Холокост в Миорах
gazeta 2-06-2012, 08:29 2 565 Гісторыя краю
Як і ва ўсіх беларускіх мястэчках, да вайны большасць насельніцтва Міёр складалі яўрэі. Сяліцца ў гэтай мясцовасці яны пачалі ў 60-я гады ХІХ стагоддзя. У 1862-ім з’явіліся ў Вільнове, потым — у Паданых, Лявонпалі, Новым Пагосце і іншых населеных пунктах. За польскім часам іх колькасць значна павялічылася, толькі ў Міёрах жыло больш 700 пры ўсёй наяўнасці местачкоўцаў у тысячу чалавек.
Асноўнымі заняткамі гэтага насельніцтва былі гандаль і рамяство: закуплялі і перапрадавалі лён, скуры, зерне, драўніну, задавальнялі вяскоўцаў рознай драбязой. Яўрэі былі краўцамі, шаўцамі, кавалямі, яны выраблялі скуры, трымалі крамы. Так, Ш. Дэйч меў аптэчныя склады, прадавалі шаўковыя тканіны Л. Фількільштэйн, З. Сыскін, Ф. Вейцкін. Уладальнікі шматлікіх галантарэйных крамаў — С. Дзедзін, Р. Кочар, Х. Кушнір, Е. Рыф, Е. Сасновік, А. Шэйкін. Кафэ належала Л. Дрэйзіну. Сельскагаспадарчымі таварамі гандлявалі Б. Арон у Чэрасах, Р. Эстраў у Слаўшчызне, а ў Міёрах — С. Эстрын, С. Трумін. Кавалём у Чэрасах з’яўляўся Я. Борск.
Але сама больш сярод яўрэяў было краўцоў, толькі ў Міёрах—больш трыццаці, гэта Р. Шэйнер, Ф. Абрамовіч, Я. Кукель, Я. Шэйнер, І. Іцін, З. Кот, Я. Мінкін, Ё. Мідашэўскі і іншыя. Гандлявалі драўнінай С. Бімбард, Г. Маркман, І. Шві, ільном—М. Арон, Д. Берман, Б. Эйнкарн, І. Кочар, З. Пінцаў, В. Шэйнер.
Да гэтай пары захаваліся сельскагаспадарчыя машыны, якія дастаўляў у нашы мясціны М. Рубін. Насеннем і хімічнымі ўгнаеннямі гандляваў Ц. Ульрых. Дзве местачковыя пякарні належылі Л. Гелеру і Г. Тэйтэльбаўму, які яшчэ займаўся продажам у розніцу разнастайных тавараў. У піўных гаспадарылі З. Качар і Х. Шост, у рэстаране — Р. Горчак. Рэзалі жывёлу Т. Беткман, Я. Эстрын, М. Кацаў, І. Крывіцкі, Л. Ханін і іншыя. Скуры і скураныя вырабы куплялі і прадавалі А. Дрэйзін, Я. Фрумін, Б. Кайдараў, М. Кочар, Крайнер, Д. Гельпрын, О. Качаў. Рэалізоўвалі харчовыя тавары Д. Дрэйзін, Д. Эйнгель, Л. Эстраў, Е. Крайнаў, Г. Ліфлянчык, Г. Галубцоў, Я. Люлінскі, Д. Мунц, Б. Пайкін, Г. Розман, З. Самерсон, Р. Сегал, І. Берсан, Г. Бубнеў, С. Капылоў, П. Пінцаў.
У Міёрах займаўся вырабам сукна В. Гедройц, часаў воўну ў Чэрасах Е. Арон, у мястэчку яго калегай быў Е. Кораб.
Нямала местачкоўцаў займалася біржавымі справамі. Брокерамі з’яўляліся І. Дрызін, Р. Шэйнар, Г. Мордухаў, І. Эстраў, Р. Шэйнер.
У Міёрах і Вільнове знаходзіліся сінагогі, пачатковыя яўрэйскія школы, дзейнічалі шматлікія сіянісцкія арганізацыі.
