Авторизация
 

Непадалёку ад былой вёскі Мінаўты быў знайдены загадкавы камень з крыжам

 Прадпрымальнік з Мінска Яўген Ціцянкоў падчас палявання на качак у нашым раёне заўважыў у балацявіне непадалёку ад былой вёскі Мінаўты загадкавы камень з крыжам. Пра сваю знаходку паведаміў археолагу Марату Клімаву. Не маючы магчымасці самому даследаваць знаходку, той прапанаваў Яўгену Васільевічу звярнуцца да мяне.

 
Нераўнадушны да гісторыі чалавек спецыяльна прыехаў з Мінска, каб паказаць знаходку, якую адшукаць без правадніка няпроста. Праз зараснікі баршчэўніку, які запанаваў на тэрыторыі былой фермы, мы прабіліся да ўскрайку балота. Навігатар падказаў, што валун ляжыць метраў за 20 ад берага. Ён у шырыню 1,42 метра, у даўжыню 1,62. Вышыня каля метра, больш дакладна вызначыць яе немагчыма, бо большая частка каменя знаходзілася ў балотнай твані. Гэта быў рапаківі, прынесены ледавіком 18 – 20 тысяч гадоў таму, у нашай мясцовасці падобных шмат.

 

Зверху ён ад выветрывання шэры, але высечаны на ім крыж ружовага колеру. Значыць, доўга ляжаў на сонцы.
Крыж лацінскай формы 22 на 18 см, арыентаваны з усходу на захад. Паглыблены ў камені на сантыметр пры шырыні палос у 2 см.
Самае галоўнае для даследчыка – вызначыць прызначэнне каменя з выявай. На жаль, бліжэйшая вёска Мінаўты пустуе. Апошні жыхар з Рудакоў Вальдэмар Ластоўскі нічога не змог паведаміць пра загадкавы камень. Былыя жыхары Мінаўтаў Ганна і Іван Ластоўскія, якія пераехалі ў Ідолта, таксама аказаліся недасведчанымі.

 
Яшчэ адзін старажыл Мінаўтаў, які цяпер знаходзіцца ў Павяцці – Яраслаў Панізнік – распавёў, што старыя людзі яму ў дзяцінстве апавядалі аб існаванні ў гэтых мясцінах могілак. Але ж пахаванні не маглі быць у балоце. Засталося толькі выказваць меркаванні. Сапраўды, падобныя камяні з крыжамі або каменныя крыжы ў мінулым размяшчаліся на раннесярэднявечных могілках у супрацьвагу язычніцкім пахаванням. Напрыклад, захаваліся камяні-крыжы на былых могілках ля вёскі Авечкі, у Цвеціне, Ліпантах, ля царквы ў Лявонпалі і іншых месцах. Але для нашага выпадку гэтыя прыклады не падыходзяць.

 
Камень не маглі прыцягнуць з поля, бо ляжыць ён на значнай адлегласці ад берага, куды трактар не даедзе. Не мог камень з-за сваіх памераў і вагі прыкладна ў 400 кілаграмаў быць надмагільным. Магчыма, слушнай была б гіпотэза аб існаванні тут паганскага капішча, якія часта рабіліся ў маладаступных месцах, і камень мог быць ахвярнікам, бо паверхня яго дастаткова пляскатая. У часы хрысціянства падобныя валуны пазначалі крыжам, як, напрыклад, знакамітыя «Барысавы». Аб існаванні тут старажытных балотных паселішчаў сведчаць як назва былой вёскі Мінаўты, так і знаходкі «арганаўтамі» паблізу клінападобных сякер 1 тысячы гадоў да н. э.

 
Яшчэ адна гіпотэза пра тое, што, магчыма, у сярэднявеччы гэта быў межавы камень. У мінулым падобным чынам маглі пазначыць месца забойства чалавека. Пакуль паходжанне каменя з крыжам застаецца таямніцай.

 

Вітольд ЕРМАЛЁНАК.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта