Авторизация
 

Любоў да зямлі і гаспадарскую жылку Уладзімір Маркевіч пераняў ад бацькі. Гэта перадаў у спадчыну дзецям і ўнукам

 Праз вёску Лыска, што ў Завуццеўскім сельсавеце, да хутара Уладзіміра Маркевіча на легкавой машыне не дае- дзеш – не пускае глыбокі яр. Збочваю міма населенага пункта, і зноў упіраюся ў тую ж непераадольную лагчыну. З кіламетр давялося ісці пешшу па ненаезджанай палявой дарозе праз засеянае азімінай поле міма бяроз. Перада мной вялікая хата са шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі. Паўсюль сельскагаспадарчая тэхніка. На падворку заняты сваімі справамі куры пад наглядам пеўня, чарада індыкоў. Насустрач кідаецца міралюбівая вялізная аўчарка, імкнецца пацалаваць у твар незнаёмца.

Пераадольваў раннезімовую слоту, каб сустрэцца з былым брыгадзірам, затым начальнікам участка колішняга калгаса «Сцяг Перамогі», ардэнаносцам і ветэранам працы .
Ён цяпер клапоціцца пра гаспадарку і дом. Хвароба падкасіла жонку – яна пасля інсульту пад наглядам дачкі ў Завуцці. І Уладзімір Пятровіч не адзін: штодзень наведваецца сын, часта бывае ўнук.


Уладзімір Маркевіч нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Усце, што непадалёку. Бацька быў незадаволены, што атрымае ў спадчыну толькі тры гектары зямлі. Перабраўся за Празарокі і там купіў 72 га, з іх 15 ворыва, астатняе – лес. Стаць моцным гаспадаром не паспеў з-за імклівых перамен. Калі ў вайну пачаўся партызанскі рух, у хаце два гады размяшчаліся байцы атрада імя Суворава. Яны зрушылі з месца, калі ранняй вясной 1944-га пачалася вялікая блакада партызанскай зоны. Разам з імі пайшоў і 13-гадовы Уладзімір. Зброю яму яшчэ не давяралі. Дапамагаў на кухні, але і там зведаў страшэнны голад. Толькі на другі раз партызанскія злучэнні з вялікімі стратамі змаглі прабіцца праз чыгунку і выйсці з акружэння. Затрымаліся на балоце Жада. Адсюль бацька, які быў партызанскім сувязным і добра ведаў мясцовасць, скіраваўся на разведку магчымага бяспечнага маршрута ў напрамку Каз’ян, і знік. А камісар атрада прапанаваў падлетку перачакаць грозны час у родных, што заставаліся ў гэтых мясцінах. Навучыў, як сябе паводзіць, калі напаткае немцаў ці паліцаяў.


Бяда абмінула Уладзіміра. Неўзабаве сюды прыйшла маці з меншымі дзецьмі, бо хату карнікі спалілі. Ужо пасля вайны разам з дзядзем-франтавіком перавезлі на гэты хутар дом з Падзвіння. Тут займаўся сельскай гаспадаркай, адсюль пайшоў служыць у армію. Быў наводчыкам 120-міліметровага мінамёта на коннай цязе на Сахаліне. Прыгадвае, як нарыхтоўвалі для тых коней сена на зіму, лавілі рыбу ў час нерасту, нават палявалі на мядзведзя. Вярнуўся яфрэйтарам.


Сталая калгасная праца пачалася для Уладзіміра Маркевіча ў 1954 годзе паляводам. Неўзабаве ажаніўся – яго спадарожніцай па жыцці стала ўчотчыца Вольга з недалёкіх Чарапоў. У 1964 прызначылі брыгадзірам 4-й брыгады, якая ахоплівала абшары ля Малькавіч і Шатравак, што таксама непадалёку. На гэтай пасадзе найбольш ярка праявілася сялянская закваска, уменне працаваць на зямлі. За высокія ўраджаі ўжо ў наступным годзе быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Сцвярджае, што на палях брыгады намалочвалі па 41 цэнтнеры зерня з гектара, накопвалі па 200 ц бульбы, радзіў лён-даўгунец. Назваў максімальныя паказчыкі, а на раённую Дошку гонару па выніках 1970-га занесены з намалотам зерневых у 29 ц/га, ураджаем бульбы 184 ц/га. І з кармамі тут умелі працаваць: калектыў выходзіў пераможцай раённага спаборніцтва па назапашванні сенажу. Як вынік, вясной 1970-га заахвочаны ленінскім медалём «За доблесную працу…»


Быў бяззменным членам праўлення калгаса, уступіў у партыю і нават абіраўся кандыдатам у члены РК КПБ. Калі ў 1971-м брыгады ўзбуйнілі, стаў начальнікам вытворчага ўчастка, у якім толькі ворыва мелася 1 300 гектараў, цэлы калгас. Старанных працаўнікоў таксама было нямала, да гэтага часу ўдзячны за самааддачу механізатарам Паўлу Гусаку, Івану Вялю, Васілю Вароне. Самому было з каго браць прыклад. Старшыні ў калгасе мяняліся часта, але добрымі гаспадарнікамі запомніліся найперш Міхаіл Казельскі, Анатоль Мятла, Раман Шабуцкі.


 Зорным годам для Уладзіміра Пятровіча стаў 1971-ы. У красавіку ўзнагароджаны ордэнам Леніна, пасля жніва ездзіў у Маскву на ВДНГ, адтуль прывёз бронзавы медаль «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР», які суправаджалі грашовая прэмія, падаруначныя гадзіннік і шалік. Потым атрымаў яшчэ сярэбраны медаль і тры бронзавыя. Навагоднім падарункам напярэдадні 1977-га стаў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.


Уладзімір Пятровіч узначальваў вытворчы ўчастак калгаса «Сцяг Перамогі» да 1988 года, потым да выхаду на пенсію даглядаў быкоў-кормнікаў на ферме. Як з’явілася магчымасць, узяў у арэнду тры гектары зямлі. Потым яго сын Уладзімір пашырыў гэтыя ўгоддзі да 18 га. Араў і вырошчваў на іх авечак. Унук Алег займаецца зерневымі і бульбай ужо на 48 га. Для гэтага абзавяліся патрэбнай тэхнікай, маюць тры МТЗ, збожжа- і кормаўборачны камбайны, землеапрацоўчыя прылады, нават экскаватар.


Уладзімір Пятровіч запэўніваў, што яшчэ летась дапамагаў сыну і ўнуку ва ўсіх справах. Сёлета ўжо пакінуў за сабой толькі свіней у хлеўчуку, каля двух дзясяткаў індыкоў і столькі ж курэй. Былі яшчэ качкі. Ганарыцца, што гаспадарская жылка ўласціва нашчадкам, а мае ветэран чатырох унукаў і трох праўнукаў.
… Пры развітанні з заслужаным хутаранінам даведаўся, што да яго хаты ёсць нядрэнны даезд з асфальту.

Фотаматэрыял аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 368
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 951
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 410
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 539
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 352
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 591
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 723
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 7 августа 2020
Александр, Макар, Николай, Анна, Ираида

Именины 6 августа 2020
Анатолий, Борис, Глеб, Давид, Иван, Иларион, Николай, Роман, Кристина, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта