ВКЛ — белорусское государство

Вялікае княства Літоўскае дзяржава, якая існавала на нашых землях у 13-18 стагоддзях. Да гэтай пары ідуць спрэчкі: яна была літоўская ці беларуская? Ці літоўска-беларуская, як цяпер прынята ў афіцыйнай гістарычнай навуцы?

Многія мяркуюць, раз княства называлася літоўскім, значыць такім яно і было. Але што называлася Літвой у 13 стагоддзі? Уся заходняя частка сучаснай Летувы мела назву Жамойць (Жмудзь). На ўсход ад яе месцілася зямля Дзяволтва, яшчэ далей — Нальшчаны, гэта ўжо сучаснае літоўска-беларускае памежжа. Сталіцай Нальшчанаў было славутае мястэчка Крэва, што ў  Смаргонскім раёне на Гродзеншчыне.

 

Цікава, што многія гісторыкі ігнаруюць яшчэ адно геапалітычнае ўтварэнне — Віленскае княства — удзел Полацкай зямлі, заселены крывічамі. Яно двойчы ўзгадваецца ў летапісах за 1071 і 1142 гадамі. У апошняй згадцы гаворыцца, што вільняне запрасілі да сябе князя з Царграда (полацкія князі былі сасланы ў Візантыю ў 1128 г.). Але Вільня знаходзіцца на паўднёвым усходзе цяперашняй Летувы, тады яна з’яўлялася славянскім горадам.

 

Іпацьеўскі летапіс сведчыць, што вялікі князь літоўскі Войшалк (сын Міндоўга) пабудаваў праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр на беразе Нёмана ля вусця ракі Валаўкі. Гэтае месца ў летапісе азначана “між Наваградкам і Літвой”. Лаўрышава знаходзіцца на паўночны ўсход ад Наваградка, а сучасная Летува — на паўночным захадзе. Калі правесці прамую лінію ад Наваградка да Лаўрышава і далей, то яна ўпрэцца ў вёску Літва. Яна на поўначы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, побач з Налібоцкай пушчай. А старажытныя ліцвіны ў летапісах апісваюцца як жыхары пушчаў і балот.

 

І ў этнаканфесійных адносінах мясцовасць адрозніваецца ад навакольнай. Размова ідзе пра поўнач Стаўбцоўскага і поўдзень Валожынскага раёнаў на Міншчыне. У “Нацыянальным атласе РБ” гэты рэгіён паказаны як польскі па нацыянальным складзе насельніцтва і пераважна каталіцкі па веравызнанні. У 1550 годзе тут было 17 касцёлаў і ніводнай царквы. А каталіцкія храмы ў ВКЛ сталі будавацца пасля Крэўскай уніі 1385 года. Іх прыхаджанамі былі язычнікі-балты.

Ваенны перапіс Расійскай імперыі за 1864 год паказвае, што ў Мінскай губерні жылі 162 тысячы літоўцаў. Але дзе? У публікацыі ў “Советской Белоруссии” за студзень 2009 года сцвярджаецца, што ў вёсках на тэрыторыі Налібоцкай пушчы насельніцтва  ў 19 стагоддзі размаўляла па-летувіску.

 

У Іпацьеўскім летапісе ўзгадваецца, што менскі князь “ходзяше под Литвою в лесех”. Значыць, што старажытная Літва межавала з Менскім княствам і знаходзілася непадалёку ад яго. І Налібоцкая пушча — на Міншчыне.

ВКЛ пачало фарміравацца не на нашых землях, але палова цяперашняга раёна ўвайшла ў княства яшчэ пры першым князе Міндоўгу дзесьці ў 60-х гадах 13 стагоддзя. Гэта тыя землі, якія знаходзяцца на захад ад ракі Волта. Па ёй праходзіла да канца 18 ст. мяжа паміж ВКЛ і Полацкай зямлёй (з 1503 года мяжа паміж Полацкім і Віленскім ваяводствамі). Полацкая зямля была аўтаномнай у складзе ВКЛ. Па гэтай жа рачулцы праходзіла мяжа паміж гістарычнымі абласцямі “Літва” і “Белая Русь”. Такім чынам,  жыхары раёна, калі вы жывяце на захад ад Волты — вы ліцвіны, а  на ўсход — беларусы ці беларусцы, як казалі раней.

 

Па Волце калісьці праходзіла мяжа паміж латгаламі і крывічамі. Падзяляла яна і канфесійныя ўтварэнні: левы бераг, “літоўскі” — каталіцкі, правы, “беларускі” — праваслаўны. Заходні ўваходзіў у склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства, а ўсходні адносіўся да Полацкага ваяводства, якое на паветы не дзялілася. Такая адміністрацыйная сітуацыя захоўвалася да другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. А канфесійны падзел перамясціўся з Волты на Мерыцу ў 1839-ым.

 

Аб былым геапалітычным размежаванні цяпер не засталося і знаку. Ды і жыхароў Міёраў можна назваць ліцвінамі ў адрозненне ад беларусаў Дзісны толькі жартам. Хіба што насельніцтва ўсходняй часткі раёна з’яўляецца нашчадкамі крывічоў, а заходняй — латгалаў. Толькі 1000 гадоў таму гэтыя ўсходнябалцкія плямёны не надта адрозніваліся адзін ад другога.

 

С. ВАСІЛЬЕЎ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.