Адносіны яўрэяў з мясцовым насельніцтвам былі ў асноўным талерантнымі. Выключэннем стала сутычка ў Вільнове, дзе была спалена сінагога. Але мірнае жыццё перакрэсліла вайна. Адразу пасля акупацыі фашысты ў Міёрах стварылі гета, якое размяшчалася паміж сучаснымі вуліцамі Леніна, Кірава, Камуністычнай і Камсамольскай. Выходзіць адсюль без спецыяльнага дазволу забаранялася. На адзенні яўрэяў былі нашыты жоўтыя зоркі. Але гэта напачатку не надта перашкаджала ўзаемаадносінам з мясцовым насельніцтвам: ля агароджы ішоў гандаль прадуктамі, абмен рэчамі. Яўрэйскія рамеснікі працягвалі шыць адзенне, рамантавалі абутак. Але з часам адносіны акупантаў да іх станавіліся ўсё больш жорсткімі. Немцы стварылі ў гета орган самакіравання юдэнрат на чале з Шымонам Голдзіным, жыхаром Вільнова, які яшчэ за польскім часам узначальваў прафсаюз гарбароў у нашай мясцовасці, з’яўляўся вядомым грамадскім дзеячам.
Дарослае насельніцтва немцы вадзілі пад канвоем на працу на лесазавод, дзе мужчыны рабілі драўляныя скрынкі, і ў швейную майстэрню, дзе шылі ўніформу для нямецкіх салдат. Умовы былі цяжкія, рабочы дзень працягваўся па 16 гадзін. Стымулам было абяцанне ў хуткім часе даць волю. Паўсюдна віселі лозунгі на нямецкай мове “Праца робіць свабодным”.
Трагедыя адбылася 2 чэрвеня 1942 года. Пра яе ў фондах музея СШ №3 захаваліся шматлікія ўспаміны відавочцаў тых падзей А. Шульмана, Н. Сцепулёнка, І. Вараб’ёва, С. Цыпінай, М. Карніцкай, Т. Івінай, Я. Баркоўскай, Я. Цыпіна і яго маці і іншых. Некалькі гадоў таму да нас прыязджалі сёстры Кейдаравы, яны падаравалі кнігу на іўрыце “Лёс 77 азёраў”, а пазней даслалі дыск з яе перакладам на англійскую мову. Аўтару ўспамінаў, 15-гадовай Лейбе, удалося ўцячы з-пад расстрэлу. Вось уся гэтая дакументальная спадчына дае магчымасць аднавіць падзеі таго жудаснага дня.
... 2 чэрвеня 1942 года ранкам немцы сагналі ўсіх яўрэяў з гета ў вялікія хлявы. Яны сцвярджалі, што вечарам усіх адпусцяць, і многія ў гэта верылі. Толькі Залман Школьнік, які ўжо перажыў падобную сітуацыю, сцвярджаў, што ўсіх расстраляюць, як гэта здарылася ў Ёдах. Але спачатку яму ніхто не верыў. Потым першую групу жыхароў гета вывелі на рыначную плошчу, што размяшчалася на месцы сучаснай СШ №1. Людзей паставілі на калені і абшукалі, каб адабраць каштоўнасці.
Потым калону пад канвоем пагналі ва ўрочышча Крукаўка, дзе ваеннапалонныя ўжо выкапалі вялікія ямы. Старых, нямоглых і хворых везлі на павозках. На месцы ўсіх прымушалі распрануцца дагала, потым па некалькі чалавек ставілі на дошкі праз рвы, немцы і паліцэйскія стралялі ім у спіну. Некаторыя валіліся параненымі, нават жывымі і потым былі пахаваны пад мёртвымі. Стрэлы не маглі заглушыць крыкі і стогны няшчасных.
Пасля знішчэння першай калоны ўзяліся за другую. Былы настаўнік Міёрскай школы Іцхак Арон перадаў моладзі, якая яго добра ведала: ”Калі будзе каманда пастроіцца па чатыры, разбягайцеся ў розныя бакі”. Многія ўжо зразумелі, які лёс іх чакае і паспрабавалі ўцячы. Яны кінуліся ў напрамку возера, але немцы і паліцэйскія былі напагатове і адкрылі такі шчыльны агонь, што большасць загінула на месцы, частка патанула. Адзін з яўрэяў уцякаў разам з маленькім сынам. Яго ён пакінуў на пінжаку, а сам кінуўся ўплаў. Хлопчыка знайшлі немцы і забілі, а яго бацька, які звярнуўся за дапамогай да сялян, што за возерам узводзілі хлеў, быў аглушаны сякерай. Яго пагрузілі ў фурманку і прывезлі ў Міёры, за што немцы далі тры пуды солі. Пасля вайны гэтыя сяляне Суравец і Колас былі асуджаны на 25 гадоў лагераў.
