Авторизация
 

Дарогі вайны змагароў з Дзісны

 Вялікая Айчынная для цяперашніх пакаленняў беларусаў, за выключэннем нямногіх доўгажыхароў, – гэта старыя здымкі бацькоў ці дзядоў у забытай вайсковай форме, помнікі на брацкіх магілах, абеліскі з прозвішчамі землякоў – абаронцаў Айчыны, экспанаты музейных экспазіцый, дакументальныя і мастацкія фільмы. І лічбы. Толькі на Міёршчыне зямля прыняла 5 549 ахвяр, а колькі нашых землякоў засталося на дарогах вайны ў чужых краях, не вярнулася з месцаў зняволення… За кожнай лічбай лёс чалавека, які ўжо ніколі не раскажа пра сябе.
Ружовы альбом «Дарогамі вайны» з музея горада Дзісны, аформлены Алай Майсяёнак, Вольгай Смаршчок і іх памочнікамі, дазваляе паглядзець на мінулае вачыма франтавікоў, партызан, тых, хто прайшоў сапраўднае пекла і выжыў.

 Пётр КРАСЬКО сустрэў вайну ў 22 гады. Сяржант, танкіст. Абараняў Маскву, ваяваў на Курскай дузе, дайшоў да Берліна. Узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», двума ордэнамі Чырвонай зоркі. У пасляваенны час – шафёр.


«Узнялі нас па трывозе. Думалі, што вучэбная. Выбеглі на вуліцу. А тут з кулямётаў па нас з самалёта. Адразу палеглі хлопцы, не дабеглі да танкаў.
Немец гнаў нас пад Маскву. Там мы як сталі, так і стаялі доўга ў абароне. А адтуль аж да Берліна гналі немцаў.
У баі быў паранены. Аскепак сядзеў пад лапаткай. Урачы прапанавалі легчы ў шпіталь, а я не хацеў адставаць ад сваёй часці. Мне казалі: «Глядзі, усё жыццё будзеш мучацца!» Але я тады не разлічваў на жыццё.
Давялося вылязаць з танка, які гарэў…»

 Аляксандра ЮР’ЕВІЧ вайну сустрэла медсястрой у Полацкім дзетдоме, ваявала зенітчыцай-дальнямершчыцай. Узнага- роджана медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда».


«У пачатку вайны мяне мабілізавалі на фронт, але эшалон у Ветрыне разбамбілі. Зноў вярнулася ў дзетдом. Сабралі 120 дзяцей трох – сямі гадоў з дачы ў Гаранах і пайшлі абочынамі на Вялікія Лукі, па дарозе рухаліся войскі. Даілі калгасных кароў і паілі малых. Самых маленькіх падбіралі ваенныя ў машыны.
Дабіраліся цэлы месяц. Ля Невеля толькі прайшлі мост, як яго сталі бамбіць.


У армію трапіла ў чэрвені 1942-га, наша зенітная батарэя была найлепшай у дывізіёне. На чатыры гарматы – адна дальнямершчыца, за чатыры секунды трэба было аддаць усе дадзеныя для стральбы. А камандзір яшчэ падганяў: «Шура, больш дакладна!» Аднаго разу збілі самалёт, на якім ляцеў генерал. Папрасіўся паглядзець, каму гэта ўдалося. Прывялі яго на батарэю, паглядзеў на мяне і адмацюкаўся: «У Англію лётаў, у Францыю лётаў, а сапля руская збіла!»


Напачатку заданне было падманваць немцаў – кожны раз страляць з новага месца. Таму за дзень даводзілася пераязджаць два – тры разы.Толькі выкапаем катлаван пад дальнямер, бруствер абкла- дзём дзярнінай для маскіроўкі, за зямлянку возьмемся, як гучыць каманда «Паехалі! Змена пазіцыі».


Тады я была маладая і ўпэўненая, што нашу зенітную батарэю не разаб’юць, а ў 1942 – 43 гадах нас бамбілі дзень і ноч. Страшна было, як ляцелі «Хенкелі», самалёты мы адрознівалі па гуку. Прыцэльны агонь пачыналі за восем кіламетраў. «Фоккевульфы», што неслі бомбы, натыкаючыся на зеніткі, удалечыні разварочваліся.


З 1942 па 1945 год не ведала, што такое дом. Спалі на яловых лапках у палатках ці зямлянках, летам і зімой не распранаючыся, і не хварэлі. На Ладазе былі моцныя марозы. Толькі заснеш ноччу, як каманда ўставаць: бегалі па лёдзе, каб сагрэцца.
Днём стралялі, ноччу снарады падносілі. Яны цяжкія, скрынку з чатырма зарадамі дзвюм дзяўчатам толькі ўзняць, а трэба бягом.
Волхаўскую электрастанцыю, якую мы ахоўвалі, немцы бамбілі без супыну.


Нейкі час з блакаднага горада вывозілі галодных людзей на параходзе, нас папярэджвалі, што хлеб і іншыя прадукты для іх смяротна небяспечныя. Калі вясной знялі блакаду, трапіла ў Ленінград. Там было жахліва: усё гарэла, на вуліцах мёртвыя ляжалі…»

 Іван ІГНАТОВІЧ у мірны час – супрацоўнік Дзісненскага ваенкамата, маёр. Вайну пачынаў пад Масквой камісарам коннай артылерыйскай гарматнай батарэі. Узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі.


«Пад Ржэвам 5 кастрычніка 1941 года цяжка паранены і кантужаны. Перад аперацыяй выпіў паўлітра гарэлкі і не адчуў ап’янення. Адзін з аскепкаў заставаўся ў назе да 1996 года.
Неяк падтрымлівалі пяхоту. Толькі разгарнулі гарматы, як ударыў немец з мінамёта. Але адкуль? Аказалася, з хлява праз дзірку ў страсе. Як выявілі цэль, далі арыенціры сваім мінамётчыкам.


У чэрвені – ліпені 1942-га гналі немцаў ад Масквы да Ржэва, не даючы магчымасці праціўніку замацавацца. Кухня не паспявала, пяць сутак ваявалі галоднымі. Раней не ўяўляў, што можна спаць на хаду. А тут на маршы спаў.
За Ржэў ваяваў з 1941-га, а вызвалілі горад толькі 5 сакавіка 1943-га. Немцы яго трымалі для наступлення на Маскву.


Страшна было потым на Курскай дузе (сакавік 1943-га). Сіл адбіваць ворага не хапала. Мы занялі абарону на беразе невялікай рачулкі. На нас ішоў немец на танках. Я дадумаўся парашутамі прыкрыць гарматы, каб на снезе стаць незаўважнымі. Затрымка ў пошуках брода дорага абышлася для гітлераўцаў: мы падбілі два танкі».

 Генадзь ДЗЯМЕШКА пасля вайны служыў у міліцыі, а ваяваў у пяхоце старшыной, камандзірам узвода 78-й стралковай дывізіі 2-га Украінскага фронту.


«Пад Карасценем у сакавіку 1944-га я ледзь не загінуў. Наш узвод размяшчаўся паблізу пражэктара зенітчыкаў, які асвятляў для абстрэлу нямецкія самалёты ноччу. Абслугоўвалі яго дзве дзяўчыны. Аднойчы яны выявілі ў начным небе варожы самалёт, а потым яго згубілі. Круцяць пражэктар, ды дарэмна. І тут чую свіст – ляціць бомба! Падхапіў зенітчыц і адпіхнуў іх далей на зямлю. Адразу выбух, пражэктара няма. Дзяўчаты ў плач. Я ім: самі ратуйцеся, пражэктар другі будзе! І пабег у акоп з лёдам на дне. У халоднай вадзе, закіданы зямлёй перачакаў налёт. Раніцай налічыў вакол схованкі 16 варонак ад бомб».

 Аляксей НЕСОН пайшоў на фронт добраахвотнікам у 19 гадоў. Абараняў Невель, Смаленск, Сталінград. Быў снайперам, разведчыкам. Сустрэў Перамогу лейтэнантам, камандзірам стралковай роты за 180 км на паўночны захад ад Берліна. Узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Потым працаваў настаўнікам фізкультуры і ваенруком у Дзісне. Што найбольш запомнілася?


Марш на Сталінград. За дзевяць сутак войскі прайшлі пешшу 600 км ад горада Пугачова. Салдаты не звярталі ўвагі на стомленасць. Калі хто сядзе ці ляжа, сам устаць ужо не мог – дапамагалі.
Не лягчэйшым быў далейшы шлях да Растова-на-Доне па калмыцкіх стэпах. Нямецкія танкі загналі нашу пяхоту зімой у саляны кар’ер. Там ад голаду і холаду байцы страчвалі прытомнасць. Аляксей Піліпавіч таксама ачуняў толькі ў шпіталі з абмарожанымі нагамі. Пагражала ампутацыя. 

Віктар СЯДЛОЎСКІ – ураджэнец Дзісны. На фронт трапіў у 1944 годзе, праехаў вадзіцелем мінамётнага разліку Польшчу і Чэхаславакію.


«7 мая ўваходзілі ў чэхаславацкі горад Мараўская Астрава. Сустракалі нас з аркестрам. Ноч на 9 мая спалі ў машынах, нас разбудзіла вестка пра перамогу. Дзень быў прыгожы, нядзельны. Пачаліся танцы, пляскі. А 10-га – адбой танцам, курс на Прагу. Там засталіся чатыры дывізіі ворага: немцы, уласаўцы, СД. І мы ўступілі ў бой, у якім палёг амаль увесь наш полк…


Вярталіся з фронту пешшу, палкі ішлі адзін за другім. Да вайны ў кожным налічвалася да 4 тысяч салдат, цяпер у некаторых заставалася толькі па некалькі байцоў. Але калі яны ішлі са сцягам – полк працягваў існаваць!»

 Пётр АНДРЫЕЎСКІ быў партызанам. На фронт трапіў пасля ваеннага вучылішча, быў артылерыстам, лётчыкам. Узнагароджаны медалямі. У мірны час працаваў радыётэхнікам.


«Мяне збілі 22 студзеня 1944 года, пралётаў усяго тры месяцы. Ішло наступленне, мы бамбілі Кёнігсберг. Я скінуў усе бомбы і пайшоў на новы круг, як наляцеў нямецкі знішчальнік, ударыў з кулямётаў. Мой самалёт загарэўся, вакол мяне полымя. Не дацягнуў да свайго аэрадрома, сеў на возера, брухам праехаў па лёдзе. Радыст-стралок загінуў яшчэ ў паветры, а я адразу пасля прызямлення страціў прытомнасць. Мяне паспелі выцягнуць з кабіны, як самалёт узарваўся…»

 Яўстафій КАШЫРА, ураджэнец вёскі Забалацце Туркоўскага сельсавета. Мабілізаваны ў 1944 годзе. На фронце – пехацінец, разведчык. Сяржант, камандзір аддзялення. Пасля вайны бухгалтар калгаса.


«Пад Рыгай аддзяленне атрымала загад узяць «языка». Падпаўзлі да нямецкіх акопаў. Напачатку пашчасціла, але потым немцы нас выявілі. Стаў біць мінамёт.


Мы ўцякалі па лагчыне і хмызняках, адст- рэльваліся, каб даць магчымасць сваім дацягнуць «языка». Раптам мяне нешта ўдарыла па галаве, страціў прытомнасць і ачуняў толькі ноччу. Навокал цемень і страляніна. Папоўз да сваіх па полі. Калі пачало віднець, схаваўся пад снапы аўса. Чуў, як непадалёку рыхтаваліся адступаць немцы.


Мяне выявіла наша часць, аднак у спешцы наступлення не падабрала: дабірайся ў тыл сам. Папоўз, узняцца не мог. Ледзь пералез праз дарогу з высокім насыпам. Там напаткаў санітараў…
Нашы разведчыкі тады дацягнулі «языка», а жонцы напісалі: «Бачылі Кашыру, ляжаў паранены, прасіў, каб дабілі».


Так, я баяўся трапіць у палон. Палонных тады лічылі здраднікамі. Апошні патрон трэба было трымаць для сябе. А хто тыя патроны ў баі лічыў?
Каля года мяне лячылі ў азербайджанскім Кіравабадзе, медалём «За адвагу» ўзнагародзілі менавіта за той бой».

Канстанцін КРЫЎКО, ураджэнец вёскі Маназыль.


«У партызаны я пайшоў добраахвотна і са сваім карабінам. Трапіў у атрад брыгады імя Калініна. Быў падрыўніком, парушаў сувязь, мініраваў дарогі, пускаў пад адхон эшалоны.


На фронце стаў зараджаючым 76-міліметровай гарматы. Увесь час на перадавой, страляў па нямецкіх танках. У акружэнне трапіў у самім Берліне. Але потым цвіком распісаўся на сцяне рэйхстага».

 Хрыстафор КАРОЎЧАНКА сустрэў вайну малодшым камандзірам на савецка-фінскай граніцы.


«22 чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты сталі бамбіць заставу, на наступны дзень пяхота пайшла на нас лавінай, страляючы з аўтаматаў і кулямётаў. Мы занялі абарону, потым атрымалі загад адступаць.


Сабралася нас чалавек 40, куды ні паімкнёмся – усюды немцы. Патронаў і мін не было, кулямёты і мінамёты пахавалі. Выбіраліся з акружэння па адным – чатыры чалавекі пад самым носам у ворага. Калі вечарам узляталі ракеты, залягалі ў мох, хмызнякі. Елі толькі ягады. Выйсці давялося не ўсім. Хто трапіў у канцы чэрвеня да сваіх, аказаўся ў Даліне смерці – нізіне сярод сопак за 60 км ад Мурманска. Тут з нас сфарміравалі 95-ы полк, які трымаў абарону на Чорнай вышыні. Стаялі насмерць, бо ззаду быў Мурманск – незамярзальны порт, праз які дастаўлялі зброю, тэхніку і прадукты. Як у 1942-ім немцы прарвалі абарону – кінуліся ў контратаку. Пад абстрэлам быў паранены. З гарачкі не бачыў нічога, па руках і нагах цякла кроў, а да медсанбата тры кіламетры. Санітары перавязалі мяне і пад рукі вывелі.


Тут, ля Чорнай вышыні, мяне прынялі ў рады КПСС.
Пад Гдыняй трапілі ў акружэнне. Выратавала нас «Кацюша».
На рэйхстаг наступаў праз Брандэнбургскія вароты. Удзельнічаў у пошуку Гітлера, хаця і безвынікова.
Пасля перамогі начальнікам эшалона суправаджаў дэмабілізаваных. Гэта таксама было небяспечна: немцы кідалі ў вокны вагонаў бутэлькі, гранаты».

 Пётр СЯРГЕЕНКА – удзельнік народнага апалчэння ў Смаленску, на фронце ў войсках інжынернай разведкі старшым сяржантам, памочнікам камандзіра ўзвода прайшоў Беларусь і Польшчу, закончыў вайну на Эльбе. Узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнамі Чырвонай Зоркі і двума – Айчыннай вайны. Пасля вайны працаваў старшынёй калгаса, дырэктарам васьмігадовай школы і школы-інтэрната, настаўнікам у Дзісне.


«У народнае апалчэнне прызывалі тых, хто па ўзросце ці стане здароўя не належаў прызыву ў армію.Там на гэтыя абмежаванні не звярталі ўвагу. Потым апалчэнне злілося з партызанскім рухам, нехта трапіў у армію.


Інжынерная разведка дзейнічала малымі групамі і ішла наперадзе асноўных войск. Выяўляла і ліквідоўвала інжынерныя ўмацаванні праціўніка пад агнём непрыяцеля, з баямі, днём. Асабліва цяжка было на Нёмане, Нарве. Ля Гданьска ў пачатку сакавіка 1945-га давялося ўзрываць дот – нібы звычайны дом на вуліцы прыгарада, але з умацаванымі бетонам сценамі. Іх снарад прабіць не мог. Ноччу на заданне накіравалася шэсць чалавек, мы ўзялі з сабой восем кілаграмаў толу. Вярнулася трое.


Ноччу ў красавіку 1945-га у час разводдзя мы перапраўлялі на надзіманых лодках стралковы полк праз Одэр, калі рака ўяўляла сабой сапраўднае мора. Потым пайшлі на Гамбург. З цёмным размясціліся на начлег, а раніцай здзівіліся: нас ніхто не будзіў. Аказалася, ноччу нямецкае камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі».

Сяргей і Валянціна СЯМЕНЧАНКА, былыя партызаны брыгады Кароткіна.


«Усе партызаны былі маладыя, ішлі ў лес, бо не хацелі працаваць на немцаў. 1 красавіка 1944 года для нас пачалася карная экспедыцыя. Немцы хацелі ачысціць раён перад наступленнем Савецкай Арміі. З баямі брыгада адступала. Перайшлі чыгунку Полацк – Маладзечна. У Дзісненскім раёне занялі вёскі Фядосава, Ліпна, Васілёнкі. Затым вымушаны былі скіравацца ў лясы, на балота са Смаленскай брыгадай, часткай брыгады Уткіна. Заставацца ў блакадзе не было сэнсу. Пайшлі на прарыў, напе- радзе штурмавая група – больш за 400 чалавек. Немцы не чакалі што мы так хутка рванём».

  Яўстафій МЯТЛА, ураджэнец вёскі Дворышча Туркоўскага сельсавета. Напачатку сувязны, потым партызан.


«У 1944 годзе наш атрад стаяў у Прудах, калі немцы з усіх бакоў пачалі наступленне. Адступалі з баямі. Трымалі абарону цэлыя суткі ў Паплавах за Сіцьковам. Але што зробіш супраць мінамётаў, гармат! Прарваліся на Каз’яны, тады мяне і параніла.
У час наступлення Чырвонай Арміі хадзілі ўзрываць чыгунку паміж Глыбокім і Варапаевам.
Пасля вызвалення мяне накіравалі працаваць у пажарную часць у згарэлую Дзісну».


***
У кнізе «Памяць» названа 185 жыхароў Дзісны, што вярнуліся пераможцамі. Кожны ўнёс уклад у агульную Перамогу».

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва музея горада Дзісны.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 343
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 563
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 87 221
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 510
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 136
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 574
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 703
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 июля 2020
Арсений

Именины 14 июля 2020
Алексей, Аркадий, Василий, Иван, Константин, Кузьма, Лев, Павел, Петр, Тихон, Ангелина

Госці краін

free counters
Партнеры сайта