Авторизация
 

Міхаіл Латышаў: Афiцэр. Настаўнік. Чалавек.

1
Лічу Міхаіла Іосіфавіча Латышава сваім настаўнікам, прычым двойчы. Ён выкладаў мне гісторыю ў Дворнасельскай васьмігодцы і Міёрскай СШ. Праз шмат гадоў давялося працягваць яго справу: рэдагаваць раённую газету. І цяпер перад вачыма невысокая каржакаватая постаць заўсёды знешне спакойнага, ураўнаважанага чалавека. Гаварыў няспешна, разважліва, аргументавана. Умеў знаходзіць агульную мову з дзецьмі і дарослымі, калегамі, падначаленымі і сваімі настаўнікамі.

Міхаіл Іосіфавіч нарадзіўся 18 мая 1922 года ў вёсцы Арэхаўка Ушацкага раёна. Вялікі населены пункт працяглы час быў цэнтрам калгаса. Больш важна, што ён размяшчаецца на беразе аднайменнага возера, аднаго з многіх на тутэйшых абшарах Падзвіння. Ці не той факт паўплываў на выбар будучай прафесіі?! Юнак паступіў ў Гомельскі тэхнікум воднага транспарта. Працоўную дзейнасць пачаў штурманам парахода Днепрадзвінскага рачнога суднаходства. Толькі мараком не суджана было застацца – грымнула вайна. Адразу пачаў удзельнічаць у эвакуацыі ў глыбокі тыл машын, станкоў, прамысловага абсталявання, якое маглі захапіць немцы. Разам з іншымі юнакамі-камсамольцамі рваўся змагацца з ворагам.

У жніўні 1941-га Запарожскі райваенкамат прызваў Міхаіла на службу і адразу накіраваў у артылерыйскае вучылішча. У званні лейтэнанта ў красавіку 1942-га яго  адправілі на Паўднёвы фронт, які праходзіў тады па Данбасу, па лініі паміж станцый Рубежная і Ліхая перад Варашылаўградам. Трапіў у 176-ю стралковую дывізію, што з цяжкімі баямі адступала ад Днястра ў Малдавіі. Напачатку быў 52-і запасны стралковы полк, дзе набываў практычныя навыкі вядзення артылерыйскай барацьбы з танкамі. Потым камандзірам узвода 188-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна, які падтрымліваў падраздзяленні 109-га стралковага палка, сустрэўся з ворагам тварам у твар.

Гэта быў час, калі гітлераўцы рыхтавалі наступленне на Сталінград, горад, які набыў сімвалічнае значэнне, каб перарэзаць Волгу як важную транспартную артэрыю, і на Каўказ дзеля бакінскай нафты.
Лета для лейтэнанта-артылерыста аказалася гарачым ва ўсіх сэнсах: з баямі адступаў праз Навашахцінск, Растоў-на-Доне. Асабліва цяжка было пры набліжэнні да Каўказскіх гор. Ва ўспамінах для раённай газеты «Сцяг працы» ў артыкуле «Шляхамі выпрабаванняў» у 1970 годзе Міхаіл Іосіфавіч нагадваў:

«У раёне Малгабека дзейнічаў батальён капітана Самсонава. Мясцовасць была адкрытай, і байцам нельга было акапацца, каб замацаваць свае абарончыя рубяжы. Узвод супрацьтанкавай артылерыі, якім камандаваў я, падтрымліваў іх. Пад вечар страляніна спынілася, і з боку праціўніка пачуўся страшэнны гул. Вораг з мэтай прарваць абарону кінуў на нашы пазіцыі дзясяткі танкаў. Сталёвай падковай яны акружылі нас. Завязаўся цяжкі і няроўны бой. Ад трапных снарадаў, якія пасылалі нашы байцы, загарэўся адзін, затым другі варожы танк. Такога адпору фашысты не чакалі. Хутка яны павярнулі назад, пакінуўшы на полі бою пяць сваіх баявых машын».

Міхаіл Іосіфавіч адзначаў, што тады плячо ў плячо ва ўзводзе змагаліся рускія, беларусы, казахі, татары, удмурты. Гэта дапамагло выстаяць. Аднак перыяд адступлення запомніўся недахопам боепрыпасаў. І праз шмат дзесяцігоддзяў з горыччу расказваў былы артылерыст: бачым, як накапліваюць сілы для заўтрашняга рыўка гітлераўцы і не страляем па іх з гармат, бо снарадаў на наступны дзень не застанецца…

Глыбокай восенню 1942 года ў выніку кровапралітных баёў 12-я армія Паўднёвага фронту спыніла гітлераўцаў на Церыку (у склад яе ўваходзіла і 176-я стралковая дывізія, і 109-ы стралковы полк, да гэтага часу адзначаны ордэнам Чырвонага сцяга), зацішша дазволіла ўзнагародзіць найлепшых байцоў. 17 снежня ордэнам Чырвонай Зоркі быў адзначаны і Міхаіл Латышаў.
У бітве за Наварасійск Міхаіл Іосіфавіч атрымаў цяжкае раненне. Яно магло стаць смяротным: уратавала тое, што варожы боепрыпас часткова прыняў на сябе пісталет, які вісеў у кабуры на поясе. Пасля гэтага індывідуальная афіцэрская зброя стала непрыдатнай для выкарыстання.

