Авторизация
 

Іосіф Бунта адшукаў падрабязныя звесткі пра даўні храм ў вёсцы Пестуны

 Пры ўездзе ў вёску Пестуны з боку Канахоў захоўваліся рэшткі падмурка. Народная памяць сцвярджала, што калісь тут узвышалася царква. Працяглы час месца прастола агароджвалася, ідучы міма вернікі хрысціліся. Больш падрабязныя звесткі пра даўні храм адшукаў жыхар суседняга населенага пункта Беларуская (Мацюкоў), выпускнік Дворнасельскай школы, заўзяты аматар гісторыі і краязнаўства Іосіф Бунта.

 

Поўніўся вернікамі, але не стала дзе маліцца

У 1775 годзе праведзена інвентарызацыя Чэраскага маёнтка Радзівілаў, тады да яго адносілася каля 40 вёсак, у тым ліку Пестуны, дзе налічвалася 14 дамоў. Пра існаванне культавых пабудоў у гэтым невялікім населеным пункце не ўзгадваецца. Але ўжо ў 1800-м царква ў Пестунах адзначана на гістарычнай карце Дзісненскага павета. Толькі яна не заўсёды была самастойнай. Пэўны час, калі тут адсутнічаў па нейкіх прычынах святар, рэгістрацыя нараджэнняў і вянчанняў адбывалася ў царкве Чэрасаў, населеным пункце, які на той час з'яўляўся валасным цэнтрам.

 

Нават захавалася скарга жыхароў Верацеяў за 1856 год, што чэраскі святар не прыязджаў у Пестуны служыць літургію. Дарэчы, гэты абрад пацвярджае статус храма, у капліцах ён не праводзіўся. Прыкладна ў той час будынак царквы перавезены ў Слаўшчызну (Паданыя) і размешчаны на другім беразе Чэраскага возера насупраць больш старажытнага храма, які захаваўся да нашых дзён. Асвяцілі новабудоўлю ў 1858 годзе. На карце Віленскай губерні 1861 года культавага будынка ў Пестунах ужо няма, а ў Слаўшчызне пазначаны дом святара. Не выключана, што напамінам пра цэркаўку на ранейшым месцы засталася ў Пестунах прыходская школа, якая месцілася ў хаце Франца Тычко, пераўтвораная потым у аддзяленне Чэраскага народнага вучылішча.

 
Між тым царква ў Слаўшчызне яшчэ дзейнічала амаль поўнае стагоддзе, у ёй з 1947 года і да апошніх дзён існавання праводзіў службу чэраскі святар Канстанцін Іваноўскі. Яго дачка Ганна пакінула наступныя ўспаміны:

 
«Царква ў Міёрах узведзена ў памяць маленькай цэркаўкі ў вёсцы Паданы, што праз возера ад Чэрасаў. Мне тады было мо 11 гадоў, але я добра памятаю яе. Будынак з вялікіх часаных бэлек, падагнаных адна да другой шчыльна і дбайна, дах пакрыты шчапой, прыгожыя вокны і дзверы, купалы і крыжы аздоблены разьбой, па карнізах – жалезныя карункі. У царкве кідаліся ў вочы разныя «царскія вароты». Кветкі, лісце, завіткі з дрэва ўпрыгожвалі іканастас. Нават вялікі крыж з распятай фігурай Ісуса Хрыста быў выразаны, хаця шэры і ў трэшчынах, але вельмі выразна.

 
 На фэст па-народнаму Петрачок, а па-царкоўнаму «Положение ризы пресвятой Богородицы», царква напаўнялася вернікамі. Але не ўсе змяшчаліся ў ёй, стаялі вакол будынка вялікім кальцом. Стогадовыя ліпы, каштаны і бярозы захіналі іх ценню. Прыязджалі здаля на конях, веласіпедах, каб памаліцца, прывозілі дзяцей, старых, нямоглых. Пасля богаслужэння садзіліся гуртом з раднёй і суседзямі прама на зямлю, абедалі. Ніколі не памятаю лаянкі, абраз, п’янак, хаця людзей было шмат, і выпівалі патроху. Перад ад’ездам за сабою прыбіралі, не пакідаючы ні паперкі, ні бутэлькі. Тут панавала свая, вясковая культура – шчырая, прыемная, душэўная».

