Авторизация
 

Былы старшыня Міёрскага райвыканкама Уладзімір Скавародка - пра час і акалічнасці, якія вымушалі стаць кіраўніком

 Уладзімір СКАВАРОДКА ля руля раёна быў двойчы: са жніўня 1988-га па сакавік 1990-га і з мая 1996-га па снежань 2004-га. Сцвярджае, што кар’еру рабіць не імкнуўся, сярод іншых прадстаўнікоў кадравага рэзерву на кіраўнічыя пасады яго вылучалі час і абставіны.

Хаця як паглядзець: былі здольнасці і задаткі, каб узнімацца па прыступках жыццёвай лесвіцы. Працоўны шлях пачынаў памочнікам камбайнера, два гады самастойна вёў жніво ў калгасе «Шлях да камунізму», які ўзначальваў бацька. Ад яго – вопытнага кіраўніка – пераняў уменне трымаць слова, быць адказным, разбірацца ў людзях і працаваць з імі, паважаць селяніна-земляроба. Пасля тэхнікума стаў брыгадзірам, практыцы абыходжання з зямлёй і вырошчвання ўраджаю вучыўся ў вопытнага калегі Васіля Таболы. Гэта дазволіла спраўляцца з вытворчым участкам, што займаў усе ўгоддзі былога калгаса імя Заслонава з цэнтрам у Акунёве. Аграхімікам асвойваў майстэрства барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, рацыянальнага выкарыстання тукаў. Таму заканамерна заняў пасаду галоўнага агранома ўзбуйненай гаспадаркі. З пэўным багажом тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў у пачатку 80-х яго вылучылі старшынёй калгаса «1-е Мая».


– З рук папярэдніка Валерыя Якаўлева атрымаў працаздольны калектыў. Таму трэба было праца- ваць перш за ўсё на канчатковы вынік. Многае атрымлівалася, яшчэ больш патрабавалася. Асноўныя ўгоддзі, майстэрні, машынны двор і цэнтральная сядзіба калгаса размяшчаліся ля вялікай дарогі, па якой амаль што- дзённа праязджаў нехта з раёна ці вобласці. Такі кантроль патрабаваў асаблівага клопату пра парадак на палях і ля вытворчых будынкаў, будаўніцтва жылля і сацыяльных аб’ектаў.
На вытворчасці было на каго абаперціся. Найлепшым аператарам машыннага даення ў раёне прызналі даярку Надзею Швед, дасягала сутачных прываг цялят у 700 грамаў і больш даглядчыца Тамара Сіцька, выдатна працавалі камбайнеры Пётр Ляўковіч, Міхаіл Урублеўскі, Антон Капуста, Леанід Мікуцкі. Шмат увагі даводзілася надаваць культуры земляробства, кормавытворчасці, стварэнню культурных пашаў.


Не ў апошнюю чаргу дзякуючы стабільным паказчыкам гаспадарання ў канцы 1986-га быў прызначаны першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам раённага аграпрамысловага аб’яднання, праз два гады – старшынёй раённага выканаўчага камітэта. У той час Міёршчына актыўна развівалася, пераважна за кош экстэнсіўных метадаў, але павялічвалася вытворчасць і рэалізацыя сельгаспрадукцыі, пашыраўся будаўнічы фронт, штогод дзясяткі кіламетраў дарог набывалі цвёрдае пакрыццё.


