Водопад - Междуреченский. История водопада в Миорском районе
gazeta 27-01-2024, 12:25 3 375 Гісторыя краю / Вясковае жыццё / Мая малая РадзімаБолее 70 лет назад - 10 апреля 1952 года-в Миорской районной газете «Большевистская трибуна» (название по тогдашнему правописанию) был помещен пост учеников семилетки из деревни Чурилово далекое об экскурсии на ближайшую от учебного заведения электростанцию. Она была введена в эксплуатацию в 1947 году и официально называлась Междуреченской. Так как местом ее пребывания являлось фабричное поселение (осада) Междуречье, возникшее здесь во 2-й половине XIX века во время постройки бумажной (картонной) фабрики. Фабрика располагалась в километре от одноименного двора Междуречья, ниже по течению реки Вята.
Больш за 70 гадоў таму – 10 красавіка 1952 года – у міёрскай раённай газеце «Большэвіцкая трыбуна» (назва паводле тагачаснага правапісу) быў змешчаны допіс вучняў сямігодкі з вёскі Чурылава Далёкае пра экскурсію на бліжэйшую ад навучальнай установы электрастанцыю. Яна была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1947 годзе і афіцыйна называлася Міжрэчанскай. Бо месцам яе знаходжання з’яўлялася фабрычнае пасяленне (асада) Міжрэчча, узніклае тут у 2-й палове XIX стагоддзя ў час пабудовы папяровай (кардоннай) фабрыкі. Фабрыка месцілася за кіламетр ад аднайменнага двара Міжрэчча, ніжэй па цячэнні ракі Вяты.
З часам фабрыка была пераабсталявана на млын і прадпрыемства для часання воўны, а ў згаданым паваенным 1947 годзе – на гідраэлектрастанцыю. Прыкладна на мяжы 1950-х–1960-х гадоў на электрастанцыі здарыўся пажар, пасля якога яе зачынілі. Калі ўвесну 1962 года настаўнік Міжрэчанскай пачатковай школы Антон Феліксавіч Пупін, які, дарэчы, напрыканцы 1930-х гадоў і сам загадваў працаю млына, павёў нас, школьнікаў, туды на экскурсію, усё там ужо прыходзіла ў заняпад.
Але плаціна электрастанцыі трымалася ў неблагім стане яшчэ даволі доўга. На самым пачатку 1970-х гадоў праз дрогкі, зладаваны на жалезных рэйках драўляны мост па-над вадаспадам можна было праехаць на падводзе і нават на аўто. Расліннасць наўкола была радзейшая, чым цяпер, і з моста наперадзе па цячэнні ракі былі бачныя абрысы гліністае чырвонае гары. Плаціна з абодвух бакоў была аблямавана велічнымі каменнымі мурамі.
З выступаў на мурах было зручна вудзіць рыбу, бо яна добра бачная была зверху ў тоўшчы празрыстай вады. Найчасцей вудзіліся акуні, але трапляліся і іншыя прадстаўнікі рачной фаўны. Шмат было ракаў. Купацца пры плаціне сярод мясцовага насельніцтва завядзёнкі не было. Месца таямнічае, даволі вусцішнае і бязлюднае. І ўявіць было немагчыма, што з часам яно стане такім папулярным не толькі сярод жыхароў раёна, але і аматараў акватурызму з усёй Беларусі.
Што да назвы мясціны, дык у сродках масавай інфармацыі і на інтэрнэт-пляцоўках чаго толькі сёння на гэты конт не сустрэнеш. Але ж усё проста: вадаспад – Міжрэчанскі, паводле назвы месца, дзе ён знаходзіцца. Пра што сведчаць і дакументы людзей, якія тут калісьці жылі. Напрыклад, Станіслава і Альжбеты Анашкаў ды іх дзяцей, чыя хата месцілася метраў за 200 ад вадаспада, справа пры спуску да яго пры пад’ездзе з боку вёскі Александрыны і былога хутара Навінкі.
Адзіным паселішчам, якое, апроч Міжрэчча, магло б прэтэндаваць на наданне вадаспаду свайго імя, з’яўляецца Устжэжа (у спісе выбарчых камісій у газеце «Большэвіцкая трыбуна» за 26 студзеня 1950 г. – Устрэж). Яно знаходзілася крыху больш за паўкіламетра ад вадаспада ніжэй па цячэнні на правым баку ракі Вяты, амаль насупраць вёскі Пруднікі і належала Віктару Мірскаму і яго жонцы Тэрэсе Козел-Паклеўскай. Пра прыналежнасць асады да Устжэжа піша даследчык гісторыі гэтай мясцовасці польскага часу Міраслаў Задора-Цішэўскі.
Устжэжу прыпісвалі месцазнаходжанне млына і электрастанцыі, а затым вадаспада і мы, жыхары паваеннай вёскі Міжрэчча (Мізарэча). У той час, як усё ж згодна з дакументамі адзінаю правамоцнаю назвай месца з’яўляецца Міжрэчча. Вадаспад жа, адпаведна, іначай, як Міжрэчанскім, называць таксама не выпадае. Пра што і варта даводзіць аматарам бавіць час на прыродзе. Назвы прыродных аб’ектаў (тапонімы) – неад’емная частка культурнай спадчыны народа, і захаванне іх спаконвечнага гучання гэтак жа важнае, як і ўсё іншае, што гэтую культуру сілкуе.
Франц CІЎКО.
Фота прадаставіў аўтар.