 
Па меркаванні Ганны Канстанцінаўны, існаванне таго царкоўнага будынка закончылася прыкладна ў 1955 годзе (па маіх меркаваннях, гады на 3-4 пазней), калі прыезджыя людзі пачалі разбіраць пабудову, не зважаючы на просьбы стаяўшага на каленях святара, які нагадваў, што гэта не толькі храм, яшчэ і помнік архітэктуры, бо ўзведзены без адзінага цвіка.

 
У знішчэнні цэркаўкі ніхто з мясцовых жыхароў не ўдзельнічаў, а тых, хто прыклаў да гэтага рукі, напаткала нямала бед. Драўніна ад старога будынка, хаця і не кранутая часам, на карыснае, як абяцалася, не пайшла. Яе выкарысталі на дровы.

 

Мікалай Рунда адгукнуўся, епіскап блаславіў

Памяць пра царкву ў Пестунах ажыла ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. 10 снежня 1997-га благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Мікалай Рунда атрымаў «прашэнне» за подпісам 73 прыхаджан праваслаўнай абшчыны, жыхароў вёсак Пестуны, Канахі, Беларуская, Свярдлы, Дворнае Сяло, Сцефанова аднавіць храм. Першымі яе падпісалі дварнасельцы Пётр Шокель, Адам Марозька, Валерый Шокель, Лілія Няхаева, Алена Сарокіна, затым масава падключыліся пестунаўцы, жыхары Беларускай, вернікі з Канахоў, Міёр, Пад’ельцаў…

 
Мікалай Рунда ў 1947 годзе служыў у Чэраскай царкве і гісторыю мясцовых храмаў добра ведаў. Да таго ж ён меў вопыт царкоўнага будаўніцтва. Таму напачатку звярнуўся за бласлаўленнем на добрую справу да епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. 5 студзеня наступнага 1998–га адпаведная заява задаволіць просьбу вернікаў накіравана старшыні Дворнасельскага сельскага Савета Уладзіміру Пальчэўскаму, яшчэ праз некалькі дзён – старшыні райвыканкама Уладзіміру Скавародку. Дарэчы, продкі Уладзіміра Юр’евіча паходзяць з суседніх Пестунам Падгайцаў-Канахоў. Але не толькі таму. Настаў час, калі адносіны да ўзвядзення культавых будынкаў памяняліся, пытанні аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва, распрацоўкі праектнай дакументацыі, а потым і закупу матэрыялаў вырашаліся без валакіты.

 
Новым царкоўным будаўніцтвам (царква ў Пестунах павінна была стаць другой у раёне пасля храма ў Міёрах) найперш быў заклапочаны благачынны акругі Мікалай Рунда. З яго ўдзелам на месцы даўняга будынка, якому пагражала набліжэнне сметніка, адбыўся сход мясцовых вернікаў. На ім раён прадстаўляў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Маняк, прымаў удзел старшыня Дворнасельскага сельскага Савета Уладзімір Пальчэўскі. Прынялі агульнае і прынцыповае рашэнне, што будзе ўзводзіцца менавіта царква, а не капліца, выбрана ініцыятыўная «дваццатка» для вырашэння ўсіх практычных пытанняў пад кіраўніцтвам Міхаіла Панкрата (на фотаздымку).

 
– Пачыналі са збору сродкаў, – узгадвае Міхаіл Пятровіч. – На Хрышчэнне наступнага года святар Мікалай Рунда наведваў хаты вернікаў у суправаджэнні жыхара Дворнага Сяла Мікалая Арла, які выконваў абавязкі казначэя. Як правіла, усе мясцовыя жыхары рабілі ўзносы. На тыя першыя 13.500 рублёў купілі сілікатныя блокі і цэглу, якіх павінна было хапіць на ўвесь будынак. Наша царква ўзводзілася як прыпісная  да Міёрскага прыходу, з райцэнтра нам перадалі керамічную плітку, бляху і іншыя матэрыялы, што засталіся пасля будаўніцтва царквы. Будаўнічыя матэрыялы, інструменты размясцілі ў хлявах Надзеі Юхно, якая жыла па суседстве з будаўнічай пляцоўкай. У яе хаце праводзіліся пасяджэнні «штаба» будоўлі.

 
Грамадой адрадзілі святыню

Новы будынак вырашылі ўзводзіць не на старым падмурку, а побач, інакш ён аказаўся б на сучаснай праезнай часцы вуліцы. Для гэтага Славамір Юхно ахвяраваў часткай свайго агарода, – узгадвае Міхаіл Пятровіч. – Няпростым аказаўся і выбар даты пачатку работ, каб захаваць пэўныя рэлігійныя патрабаванні. Асвяцілі месца Мікалай Рунда і святары з Лявонпаля і Узмён 9 чэрвеня 1998 года, у аўторак, па традыцыі ў такі час тут заўсёды паміналі памерлых на могілках.

 
Траншэі пад падмурак пачалі капаць уручную васьмідзесяцігадовая Фаіна Сушко і яе маладзейшыя сяброўкі-пенсіянеркі Тамара Нікіфарава і Аліна Цвяцінская. Потым апорную сцяну з валуноў зрабілі Шокелі – Павел з сынам Віктарам.

 
Першых грошай, сабраных вернікамі на будоўлю, не хапала. Яшчэ не аднойчы звярталіся за падтрымкай да пенсіянераў, каб купіць цэмент, плітку і іншае. У многім дапамагаў калгас «Парыжская камуна», якім кіраваў Часлаў Вішнеўскі, гаспадарка выдзяляла тэхніку ці паліва, дастаўляла жвір ці пясок. І каменне на фундамент пайшло з «цаліны», як калгаснікі наводзілі парадак на ўгоддзях па ўскрайку Яльнянскага балота.

 
Памочнікаў назбіралася шмат. Абавязкі казначэя выконвала Рэгіна Скавародка з Канахоў. Яна ж мабілізоўвала насельніцтва на дапамогу з навакольных вёсак. Ва ўсім падтрымліваў Валянцін Нікалаёнак з Беларускай. У Пестунах такой актывісткай стала Тамара Нікіфарава, а яе муж Мікалай дапамагаў рабіць іканастасы, займаўся разьбой па дрэве. Для гэтага драўніну ясеня выдзеліў Павел Шокель. На будоўлі працавалі сем'ямі, найперш Шокелі з Пестунаў, Арлы з Дворнага Сяла. Сцены храма ўзводзілі брыгада Мікалая Грыгарэнкі, Міледзій Мацюк з Дворнага Сяла, ім дапамагалі мясцовыя жыхары ў якасці падсобных рабочых. Год быў неўраджайным, таму з кваліфікаваным персаналам разлічваліся бульбай з агародаў – па тры вядры на кожнага за дзень.

 
Дахавымі работамі кіраваў Рыгор Мацюк, хаця алтарную часту накрыў непасрэдна Мікалай Рунда, ён жа вырабіў вялікі купал. З маленькім атрымалася затрымка, мясцовыя будаўнікі такімі работамі раней не займаліся. Тады я ўзгадаў, што калісьці ў зарасніку на месцы царквы ў Паданых бачыў нейкія металічныя канструкцыі. Яны захаваліся. Па іх аднавілі «цыбулінку», якая, трэба меркаваць, калісь узвышалася на даўняй царкве менавіта ў Пестунах.

 
У новым храме вялікі пяціярусны іканастас. Яго маляваў мастак Крук з Шаркаўшчыны. Абразы з лікамі святых ён выконваў па заказах мясцовых вернікаў, якія і аплочвалі работы. Цяпер пра гэта нагадваюць подпісы ахвяравальнікаў, імі могуць ганарыцца нашчадкі.
Нямала прапаноў паступала па прысвячэнні новага храма нейкаму святому, бо са Слаўшчызны «палажэнне рызы...» перайшло ў райцэнтр.

 

Цэркваў Святога Мікалая нямала ў наваколлі. Тады і звярнулі ўвагу, што сярод вернікаў і будаўнікоў новай культавай установы было нямала Міхаілаў і Міхайлавічаў. Таму і наш храм у Пестунах атрымаў пакравіцелем заступніка і абаронцу архангела Міхаіла. Асвяціў яго епіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, а ўдзельнікаў урачыстасці прымаў у сваёй хаце гасцінны і гаспадарлівы Дзмітрый Тычко.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта