыў.

— Чаго ж яна раве, калі не галодная?

— А хто ты такі, каб пытацца? З'явіўся, не запыліўся… Староннім тут наогул не месца!

— Гэта я старонні? — пакрыўдзіўся сакратар. — А ты ведаеш хто я? Я — Украінец!

— Ну і што, што ты ўкраінец, — адказаў даглядчык. — А я — беларус!

Прыезджы памаўчаў, а потым сцішыўшы голас кажа:

— Ну, калі табе маё прозвішча ні аб чым не гаворыць, дык тады ведай, што я — першы сакратар райкама партыі. А вось ты… Ты, брат, не беларус, бо беларус сам галодны застаўся б, а жывёлу накарміў!

— Прабачце, — адступіў даглядчык, — не разгледзеў вас, не пазнаў. А жывёлу я зараз пакармлю, і хуценька. Пара ўжо.

 

Схапіўшы вілы, ён пачаў раскладваць сена па кармушках. І з той пары на ўсё жыццё запомніў, што беларус — гэта не пусты гук і не запіс у пашпарце. Гэта нешта іншае, што абавязвае быць чалавекам.

 

Мікалай БАГДАНАЎ, 

Новы Пагост.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.