З гэтай групы ўцекачоў удалося выратавацца 15-гадовай Лейбе Арон. Некалькі месяцаў яна хавалася ў лесе, пакутуючы ад голаду і холаду. Большасць сялян, нават якія добра ведалі дзяўчынку, не асмельваліся ёй дапамагчы, а некаторыя пагражалі выдаць немцам. Нават сям’я лесніка Мараза, якой да вайны дапамагаў бацька Лейбы, цяпер не толькі не прытуліла яе, але не дала кавалка хлеба, затое сям’я Кашкураў з Александрова накарміла, забяспечыла ежай і адзеннем.
Ратуючыся ад голаду і адзіноты, дзяўчына зноў трапіла ў гета Відзаў, і там ёй удалося ўратавацца ў час расстрэлу, была толькі паранена ў руку. Разам з іншымі міёрскімі ўцекачамі яна схавалася на балоце Ельня.
Больш пашанцавала яўрэям з трэцяй калоны. Сонца ўжо кацілася да захаду, і жыхары вёскі Русачкі гналі кароў з пашы непадалёку ад месца расстрэлу. Пастухі наўмысна ці то з-за цікаўнасці прыпынілі статак. Калі яўрэі кінуліся ўцякаць, то заўважылі, што немцы не страляюць па каровах, а за імі былі хмызнякі. Ды і цямнела. Вось гэтыя абставіны і ўратавалі не менш 40 чалавек. Па-рознаму склаўся іх лёс. Так, Блюма Голдзіна праляжала ў возеры да ночы, хаця па ёй стралялі. Пазней яна хавалася ў знаёмых сялян. Іосіф Любінскі з сынам Сролам знайшлі прытулак у знаёмых сялян Анашкаў у вёсцы Блажкі. Пазней яны абодва сталі партызанамі.
Уратаваўся Навум Кайданаў з трыма дзецьмі.
У Міёрах аднымі з самых багатых былі Энгелі. Некаторых старэйшых з сям’і расстралялі бальшавікі яшчэ да вайны, а іх дзеці Муля і Роза ўцяклі ў час расстрэлу ад немцаў. Роза схавалася на гарышчы перад тым, як усіх выводзілі на плошчу, знаходзілася там тры дні, потым скіравалася ў Чэрасы. Мулю прытуліў жыхар Дзісны Георгій Марозька. А вось селянін Шчасны з Чэрасаў, калі адзін яўрэй прыйшоў да яго за сваім кажухом, засек няшчаснага сякерай.
Большасць яўрэяў, якія збеглі з гета, утварылі на балоце Ельня партызанскі атрад, там жа ў лагеры хаваліся дзеці і жанчыны. Шмат зрабіў для іх выратавання Ягор з Мнюхоў, які загінуў ужо пасля вайны. Усяго ў атрадзе былі 43 чалавекі, сярод якіх Давыд Гельман, Ісак Макутонін, Ніхамчын, Ціві-Мэндаль Макутонін (загінуў), Іцік Арон, Абрам Крывіцкі і іншыя.
Уцекачоў было нямала, каб іх сабраць зноў, немцы расклейвалі адозвы, заклікаючы іх у гета Глыбокага, абяцалі жыццё. Ад сялян патрабавалі даваць павозкі і ежу тым, хто туды будзе дабірацца. Толькі там усё паўтарылася.
У Міёрах былі расстраляны не толькі мясцовыя яўрэі, але і жыхары Лявонпаля, Вільнова, Паданых, іншых населеных пунктаў. У нашай кнізе “Памяць” падаецца 668 прозвішчаў, па дадзеных Яд Вашэма тут знайшлі апошні спачын 776 чалавек. Самым маленькім Бэрку Меерсану і Хаіму Фрумкіну было толькі па некалькі месяцаў, Залману Качару і Хаіму Абрамовічу — далёка за 80.
Яму з расстралянымі закапвалі таксама палонныя. Пяску для гэтага не хапала, кроў струменіла ў канавы. Фашысты загадалі мясцовым сялянам на падводах падвозіць пясок яшчэ два тыдні да магіл, якія нібы “дыхалі”.
Пасля вайны Эфраім Цымін, які вярнуўся з фронта, спрабаваў са сваім сябрам Ніхамчынам раскапаць пахаванне, каб апазнаць сваякоў. Пазней яны ўспаміналі, што не маглі разбіць пясок нават ломам, ад крыві ён сцэментаваўся.
Трагедыя Крукаўкі на гэтым не закончылася. Пазней там расстрэльвалі цыганоў.
Цяпер пра тыя жудасныя дні нагадвае толькі сціплы помнік на невялікім насыпе сярод ліп, абнесеных жалезнай агароджай. Ён пастаўлены ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.
В. ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.