Авторизация
 

Раёну - 81! Успамінаем знакамітых ветэранаў Міёршчыны: працяг

 Сёлета раёну 81. Дата не юбілейная, але таксама вартая ўвагі. Асабліва калі размову пра яе весці праз лёсы вядомых на Міёршчыне людзей, равеснікаў раёна. Пра іх ужо расказвалі на старонках раённай газеты. Але мінулае тым і каштоўнае, што на яго ўспамінах мы больш аб’ектыўна ацэньваем сённяшняе.

 

А вы працягваем распавядаць пра знакамітых ветэранаў труда Міёршчыны.

 

34 гады кіравала паштовай службай раёна Лідзія Пальчэх. Яна родам з вёскі Пялікі Шаркаўшчынскага раёна. Пасля школы пачала працаваць начальнікам мясцовага аддзялення сувязі. Справа аказалася па душы – паступіла на завочнае навучанне ў электратэхнікум сувязі. На рабочым месцы дэманстравала кампетэнтнасць, адказнасць, стараннасць, яе перавялі ў раённую кантору сувязі, дзе арганізавала падпіску на перыядычныя выданні.

 
Як ліквідавалі Шаркаўшчынскі раён, выбрала бліжэйшыя да родных мясцін Міёры. Тут прадоўжыла працаваць старшым тэхнікам, праз некалькі месяцаў ужо была намеснікам начальніка раённай канторы сувязі, а ў канцы 1968-га – кіраўніком, узначальвала ўстанову да 2002-га. Гэта перыяд вялікіх перамен, вынікі якіх бачны і цяпер. Адолець складанасці дапамагала згуртаванасць калектыву і падтрымка калег. У той перыяд намеснікам стала Аляксандра Паплаўская, яна адказвала непасрэдна за паштовую службу. Галоўным бухгалтарам была Вера Гаплеўская, яе муж Віктар Аляксеевіч – тэхнікам радыёвузла. Яго намаганнямі правадное радыё рухалася на вёску, а паштавікі імкнуліся, каб друкаваныя выданні траплялі ў кожную хату.

 
 У той час насельніцтва перасылала шмат харчовых пасылак, пісем і паштовак, асабліва перад святамі. Быў загружаны тэлеграф. Пошту на коннай павозцы за некалькі рэйсаў за дзень адвозілі на чыгуначную станцыю Станіслаў Малецкі, Уладзімір Шульга ці Аляксей Грэцкі.
Тэлефоную сувязь паміж абанентамі ў раёне і міжгорадзе забяспечвалі тэлефаністкі. Каб укараніць новае абсталяванне, у 1977 годзе зацверджаны праект трохпавярховага будынка раённага вузла сувязі ў Міёрах, а ў снежні 1980-га адбылося наваселле. Амаль што паверх заняла АТС на 500 нумароў. Разгарнулася пракладка кабеляў па вуліцах, устаноўка кватэрных тэлефонаў у горадзе, тэлефанізацыя рушыла ў вёску. Гэтым займаўся галоўны інжынер Пётр Хілько. Клопатам Лідзіі Міхайлаўны стала ўзвядзенне і рамонт аддзяленняў сувязі, памяшканняў для АТС, эканоміка і кадры.

 
Паступова калектыў паштавікоў і сувязістаў павялічваўся, нават перабольшыў дзве сотні работнікаў, пераважна жанчын. Усе працавалі дружна, зладжана. А як інакш, калі, напрыклад, у разводдзе пошту перавозілі на калгасных конях, а па вёсках разносілі пешшу. Веласіпеды ў паштальёнаў з’явіліся значна пазней.

 
У раёне дзейнічала 29 сельскіх і два гарадскія аддзяленні сувязі. Аператарамі, паштальёнамі нярэдка станавіліся маладыя дзяўчаты. У наступным многія з іх заканчвалі спецыяльныя навучальныя ўстановы і заставаліся ў сістэме назаўсёды. Такі шлях прайшла намеснік начальніка Галіна Курыльчык, бухгалтары Міраслава Ермаловіч і Станіслава Якубоўская, эканаміст Тамара Сцепулёнак, інструктар па падпісцы Часлава Гарноўская.

 
Лідзія Міхайлаўна з удзячнасцю ўспамінае сумесную працу з начальнікам участка апрацоўкі пошты Данатай Арцімовіч, інструктарам па рознічным гандлі Вольгай Шук, начальнікам Міёрскага аддзялення сувязі Клеапатрай Мізер, электрамеханікам Казімірам Мізерам.
З адказнасцю кіравала аддзяленнем сувязі ў Мікалаёве Галіна Шараг, Павяцці – Ірына Сасноўская, Забалоцці – Эла Самуль, Ідолта – Наталля Гайлеш, Новым Пагосце – Маргарыта Фядотава, у Дзісне – Ніна Віткоўская.

 
Працяглы час кадрамі займалася Людміла Варанцова, яна адначасова ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю.
Калектыў Міёрскага РВС неаднаразова выходзіў пераможцам абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва. У 1996 годзе вялікую арганізацыю падзялілі на паштавікоў і электрасувязістаў. Пачаўся сучасны этап іх развіцця.

 

Яшчэ адзін штрых у гісторыі станаўлення Міёршчыны – лёс наступнай равесніцы раёна Ефрасінні Гарбачонак.

 
 Паходзіць са звычайнай сялянскай сям’і з вёскі Басяныя. Хадзіла за тры кіламетры ў Орцаўскую пачатковую школу. У Чэраскую сямігодку адольвала шлях удвая даўжэйшы. Асабістае жаданне і поклік часу прывялі ў Міёрскую СШ. Веды даваліся лёгка, асабліва па матэматыцы. Выкладалі таленавітыя педагогі, з якіх хацелася браць прыклад. Гэта паўплывала на будучыню. Пасля пэўнага перапынку прыняла прапанову вярнуцца ў школу ў якасці піянерважатай, выхавальніцы інтэрната. Студэнткай завочнага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педінстытута сама вяла ўрокі. Напачатку ў вячэрняй школе, потым у сельскай васьмігодцы. Выйшла замуж.

 
Такім чынам генеральная лінія ў працоўнай дзейнасці і сям’і вызначылася. Імкнення рухацца хапала, настойліва адольвала цяжкасці, здольнасці дапамагалі дабівацца поспеху. Гэтыя якасці станоўча ацэньвалі вучні, прыхо- дзіла прызнанне ў асяродку калег. Неўзабаве настаўніцу матэматыкі ў школе рабочай моладзі прызначылі завучам. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскіх справах. Так напрацоўваўся аўтарытэт, які прывёў на іншы ўчастак работы – старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі.

 
Той 16-гадовы перыяд сваёй дзейнасці Ефрасіння Васільеўна называе асабліва плённым. Накіроўвала дзейнасць камісій, падтрымлівала сувязь з актывам, арганізоўвала вывучэнне вопыту знакамітых калег, таго ж Шаталава, арганізоўвала паездкі і экскурсіі. Шмат увагі патрабавала спаборніцтва па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года. З усім спраўлялася, бо была падтрымка таленавітага кіраўніка, выдатнага чалавека і педагога Вячаслава Цітовіча – загадчыка РАНА. Вынік агульных намаганяў – пераходны Чырвоны сцяг рэспубліканскага галіновага прафсаюза за поспехі ў спаборніцтве па падрыхтоўцы школ Міёршчыны да 1980 – 1981 навучальнага года. Тады вопыт работы райкама абагульнялі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. На базе раёна праводзілі семінары прафсаюзнага актыву. Сама Ефрасіння Васільеўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам ВЦСПС СССР.

 
Аднак за дзень да новага навучальнага года ў 1984-ым ёй тэрмінова давялося займацца не грамадскімі, а практычнымі гаспадарчымі справамі – прызначылі дырэктарам Дворнасельскай СШ. Аказалася, што школа не поўнасцю гатова прыняць дзяцей. Давялося ў экстранным парадку мабілізоўваць педкалектыў і тэхработнікаў на выпраўленне недахопаў. крок за крокам справы наладжваліся. Настаўнік павінен весці да святла, – такім прынцыпам кіравалася Ефрасіння Васільеўна. Паступова згуртавала калектыў, а ў асяродку аднадумцаў і паплечнікаў заўсёды працуецца лёгка і вынік найлепшы. Цяпер з удзячнасцю называе тых, хто быў побач. Агульнымі намаганнямі аднавілі інтэр’ер, кабінеты, майстэрні, спартзалы і сталовую. Рэарганізоўвалі працоўнае навучанне, укаранілі бясплатнае харчаванне для ўсіх вучняў пры падтрымцы калгаса «Парыжская камуна». З’явіўся краязнаўчы куток. Адны з першых у раёне стварылі камп’ютарны клас.

 
Усё было падпарадкавана імкненню забяспечыць камфортныя ўмовы для педагогаў і вучняў. У дадатак да звычайных урокаў трывала прапісаліся ўрокі-семінары, лекцыі, тыдні адчыненых дзвярэй, конкурсы, святы і іншыя мерапрыемствы. Для ўрокаў матэматыкі Ефрасіння Васільеўна імкнулася знайсці «іскрынку», нешта асаблівае, каб захапіць вучняў. Загадзя абдумвала будову працэсу, нарэшце, рэалізацыю задумы. Яна не ўводзіла нейкія непахісныя агульныя правілы. Кожны павінен быў займацца тым, што у яго найлепш атрымлівалася і прыносіла аддачу. Такі падыход быў да вучняў і настаўнікаў.

 
Як вынік, у школу пачалі імкнуцца вучні з іншых рэгіёнаў. У творчай атмасферы выхоўваліся медалісты і пераможцы конкурсаў.
На базе Дворнасельскай СШ рэгулярна праводзілі пасяджэнні метадычных саветаў па розных прадметах, нават абласныя мерапрыемствы. А гэта ўжо прызнанне ўзроўню выкладання і арганізацыі навучання, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы і многага іншага. Асабістых заслуг кіраўніка – таксама. Ефрасіння Васільеўна мела вышэйшую катэгорыю настаўніцы матэматыкі, узнагароджана нагрудным знакам выдатніка народнай асветы як дырэктар.

 
– Было цікава працаваць, – прыгадвае той час Ефрасіння Васільеўна. І не надта любіць расказваць пра асабістыя цяжкасці, якія давялося адолець. Яна ж па гараскопе Шалі, для якіх асабліва характэрна ўраўнаважанасць.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з архіваў рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта