Хто не ведае гісторыі, той не мае будучыні. Таму важна, каб дзень учарашні заставаўся з намі ў цяперашнім. «Мінулае побач» – сумесны праект раённай газеты «Міёрскія навіны» і музейнага аб’яднання СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Распавядаем гісторыю Міёршчыны ў асобах, падзеях, фактах.
Так у свой час назваў генерал-маёра авіяцыі Віталя ГАРДЗІЛОЎСКАГА адзін журналіст са СМІ. Увогуле, калі ў пошукавым радку Яндэкса ўвесці імя нашага земляка, крыніц знойдзецца шмат. Пра лётчыка, які ў красавіку 1945 года падаў светлавы сігнал да штурму Берліна, расказваюць расійскія і беларускія сайты гістарычнай тэматыкі. Асобны артыкул пра яго змяшчаецца ў кнізе Вітольда ЕРМАЛЁНКА «Чароўных вандровак пярсцёнкі».
Малая радзіма Віталя Гардзілоўскага – вёска Чэрасы. Запіс аб яго з’яўленні на свет 29 студзеня 1912 года змешчаны ў метрычнай кнізе мясцовай Свята-Мікалаеўскай царквы. Між тым у некаторых крыніцах год нараджэння памылкова ўказваюць 1909-ы.
З Чэрасамі Віталя Гардзі- лоўскага звязваюць толькі гады ранняга маленства. Аднак мы па праву можам ганарыцца знакамітым земляком.
Замест чыгуначных шляхоў паветраныя магістралі
Бацька будучага лётчыка – Аляксандр Сцяфанавіч – служыў псаломшчыкам у чэраскай царкве. Калі пачалася Першая сусветная вайна, пайшоў на фронт. Быў паранены, лячыўся ў шпіталі ў Вязьме. Пасля выздараўлення ўладкаваўся там на чыгуначную станцыю. Перавёз з Беларусі сям’ю.
Як і тата, Віталь вырашыў стаць чыгуначнікам. Скончыў Маскоўскі тэхнікум шляхоў зносін. Аднак лёсам замест чыгуначнага палатна яму былі наканаваны паветраныя магістралі.
Падчас вайсковай службы Віталь Гардзілоўскі трапіў у Севастопаль у 1-ю Чырванасцяжную Качынскую школу лётчыкаў імя Мяснікова, дзе рыхтавалі кадры для знішчальнай авіяцыі. Затым яго перавялі ў Энгельс у 14-ю школу пілотаў, у якой навучаліся лётчыкі для бамбардзіровачнай авіяцыі. Адным з першых асвойваў хуткасны бамбардзіроўшчык СБ (АНТ – 40). На адным з такіх нанёс удар па варожых фарміраваннях у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны.
22 чэрвеня 1941 года, 12 гадзін 8 хвілін
У гэты час для Віталя Гардзілоўскага пачалася вайна. У складзе адной з трох дзявятак бамбардзіроўшчыкаў СБ падняўся ў неба. Курс на Сувалкі (горад у Польшчы), дзе ў раёне возера Сервы размяшчаўся нямецкі аэрадром. З вылету, які доўжыўся тры гадзіны 46 хвілін, увесь экіпаж вярнуўся цэлым. Аднак за першы месяц баёў у небе Беларусі са 173 самалётаў СБ 13-й дывізіі ў працоўным стане засталося два.
Віталя Гардзілоўскага накіравалі на Казанскі авіязавод асвойваць новы пікіруючы бамбар- дзіроўшчык. Прызначылі інструктарам па палётах. Экскадрылля пад яго камандаваннем здзейсніла 800 баявых вылетаў без людскіх і матэрыяльных страт.
Пасля Гардзілоўскага прызначылі камандзірам дальнебамбардзіравальнага палка, які сам і фарміраваў. 4 чэрвеня 1944 года полк здзейсніў першы баявы вылет. Бамбілі варожыя аб’екты ў Баранавічах, Брэсце, у Польшчы, Славакіі.
Вогненны сігнал да штурму
Калі Чырвоная Армія падступала да Берліна, камандуючы 18-м паветраным войскам галоўны маршал Аляксандр Галаванаў вырашыў падаць сігнал да штурму з дапамогай светлавых бомб
ЦАСАБ-10. Іх факелы, спускаючыся на парашутах, на працягу дзесяці хвілін гараць яркім чырвоным агнём, які бачна за 90 кіламетраў. Выканаў баявую задачу гвардыі падпалкоўнік Віталь Гардзілоўскі. Збіраючыся ў начны палёт, што павінен быў прайсці ва ўмовах строгай сакрэтнасці, у рэжыме поўнага радыёмаўчання з выхадам на сувязь толькі ў экстраннай сітуацыі, ён яшчэ і сам не ведаў, у чым галоўная асаблівасць скідвання бомб над Зяелаўскімі вышынямі ў пяць гадзін раніцы. Калі ў ранішнім небе загарэліся дзясяткі агнёў, Чырвоная Армія пачала наступленне. Было гэта 16 красавіка 1945 года.
Назаўжды з авіяцыяй
Мірнае жыццё Віталя Гардзі- лоўскага таксама звязана з авіяцыяй: ваеннай і грамадзянскай. Служыў у тым ліку ў Беларусі. У Баранавічах камандаваў першай у гісторыі савецкіх ваенна-паветраных сіл цяжкай бамбардзіровачнай авіядывізіяй.
Званне генерал-маёра авіяцыі атрымаў у 1957 годзе, праз год прымаў падзяку ад міністра абароны.
На адпачынак Віталь Аляксандравіч выйшаў у 1961 годзе. На гэты час меў 3 600 гадзін налёту. З ваеннай авіяцыі скіраваўся ў грамадзянскую. Быў начальнікам аэрапорта ў падмаскоўным Унукаве.
Скончыўся зямны шлях лётчыка ў 1993 годзе.
У небе вайны Віталь Гардзілоўскі здзейсніў 137 паспяховых баявых вылетаў. Збіў два нямецкія знішчальнікі.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Аляксандра Неўскага, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені і сямю медалямі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц.