Подводник

Подводник У сакавіку ў Віцебску адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Дню падводніка. У іх прыняла ўдзел дэлегацыя з Міёр. Запомніліся мітынг, выстава “Героям-падводнікам Віцебшчыны”, урачысты сход, канцэрт. У зале абласной філармоніі раённы ваенны камісар С. І. Жабёнак і сястра нашага земляка Героя Савецкага Саюза віцэ-адмірала Ягора Томкі Н. А. Саркісян прынялі падарунак расійскіх падводнікаў — памятную мармуровую дошку з выявай Героя, якая заўтра будзе ўрачыста ўстаноўлена ў райцэнтры на вуліцы, што носіць яго імя.

 

Вельмі цікавымі аказаліся знаёмствы з падводнікамі, якія служылі разам з Ягорам Андрэевічам, ведалі яго па флоце і ў жыцці. У першую чаргу гэта контр-адміралы В. М. Апанасенка і З. І. Жабко, капітан першага рангу А. М. Кавалёў. Па маёй просьбе Анатоль Міхайлавіч даслаў у музей СШ №3 свае ўспаміны. Вось яны ў крыху скарочаным выглядзе:

— На мемарыяльнай пліце з партрэтам Ягора Андрэевіча сярод шматлікіх узнагарод выразна выдзяляецца расійскі ордэн “Мужнасць”, ён многае мне напамінае...

 

Пасля заканчэння Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча падводнага плавання я служыў на дызельнай падводнай лодцы С-273 у складзе 14-й асобнай брыгады падводных лодак Паўночнага флоту ў пасёлку Граміха. У гэты час ужо пачалі да нас паступаць атамныя субмарыны. Першая сярод іх К-3 дала падводны ход 4.06.1958-га ў 10.03 (камандзір Л. Г. Асіпенка). Мы, маладыя афіцэры, пачалі падаваць рапарты з просьбай перавесці на атамныя падводныя лодкі. Напісаў такую заяву і я. Маё жаданне рэалізавалася толькі ў 1966-ым. Тады брыгада была ператворана ў 17-ю дывізію. У яе дадаткова ўвайшлі АПЛ К-8, К-11, К-27. Для К-27 быў прызначаны і другі — 426-ы экіпаж, у якім я заняў пасаду старшага штурмана. Тут упершыню і сустрэўся з будучым Героем Савецкага Саюза, тады яшчэ капітанам 3-га рангу, старшым памочнікам камандзіра гэтага экіпажа Я. А. Томкам, недалёкім земляком, бо я родам з г.п. Езярышча Гарадоцкага раёна. Ягор Андрэевіч адразу звярнуў на сябе ўвагу ахайнай ваенна-марской формай, акуратнай прычоскай, у кабінеце ідэальны парадак, усё неабходнае пад рукой.

 

Адразу кінуліся ў вочы Карабельны статут і Кіраўніцтва па барацьбе за жывучасць падводнай лодкі, якія, як высветлілася ў час радыяцыйнай аварыі на АПЛ К-27, ён ведаў бездакорна і ўмеў практычна рэалізоўваць. Ягор Андрэевіч не цярпеў безадказнасці, прымітыўных ведаў правіл падводнай службы. На занятках з намі, кіраўнікамі падраздзяленняў, заўсёды дабіваўся дакладнага і глыбокага разумення вывучаемай тэмы, умення практычна прымяняць веды. На трэніроўках па барацьбе за жывучасць... патрабаваў неабходных вынікаў, уплываў на экіпаж асабістым прыкладам. Ён пастаянна карыстаўся аўтарытэтам у камандавання дывізіі як адзін з лепшых старпамаў. Пры ўсёй строгасці адносін да сябе і экіпажа яго ніяк не назавеш служакай і фармалістам, заўсёды знаходзіў словы падтрымкі для нас, афіцэраў-падводнікаў, не скупіўся на заахвочванні тых, хто вызначыўся па службе. На экіпажных святах і асабістых урачыстасцях афіцэраў умеў быць душой кампаніі...

 

У 1967 годзе я быў пераведзены непасрэдна на АПЛ К-27 старшым штурманам. Лодка праходзіла мадэрнізацыю ядзернай энергетычнай устаноўкі. Па тым часе яна была адзіная ў СССР, ды і ў свеце, на якой у якасці цепланосьбіта ў першым контуры выкарыстоўваўся вадкі сплаў вісмут-свінец. Гаварылі, што К-27 рыхтавалі да кругласветнага плавання.

19 мая 1968 года К-27 з двума экіпажамі на борце выйшла на адзін з палігонаў Баранцава мора для выпрабавання ядзернай энергетычнай устаноўкі пасля мадэрнізацыі. 24 мая на завяршальным этапе на самым поўным ходзе абеімі турбінамі шум механізмаў прарэзаў страшэнны сігнал радыяцыйнай небяспекі.

Не буду апісваць падрабязнасці дзеянняў камандзіра лодкі Паўла Ляонава і членаў двух экіпажаў ва ўмовах высокага выпраменьвання з першага контура, якое распаўсюдзілася па ўсіх адсеках. Адзначу толькі, што і ў гэтых умовах Ягор Андрэевіч праявіў свае лепшыя якасці. Ён аналізаваў абстаноўку сумесна са старшым памочнікам Юрыем Вараб’ёвым, дакладваў рэкамендацыі камандзіру. У крытычнай абстаноўцы праявіў мужнасць, супакойваў асабовы састаў двух экіпажаў. На жаль, гераічныя намаганні аварыйных партый, аснову якіх складалі спецтрумныя, не ліквідавалі аварыю, ядзерная энергетычная ўстаноўка левага борта выйшла са строю, але гэта не перашкодзіла вярнуцца на базу.

 

Асабовы састаў двух экіпажаў трапіў пад моцнае выпраменьванне. Я. А. Томка арганізоўваў медыцынскую дапамогу падводнікам, хаця сам меў вострую прамянёвую хваробу, праявіў цвёрдую волю, забяспечыў выкананне ўсіх прадпісанняў для такога выпадку. Потым 140 маракоў пад яго камандай былі накіраваны крэйсерам у Паўночнаморск, а адтуль самалётам — у Ленінград. У ваенна-марскім шпіталі, а затым у санаторыі Ягор Андрэевіч дапамагаў медперсаналу ў арганізацыйных пытаннях, падтрымліваў падводнікаў пры першых звестках аб смерці нашых таварышаў Ваяводы, Пятрова, Грышчанкі, Панамарова, Кулікова, Лагунова.

Пасля лячэння многія члены нашых двух экіпажаў пакінулі флот, перайшлі ў іншыя злучэнні, звольніліся па стане здароўя. А з Я. А. Томкам я сустрэўся ў складзе першай флатыліі падводных лодак Паўночнага флоту ў сярэдзіне 70-х, дзе ён служыў у 11-й дывізіі. Аднак больш вырашалі службовыя справы. Але і тады звяртаў увагу на яго беражлівыя адносіны да жонкі.

У апошні раз з Ягорам Андрэевічам пабачыўся на канферэнцыі Беларускага саюза ваенных маракоў у 2006-ым у Мінску. Разам з іншымі Героямі ён дзяліўся ўспамінамі, расказваў пра стан Ваенна-марскога флоту Расіі і планах яго абнаўлення. У час вячэры ўспомнілі і памянулі нашых таварышаў, якія пайшлі з жыцця пасля аварыі на К-27.

 

Застаецца сказаць, што зусім нядаўна музей СШ №3 папоўніўся вельмі каштоўным экспанатам. У экспазіцыі, прысвечанай Герою Савецкага Саюза Ягору Андрэевічу Томку, з’явіўся гадзіннік, падараваны Герою ўрадам Масквы ў 2000 годзе, да 55-годдзя Перамогі. Ён змешчаны ў драўляную шкатулку, пры адкрыванні якой гучаць чароўныя матывы песень аб Вялікай Айчыннай. Шчырае дзякуй Ноне Андрэеўне Саркісян за цудоўны дар.

 

В. ЕРМАЛЁНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.