Великий сын Миорщины

Великий сын Миорщины У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя ў артыкуле пра Літоўскую ССР узгаданы знакаміты літоўскі скульптар Генрык Дмахаўскас. Але з архіваў вядома, што 14 кастрычніка 1810 г. у сям’і ўладальніка маёнтка Забалацце (цяпер вёска ў Міёрскім раёне) Міхаіла Дмахоўскага нарадзіўся сын Генрык. Бацька імкнуўся даць яму добрую адукацыю, таму Генрык вывучае права ў Віленскім універсітэце, а падчас паўстання 1831 г. усяго сябе прысвячае рэвалюцыйнай барацьбе. Ён змагаўся з царызмам у шэрагах паўстанцаў і яму цудам удалося ўцячы. Таму суд прыгаварыў хлопца да смерці завочна. Дмахоўскі эмігрыруе ў Францыю, але больш, чым разец скульптара, яго вабіць рэвалюцыйная барацьба. У 1833 г. у складзе атрада Ю. Заліўскага пераходзіць аўстрыйскую граніцу ў Галіцыі з мэтай падняць паўстанне на аўстрыйскай частцы былой Рэчы Паспалітай. Але поспех яшчэ меншы, чым на Беларусі. Потым прызначаецца кіраўніком паўстанцкіх сіл на Віцебшчыне, але дабрацца туды яму не ўдаецца.

 

У 1834 г. аўстрыйскія ўлады арыштоўваюць Дмахоўскага. Ён трапляе на 5 год у казематы аўстрыйскай крэпасці Куфштайн. Генрык з хлебнага мякішу лепіць фігуркі людзей, праз 5 год ён навучыўся рабіць гэта віртуозна. Адлюстроўвае праз хлеб барэльефы сваіх сукамернікаў, такіх жа палітзняволеных, як і ён сам, і нават цэлыя групавыя сцэнкі з турэмнага жыцця. Яго работы былі выстаўлены ў Лондане ў 1840 г.

 

Пасля вызвалення пераязджае ў Парыж, дзе разам са знакамітым скульптарам Рудэа робіць саркафаг для грабніцы Напалеона. Стварае барэльефы Т. Касцюшкі, К. Пуласкага, Я. Ясінскага, нават Саванаролы. А помнік Пяткевічу, выкладчыку права ў Віленскім універсітэце, стаіць у французскім горадзе Туры і да гэтай пары. Дмахоўскі таксама зрабіў медальён у выглядзе плявацельніцы з выявай аўстрыйскага канцлера Метэрніха — ката народаў.

 

У 1842 г. Генрык накіроўваецца ў Амерыку. Там робіць скульптуры генералаў Х. Готэса і Х. Глэя, Д. Вэбіта, А. Яксана — герояў вайны за незалежнасць ЗША. У 1846 г. Дмахоўскі ўступае ў рады Польскага дэмакратычнага таварыства. Не абмінула яго і еўрапейская “Вясна народаў”. У 1849 г. цяжка паранены пры абароне Львова. У 1861 г. (праз 30 год) з дазволу новага цара Аляксандра ІІ трапляе ў роднае Забалацце. У 1863 г. выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне і Дмахоўскага адразу ж абралі рэвалюцыйным камісарам Дзісенскага павета, але ён быў забіты ў баі з царскімі карнікамі каля Докшыцаў.

 

Так, біяграфія ў нашага земляка больш чым цікавая. Але вось што яшчэ адметна. Як жа наш зямляк стаў літувісам? Як вядома, нашу Беларусь у 19 ст. называлі Літвой. І потым у 20 ст. стаў спрацоўваць пэўны стэрэатып — раз жыў у Літве ці лічыў сябе літоўцам, то пэўна і літувіс. Даходзіла нават да анекдотаў. Наш галоўны герой быў родам з Забалацця, што на цяперашняй Міёршчыне. Вёскай Забалацце стала толькі ў савецкія часы, калі колішні маёнтак зрабілі цэнтрам калгаса “Ленінскі шлях”. Ужо з гэтага вынікае, што ніякіх літувісаў там не жыло. Самі Дмахоўскія — беларускі шляхецкі род.

 

Мы, беларусы, шмат “падаравалі” сваіх выбітных сыноў: Адама Міцкевіча з Наваградчыны, кампазітара Манюшку з Ігуменшчыны, першую жанчыну-касманаўта В. Церашкову. Спіс можна працягваць доўга. І вышэйпрыведзены прыклад вельмі яскрава адлюстроўвае тэндэнцыю дэнацыяналізацыі беларускіх дзеячаў. Задача ўсіх сумленных патрыётаў нашай Бацькаўшчыны — зрабіць усё магчымае, каб нашы “блудныя сыны” вярнуліся ў бацькоўскі дом.

 

С. ВАСІЛЬЕЎ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.