З зусім іншай сітуацыяй давялося сутыкнуцца, калі вярнуўся на пасаду старшыні райвыканкама ў 1996-м. Незалежная дзяржава толькі вызначала шляхі стабілізацыі, не хапала рэсурсаў. Таму гаспадаркі скарачалі сельгасугоддзі, асабліва складана складвалася сітуацыя з кармамі для статка, адпаведна памяншалася пагалоўе, падалі надоі і прывагі. Не хапала сродкаў на будаўніцтва і добраўпарадкаванне. Раслі цэны. Але і ў той час было агульнае імкненне захаваць і развіваць народную і асабістую гаспадарку. Ужо ў 1999-м прамысловасць забяспечыла прыбаўку ў 8,8 % пры рэнтабельнасці ў 10,2 %. За год пабудаваны 122 кватэры, насельніцтва прыватызавала 278. Але ўзвядзенне 65 дамоў не паспелі закончыць у тэрмін. Пачаўся засушлівы перыяд, калі рэзка паменшыліся намалоты зерня і запасы кармоў, пагалоўе БРЖ, прадукцыйнасць статка. Пазней пачаліся вялікія пажары на балотах і ў лясах.
Пералом адбываўся паступова. У 2001-м раён захаваў аб’ёмы вытворчасці і справіўся з сельгасработамі. На 2002-гі прагназавалася агульнае павелічэнне прадукцыі на 7 %, у сельскай гаспадарцы – на 5 %. Асноўнымі мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця было павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва (рост зарплаты ў бюджэтнай сферы планавалі ў 1,6 раза да эквівалентнай 110 доларам ЗША). Прадугледжваліся рэфармаванне шэрагу гаспадарак, ільготныя крэдыты на набыццё сельгастэхнікі. Перад будаўнікамі стаяла задача зай- мацца каналізацыяй, увесці першую чаргу рэканструкцыі свінакомплексу калгаса «Гігант», закончыць набярэжную ў Міёрах, здаць 9-кватэрны дом і пачаць узвядзенне 32-кватэрнага ў райцэнтры, весці жыллёвае будаўніцтва ў шэрагу гаспадарак, што потым было забяспечана.


2003-ці прайшоў пад знакам навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў на фоне адставання ў вытворчасці прамысловай прадукцыі. Пагоршыў вынікі мясакамбінат, якому не хапала сыравіны. Ільнозавод меў дастаткова трасты, ды яго стрымлівала ўстарэлае абсталяванне. З прыбыткам працавалі лясгас, хлеба- і камбікормавы заводы. Сельская гаспадарка забяспечвала аб’ёмныя паказчыкі, хаця не парадаваў ураджай збожжавых. Была выканана праграма жыллёвага будаўніцтва. Пачалося ўкараненне сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва, падрыхтоўка да ажыццяўлення дзяржаўнай праграмы ўзнаўлення вёскі. У практыку кіраўніцтва раёна ўвайшлі прамыя лініі.
На 2004-ы планавалі рост валавой прадукцыі ў 10 – 11 %.


Час быў няпросты, цяжкасцей – шмат. З удзячнасцю прыгадваю падтрымку, якую атрымліваў ад намеснікаў Віктара Паляка, Багдана Шыманскага, Раісы Шульга, Ігара Швяца, Генадзя Маняка. Сярод кіраўнікоў дадаткова адзначу ў сельскай гаспадарцы Марыю Сцяпанаву, Васіля Шастакова, Віктара Сташкевіча, Анатоля Матэленка, Анатоля Бялько і Пятра Кандрашова, Пятра Капусцёнка на хлебазаводзе, Івана Дземідовіча ў райсельгастэхніцы.
Многае атрымлівалася, бо была каманда аднадумцаў.


Далейшая дэпутацкая дзейнасць таксама непарыўна звязана з Міёршчынай. Клопатам пра льготныя крэдыты на ўзвядзенне аграгарадкоў, пакупку новай тэхнікі. Былі намаганні па развіцці сотавай сувязі, заканчэнні будаўніцтва ЦРБ і першых кроках на будучым металапракатным заводзе.
У душы я застаўся аграрыем, вельмі хацеў бы ўбачыць новыя гарызонты развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі, абнаўлення вёскі.

Фота з архіва рэдакцыі.

Запісаў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 368
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 953
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 414
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 539
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 352
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 591
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 723
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 7 августа 2020
Александр, Макар, Николай, Анна, Ираида

Именины 6 августа 2020
Анатолий, Борис, Глеб, Давид, Иван, Иларион, Николай, Роман, Кристина, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта