У люстэрку гісторыі
gazeta 16-09-2011, 14:26 3 651 Гісторыя краю
Настаўнік гісторыі СШ №3 В. А. Ермалёнак да кожнага фестывалю нацыянальных культур рыхтуе выставы матэрыялаў гістарычных дакументаў. Ён выйшаў з сям’і, якая мела польскія, беларускія і латышскія карані. Польскія названы першымі не выпадкова, бо бацькі адносіліся да каталіцкай канфесіі. Вось таму і падбор экспанатаў у значнай ступені паланісцкі. Чаму?
— Пасля доўгага перыяду знаходжання ў складзе Расійскай імперыі Заходняя Беларусь амаль на 20 гадоў увайшла ў склад Рэчы Паспалітай, але які вялікі пласт культуры таго часу захаваўся да нашых дзён, — адзначае Вітольд Антонавіч. — За апошнія тры гады ў наш школьны музей кнігі і друку трапіла больш паўтысячы кніг, часопісаў, іншых перыядычных выданняў. І абсалютная большасць з іх — на польскай мове.
— А што Вы прапануеце да ўвагі сёлетнім удзельнікам фестывалю?
— Гэта будуць новыя знаходкі. Напрыклад, старадаўняе люстэрка з бронзавым атачэннем у стылі барока. Па легендзе, яно належыла Эміліі Плятэр. Напомню, што яна была камандзірам атрада інсургентаў, якой Адам Міцкевіч прысвяціў знакаміты верш “Смерць палкоўніка”. Яе называлі беларускай Жаннай Д’арк, яна стала адным з прататыпаў галоўнай гераіні знакамітага фільма “Гусарская балада”.
Дык вось, люстэрка трапіла ў музей з Лужкоў, дзе знаходзіўся маёнтак Плятэраў. Вядома, што сюды наведвалася Эмілія ў госці да родных, у тутэйшых мясцінах збірала мясцовы фальклор.
Цікавасць выклічуць узнагароды мясцовых жыхароў, якія служылі ў Войску Польскім у час другой Сусветнай вайны.
А вось польская геаграфічная карта, выдадзеная ў 1928 годзе, са школы ў Круках, дзе адзіным настаўнікам быў вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння Флор Данатавіч Манцэвіч. Яна наглядна дэманструе, як імкліва мяняліся дзяржаўныя граніцы ў Еўропе.
Адабраў дакументы аб пацвярджэнні шляхецтва родам Наркевічаў з Дзісенскага павета 2 стагоддзі таму, атэстат Друйскай гімназіі 30-х гадоў.
Пра кнігі, часопісы і газеты я ўжо гаварыў. І хто адмовіцца пагартаць падшыўку “Газеты Варшаўскай” за 1900 год?
З’явіліся новыя нумары выдання Дзісенскай гімназіі “Наш голас”, усяго іх у мяне сем. Цяпер я сам заняўся выпускам штомесячніка “Міёрская даўніна” і асабліва наглядна зразумеў, якія патрэбны намаганні, каб забяспечыць такі высокі ўзровень часопіса. А ён жа займаў трэцяе месца сярод падобных выданняў ва ўсёй Польшчы! Дарэчы, з бібліятэкі гэтай гімназіі захавалася нямала кніг.
Пэўны раздзел будзе прысвечаны польскай нумізматыцы.
Некалькі гадоў таму раённая газета апавядала пра знаходку здымкаў у былым будынку гасцініцы ў Міёрах. І за польскім часам ён выкарыстоўваўся ў якасці гатэля. У няпросты перыяд у ім аказаўся польскі афіцэр-пагранічнік, які схаваў у патаемным месцы стос фотаздымкаў. Мне ўдалося высветліць імя гэтага чалавека — Эдвард Пянькоўскі. Ён нарадзіўся ў 1902 годзе ў Лодзі, у 20-х гадах ваяваў супраць Савецкай Расіі. А таму не выпадкова, што жыццёвы шлях паручніка закончыўся ў лагеры ля Цвяры. У яго застаўся сын, які нарадзіўся ў Браславе ў 1930 годзе, але больш падрабязна пра Э. Пянькоўскага раскажу крыху пазней.
Пэўную цікавасць для сучаснікаў уяўляе рэкламная прадукцыя 20-30-х гадоў. Тое ж можна сказаць і пра ўсе зборы матэрыяльнай культуры польскага часу, якіх багата набралася ў экспазіцыі і запасніках нашых школьных музеяў. Інтарэс да экспанатаў праяўляюць нават сучасныя польскія даследчыкі. Так, гэтым летам 10 дзён працавалі ў музеі і ў мяне дома, дзе захоўваецца спадчына бацькоў, студэнтка факультэта архівістыкі ўніверсітэта ў Торуні Катажына Пранеўская пры падтрымцы цёці, доктара з Варшавы Зоф’і Пранеўскай-Важыньскай. Напомню, што род Пранеўскіх меў радавое гняздо ў Павянужцы.
Пра ўсе экспанаты расказваць не буду, ды гэта і немагчыма, тым больш, што канчатковы іх падбор будзе закончаны літаральна ў апошнія дні перад фестывалем.
— Шчыры дзякуй за гутарку.
На здымку: В. А. Ермалёнак з самым цікавым экспанатам сваёй выставы.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.