Пасля шпіталя яго накіравалі ў вышэйшую афіцэрскую школу, потым – зноў на фронт. Вызваляў узбярэжжа Чорнага мора. Сведчыў, што пасля разгрому пад Сталінградам характар захопнікаў рэзка памяняўся. Іх фанабэрыстасць і самаўпэўненасць змяніліся страхам за ўласнае жыццё.
Аднак нямецкая армія яшчэ захоўвала баяздольнасць, патрабаваліся вялікія намаганні, каб выгнаць яе з нашай зямлі. І ў гэту справу свой уклад унёс Міхаіл Латышаў. 1 мая 1945 ён узнагароджаны медалём «За абарону Каўказа», а ў маі 1945-га – «За перамогу над Германіяй…»

…Пасля заканчэння рэспубліканскай партыйнай школы ў 1951 годзе Міхаіл Іосіфавіч накіраваны рэдактарам Міёрскай раённай газеты «Бальшавіцкая трыбуна». Яго папярэднік Пётр Акімавіч Клінаў абраны старшынёй калгаса «Баявы партызан».
Раёнка ў той час мела фармат у чацвёртую частку друкаванага аркуша пры тыражы ў дзве тысячы экземпляраў. Выходзіла два разы на тыдні. Аднак выпускаць газету было няпроста, бо ў штат уваходзілі толькі рэдактар, сакратар і бухгалтар. Сакратаром з’яўлялася Лідзія Іванаўна Вашнёва, грашовымі рахункамі займалася Ганна Лазараўна Мацкевіч, адначасова працавала машыністкай. На ручным друкарскім станку выпускаў газету загадчык друкарні Мікалай Іванавіч Гайдар, а набіралі яе Г. Р. Кубліцкая, Р. П. Столпер, В. В. Занковіч.

Рэдакцыя падтрымлівала сувязь з кіраўніцтвам раёна, сельсаветаў і гаспадарак, спецыялістамі, актывам, рабселькорамі. Яе справамі цікавіліся першыя сакратары РК КПБ Рычард Уладзіслававіч Шкрэда, а затым і Іван Кузьміч Данілаў.
1953 год для раёнкі стаў пераломным. Яна памяняла назву на «Зару камунізму», удвая павялічыла фармат – да палавіны друкаванага аркуша – і стала выходзіць не два, а тры разы на тыдні. Сярод сваіх першых памочнікаў пры пашырэнні штату Міхаіл Іосіфавіч звычайна называў загадчыкаў аддзелаў А. Ф. Агурцова і Н. П. Ваяводава, літсупрацоўнікаў Л. М. Грузневіч, А. Ц. Чындарава, Я. В. Бондар.

Даводзілася ўмацоўваць паліграфічную базу.
Міхаіл Латышаў праклаў шлях, па якім раённая газета развівалася некалькі дзесяцігоддзяў. Пра цяжкасці і складанасці не гаварыў. Пра іх нагадвалі значна пазней тая ж Ганна Лазараўна Мацкевіч, практыкант-журналіст Флор Данатавіч Манцэвіч: за матэрыяламі на сяло дабіраліся на спадарожных машынах, рэдакцыйным кані ці пешшу. Кожны работнік замацоўваўся за нейкай вёскай для правя- дзення агітацыйнай работы.

Сельскай гаспадарцы ў той час катастрафічна не хапала падрыхтаваных кіраўнічых кадраў. Старшынёй калгаса мог стаць любы работнік раённага звяна. Гэты лёс чакаў і Міхаіла Латышава: у 1957 рэдактар раённай газеты «быў абраны» кіраўніком сельгасарцелі «Парыжская камуна». А пасля лёс дазволіў Міхаілу Іосіфавічу заняцца тым, што ўмеў рабіць лепш за ўсё – вучыць дзяцей і выхоўваць дарослых.

Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота з архіва рэдакцыі. 
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 мая 2022
Адриан, Арсений, Иван

Именины 20 мая 2022
Антон, Давид, Иван, Иосиф, Михаил, Степан, Фаддей, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта